Мэта — служэнне Айчыне і хрысціянству


30 лістапада 2006 года ў пастаўскім храме Свяціцеля Мікалая Цудатворца ўпершыню адбылося прыняцце “Казацкага слова”. З гэтай падзеі пачалася гісторыя Пастаўскага казацкага аддзела, які напачатку свайго стварэння аб’ядноўваў усяго… двух жыхароў райцэнтра — Юрыя Васільевіча Грынчанку і Аляксандра Мікалаевіча Зазуліна. Сёння ў ім налічваецца 21 чалавек ва ўзросце ад 17 да 61 года.

У пастаўскіх казакоў шырокі спектр грамадскіх абавязкаў. Адзін з галоўных — патрульна-паставая служба ў горадзе і раёне, на якую яны заступаюць у якасці добраахвотных дружыннікаў. За ўвесь перыяд іх цеснага супрацоўніцтва з праваахоўнікамі раённага аддзела ўнутраных спраў выяўлена больш за 300 адміністрацыйных правапарушэнняў.

На працягу двух апошніх гадоў пастаўская дружына РГА “Беларускае казацтва” прызнавалася лепшай добраахвотнай дружынай у раёне. За ўмелыя і граматныя дзеянні, актыўны ўдзел у ахове грамадскага парадку яе актывісты неаднойчы заахвочваліся кіраўніцтвам раёна і раённага аддзела ўнутраных спраў.

— Гэта, безумоўна, прыемна, але мы працуем не дзеля прызнання, а па клічы сэрца, — падкрэсліў старшыня Пастаўскага казацкага аддзела Аляксандр Мікалаевіч Зазулін. — Наша мэта — служэнне Айчыне і хрысціянству. Мы перакананы, што рабіць дабро куды прыемней, чым яго атрымліваць. І кожны з нас, не чакаючы ўдзячнасці, стараецца сваімі справамі быць карысным гораду і грамадству. Паасобку гэта зрабіць няпроста, а вось у зладжанай камандзе аднадумцаў — іншая справа. Наогул, ідэя братэрства і ў нашым аддзеле, і ў рэспубліканскім аб’яднанні “Беларускае казацтва” ў цэлым з’яўляецца ключавой. І ў радасці, і ў горы мы заўсёды побач са сваімі таварышамі. А яны ўсе годныя, неабыякавыя да сацыяльных праблем людзі.

Акрамя аховы правапарадку, актывісты казацкага руху аказваюць шэфскую дапамогу cярэдняй школе № 3: сістэматычна чытаюць лекцыі па гісторыі казацтва, надаюць увагу тэмам маральнага, патрыятычнага выхавання вучняў. Нала­джана сувязь з сацыяльна-педагагічным цэнтрам Пастаўскага раёна. Сумесна з інспекцыяй па справах непаўналетніх РАУС і сацыяльнымі работнікамі цэнтра казакі праводзяць рэйды па нядобранадзейных сем’ях, не застаюцца ў баку ад дабрачынных мерапрыемстваў. Сёлета, як і ў папярэднія гады, будуць ­удзельнічаць у пераднавагодняй дабрачыннай акцыі “Нашы дзе­ці”.

Цесная ўзаемасувязь у пастаўскіх казакоў з мясцовай царквой Свяціцеля Мікалая Цудатворца. Каб атрымаць благаславенне ад настаяцеля храма протаіерэя Валерыя Пашкевіча, кадэты вывучаюць Слова Божае ў нядзельнай праваслаўнай школе. Тут жа, на тэрыторыі царквы, штогод праходзіць урачыстае прыняцце “Казацкага слова”. Як навічкі, так і іх старэйшыя таварышы кож­ны год падтрымліваюць грамадскі парадак на прыхрамавай тэрыторыі падчас правядзення абраду асвячэння вады.

І гэта далёка не ўвесь пералік спраў пастаўскіх актывістаў.

— Казацкі аддзел варты пахвалы па многіх пазіцыях, — адзначыў намеснік старшыні райвыканкама Юрый Мікалаевіч Кісялёў. — Важкі ўклад яго і ў выхаванні маладых людзей у духу гуманізму і патрыятызму, далучэнні іх да хрысціянскіх традыцый. Нельга не адзначыць актыўны ўдзел пастаўскіх казакоў у грамадскім жыцці раёна, шматлікіх культурна-масавых мерапрыемствах. Характэрна, што іх колькасць у Паставах з кожным годам  расце. Гэта адбываецца ў многім дзякуючы кіраўніку аддзела Аляксандру Мікалаевічу Зазуліну, які з’яўляецца прыкладам для маладзейшых рабят. Ён прафесіянал у сваёй справе, умее зацікавіць і захапіць, і гэта адкрывае перад Пастаўскім казацкім аддзелам новыя перспектывы.

Іна СНЯЖКОВА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.