“Мы выбралі Беларусь”


У Беларусь яны ехалі са свайго роднага Луганска па папярэдняй дамоўленасці. Паабяцаныя кватэра ў пасёлку, праца і неблагая зарплата крыху змякчалі сум развітання з Радзімай. А апынуліся… у голым полі. Выйшаўшы на прыпынку з дарожнымі сумкамі і малым сонным дзіцем на руках, нямала разгу­біліся — іх не толькі ніхто не сустракаў, але і пасёлка не бачылася…

А справа ў тым, што Уладзімір і Кацярына Валуевічы накіроўваліся ў пасёлак Ліпнікі Брэсцкай вобласці, а прыехалі… на Віцебшчыну — папрасілі на аўтавакзале ў Мінску білеты, не ўдакладніўшы, дзе той пасёлак, і атрымалі іх да Ліпнікаў, што ў  нашым раёне.

Вось такі зігзаг няўдачы. А можа, наадварот? Бо з першых крокаў па пастаўскай зямлі ім сустракаліся добрыя, спагадныя людзі. Веласіпедыст, што праязджаў міма прыпынку, давёў Уладзіміра да трактарыста, які працаваў у полі. Той пазваніў па сотавым. І неўзабаве да засмучаных падарожнікаў пад’ехаў на машыне дырэктар мясцовага сельгаспрадпрыемства Юрый Ягоравіч Борыс. І не пакінуў іх у бядзе.

Гаспадарцы патрабаваўся энергетык. Гэту пасаду і прапанаваў дырэктар Уладзіміру, які мае адпаведную адукацыю і да ад’езду працаваў у энергетычнай галіне ў Луганску. Кацярына пакуль не працаўладкавана, але яна мае ажно тры спецыяльнасці — цырульніка, прадаўца, эканаміста. Да таго ж і сыночак ужо ходзіць у дзіцячы садок. Вырашылася пытанне з жыллём — гаспадарка прадаставіла прасторны, з газавым ацяпленнем асабняк у Юньках, чаму навасёлы не могуць нарадавацца.

— А якія ў вас сардэчныя людзі! — захапляюцца Кацярына і Уладзімір. — Колькі нам дапамаглі! Халадзільнік, ложак, стол, адзенне, гара цацак для Макара, садавіна, агародніна — чым толькі з намі ні дзяліліся. Мы нават не ўсіх ведаем па імёнах, але бясконца ўдзячны кожнаму. Шмат дапамаглі з тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Заўсёды адчуваем увагу кіраўніка гаспадаркі Юрыя Ягоравіча, спецыялістаў, суседзяў.

Зараз перасяленцы па меры сваіх сціплых фінансавых магчымасцей робяць у кватэры касметычны рамонт. Яны прыехалі ў Беларусь не часова, каб толькі перачакаць ліхалецце на роднай зямлі, а на пастаянна.

— Безумоўна, ваенныя падзеі ў Луганску падштурхнулі нас да пераезду, але задумваліся мы пра гэта і раней, — дзеляцца Уладзімір і Кацярына Валуевічы. — Чыталі і чулі шмат добрага пра Беларусь, і яна вабіла да сябе. Цяпер усё ўбачылі на свае вочы. Людзі, дарогі, парадак, дзіцячы садок, раённая паліклініка — усё нас уражвае. Украіна не ідзе ні ў якое параўнанне з Беларуссю. Мы рады, што трапілі сюды, а за родных, хто застаўся ў Луганску, вельмі трывожна. Дарэчы, на днях збіраюцца пераехаць сюды і мой малодшы брат з мамай.

Я наведалася да Уладзіміра і Кацярыны Валуевічаў незадоўга да Новага года і на развітанне спытала, якім будзе іх першы навагодні тост на беларускай зямлі.

— За спакой у нашым родным Луганску, за тое, каб усе нашы родныя былі жывыя і здаровыя, за ўсіх добрых людзей, хто дапамог нам тут, і абавязкова за Прэзідэнта Беларусі. Выдатны кіраўнік, цудоўная краіна.

Як не пагадзіцца з гэтымі словамі маладых украінцаў, якія ў мірны час перажылі на роднай зямлі жахі вайны, а на беларускай знайшлі мір, спакой і ўпэўненасць у будучым.

Фаіна КАСАТКІНА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.