На Каляды — у Ліпнікі


На жаль, гэтай зімой прататып беларускага Дзеда Мароза Зюзя Паазерскі прымаць гасцей у сваёй казачнай сядзібе ў Азёрках не будзе. Па шэрагу прычын вядомы міфалагічны персанаж пакінуў яе і наўрад ці вернецца назад. Дык куды цяпер можна будзе паехаць пастаўчанам і турыстам на навагоднія і калядныя святы, каб цікава і весела правесці выхадныя дні, тым больш што іх сёлета шмат? Чым наогул будуць забаўляць пад Новы год жыхароў раёна работнікі культуры? Вось што расказала дырэктар Цэнтра культуры і народнай творчасці Ксенія ГРЭСЬКА:

— Ужо некалькі гадоў Цэнтр культуры і народнай творчасці плённа супрацоўнічае з аграся­дзібай “Ліпнікі” Тэрэсы Зыгфрыдаўны Лысёнак. Прычым супрацоўнічае круглы год, наш праект так і называецца — “Кола года ў Ліпніках”. Праводзім там Масленіцу, Юр’е, іншыя народныя святы. Рыхтуем праграму і на сёлетнія Каляды. Спадзяёмся, яна спадабаецца гледачам. Раскрываць усіх сакрэтаў не буду, скажу толькі, што ў праграму ўваходзіць анімацыйная экскурсія па сядзібе, якую праводзіць Зіма. Падчас экскурсіі вы пабываеце ў гасцях у Бабы Ягі, Лазніка, іншых казачных персанажаў, зможаце пакаштаваць вады з чароўнага калодзежа. Для ўсіх жадаючых Снягурка паварожыць на тое, што іх чакае ў новым годзе. Будуць таксама гарачыя пачастункі — чай на зёлках і смачныя аладкі з мёдам або варэннем ад гаспадыні сядзібы Тэрэсы Лысёнак, забаўляльная калядная праграма з карагодамі і гульнямі, іншыя сюрпрызы.

Сядзіба чакае гасцей аж да старога Новага года, таму наведаць яе могуць не толькі гара­джане, але і вяскоўцы. Мы прымаем як групавыя, так і індывідуальныя заяўкі. Для гэтага тэлефануйце па нумарах: 4-21-59, 7190302 (МТС). Па іх жа можна ўдакладніць кошт уваходнага білета. Абавязкова прыязджайце і цікава адпачніце ў кампаніі Дзеда Мароза, Снягуркі і іншых казачных персанажаў!

25 снежня мы запросім усіх жадаючых на вялікі калядны канцэрт “Як Зіма Раство сустракае”. Гэта цікавае тэатралізаванае прадстаўленне пройдзе ў Канцэртнай зале па вуліцы Чырвонаармейскай у Паставах. Пра час яго правядзення паведамім дадаткова, у тым ліку праз раённую газету. Таксама, як і мінулай зімой, у перыяд з 25 снежня па 7 сту­дзеня будуць хадзіць па дамах з навагоднімі віншаваннямі Дзед Мароз і Снягурка. Выклікаць іх можна па ўказаных вышэй тэлефонах. Паслуга платная, каштуе 100 тысяч рублёў. За гэтыя грошы ваша дзіця атрымае порцыю задавальнення працягам 20-30 хвілін. Для арганізацый прапануем выязныя ранішнікі.

Алена ШАПАВАЛАВА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.