12 снежня ў Палацы культуры Мінскага трактарнага завода адбыўся канцэрт лаўрэатаў Міжнароднага фестывалю народнай музыкі “Звіняць цымбалы і гармонік”, арганізаваны ініцыятарам правядзення і ідэйным натхняльнікам музычнага форуму Тадэвушам Іванавічам Стружэцкім. У рамках канцэрта пастаянны ўдзельнік фестывалю — фальклорны ансамбль “Паазер’е” — у другі раз пацвердзіў званне “Заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь”, якога быў удастоены ў 2003 годзе.
Разам з “Паазер’ем” у сталіцу адправіліся намеснік старшыні райвыканкама Ю. М. Кісялёў, намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі І. Ф. Лойка, дырэктар Дома рамёстваў “Стары млын” Т. М. Петух, кіраўнік народнага клуба “Майстры” А. Л. Касенка, дырэктар раённага краязнаўчага музея Р. Л. Курачэнка і навуковы супрацоўнік А. В. Казлоўская. “Млыноўцы” павезлі з сабой выставу народнай творчасці пастаўскага краю, а музейныя работнікі падрыхтавалі выставу пра фестываль, прадставіўшы фотаздымкі, афішы, праграмы і буклеты музычнага свята розных гадоў. Экспазіцыі размясціліся ў фае Палаца культуры. Там жа гасцей сустракалі і ўдзельнікі ансамбля “Паазер’е”. На працягу амаль гадзіны яны гралі запальныя полькі, вальсы, кракавякі, падахвоціўшы многіх пусціцца ў скокі.
Але галоўная дзея разгарнулася пазней у глядзельнай зале. Спачатку перад гледачамі — а іх сабралася поўная зала пры тым, што канцэрт быў платны — з афіцыйным словам выступіў нязменны старшыня журы фестывалю М. А. Казінец. Потым слова ўзялі Т. І. Стружэцкі і Ю. М. Кісялёў, якія расказалі прысутным пра наш фестываль. Таксама быў прадэманстраваны відэафільм пра яго і прадстаўлены члены журы, якія штогод працуюць на музычным форуме. Апошнія выступілі ў ролі членаў атэстацыйнай камісіі для “Паазер’я”, якому прадаставілі права пачаць канцэртную праграму. Яе ўдзельнікамі сталі такія вядомыя ў рэспубліцы калектывы, як “Крупіцкія музыкі”, “Гуды”, “Мінскі гармонік”, “Дударыкі”, “Пастараль”, ансамбль салістаў Беларускага дзяржаўнага аркестра імя І. Жыновіча, салісты — лаўрэаты Міжнароднага фестывалю “Звіняць цымбалы і гармонік” Барыс Харэвіч, Міхаіл Слізкі, Міхаіл Папруга, Міхаіл Сіняк, Уладзіслаў Плігаўка, а таксама таленавітыя пастаўскія цымбалісткі — вучаніца дзіцячай школы мастацтваў імя А. Тызенгаўза Лізавета Глазава і навучэнка гімназіі-каледжа пры Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі Аляксандра Барысюк.
Завяршалі трохгадзінны канцэрт зноў “паазерцы”. Пасля трох сольных нумароў пад бурныя апладысменты гледачоў разам з ансамблем салістаў аркестра імя І. Жыновіча яны выканалі “Груздаўскую вясельную”. За актыўны ўдзел у канцэрце і папулярызацыю традыцый фестывалю наш калектыў атрымаў памятны дыплом за подпісам М. А. Казінца і Т. І. Стружэцкага.
Алена ШАПАВАЛАВА.
Быў на канцэрце. Выдатна! Залу і сцэну яднаў агульны запал і высокая душэўная энергія беларускай культуры.Прыемнае ўражанне таксама ад выстаўленых экспанатаў у фае.
Рейтинг комментария:
0
0