Пакінуў добры след


Заканчваецца 2014 год. Якім ён быў для кожнага з нас? Што яркае і незабыўнае пакінуў? Важнымі падзеямі ў асабістым жыцці пастаўчан пацікавілася карэспандэнт “Пастаўскага краю” Анна Анішкевіч.

Вальс Мендэльсона

Едучы 1 студзеня 2008 года з сябрамі ў Камайскі сельскі Дом культуры на дыскатэку, пастаўчанін Міша Скрыдлеўскі нават не думаў, што там сустрэне сваю другую пала­вінку. Знаёмства з Насцяй перарасло ў моцнае каханне. Яно прайшло выпрабаванні часам і падзеямі. Абое вучыліся, потым Міша праходзіў тэрміновую службу, а Насця яго чакала. І вось сёлета, 4 кастрычніка, для іх прагучаў вальс Мендэльсона, перад Божым алтаром у пастаўскім касцёле яны паабяцалі адно аднаму вернасць у шчасці і няшчасці, у здароўі і хваробе, а таксама любіць і шанаваць ва ўсе дні свайго жыцця.

Закончыліся ўрачыстасці, і пачаліся будні. Але ў Насці і Мішы яны не шэрыя, а цёплыя і сонечныя, бо сагрэты ўзаемнасцю, адзінствам поглядаў, дабрынёй і, канешне ж, каханнем.

Пашырыў дзейнасць

Андрэй Лысёнак даўно марыў займацца сваёй справай. Ведаў, што гэта няпроста: васьмігадзінным рабочым днём не абмяжуешся, стабільнага акладу штомесяц не атрымаеш. Рызыка немалая.  Тым не  менш смела ўзяўся за ажыццяўленне мары. Некалькі гадоў працаваў як індывідуальны прадпрымаль­нік — займаўся нарыхтоўкай драў­ніны. А сёлета расшырыў сваю дзейнасць. Восенню на аўкцыёне выкупіў будынак былой казармы ў Касцянях. Зараз займаецца яго рамонтам, а ў адным з пакояў размясціў пілараму. Яго невялічкае прадпрыемства называецца “Паставыдрэў”. Тут працуюць сем чалавек, якія займаюцца распілоўкай драўніны. Планаў у маладога чалавека шмат. Таму хочацца пажадаць, каб яны збыліся.

  Так захапляльна пабачыць свет

Пастаўчанка Люцыя Іванаўна Васілеўская ў дваццатых чыслах месяца вярнулася з пілі­грымкі ў Польшчу, Баварыю і Чэхію. Перадкалядная Еўропа вель­мі спадабалася. У Вроцлаве любавалася гарадской ратушай,  касцёламі Найсвяцейшай Дзевы Марыі, Святой Альжбеты.  Затым быў Мюнхен. На галоўнай плошчы — Марыенпляцы — устаноўлена прыгожая фігура Дзевы Марыі; архітэктурныя ансамблі старога горада гарманічна спалучаюцца з прыроднай прыгажосцю і сучаснымі пабудовамі. Захапілі Альпы і палацы, пабудаваныя каралём Людвікам II. Вацлаўская плошча Прагі, прыгожы найстарэйшы Карлаў мост, касцёл Святога Віта — гэта далёка няпоўны пералік тых славутасцей, якія давялося пабачыць за пяць дзён.

У 2013-ым наведала Рым, Венецыю. На плошчы Пятра ў Ватыкане атрымала бласлаўленне Папы Рымскага Францішка. Незабыўныя ўражанні засталіся ад наведвання Мальты — краіны, якую нярэдка называюць цацачнай.

Сёлетнім летам ез­дзіла ў французскі  Люрд — адзін з найбольш наведваемых турыстамі гарадоў не толькі Францыі, але і Еўропы. Кёльн, Парыж, Ніца, Падуя — маршрут чэрвеньскай пілігрымкі.

— Пілігрымка адроз­ніваецца ад звычайнай экскурсіі тым, што падчас яе найперш узбагачаешся духоўна, пазнаеш ласку Божую — гаварыла Л. І. Васілеўская. — А ўжо затым знаёмішся з гісторыяй, культурай іншых краін, любуешся архітэктурнымі помнікамі.

Люцыя Іванаўна — пенсіянерка. Пенсію атрымлівае сярэднюю, таму яшчэ працуе прадаўцом на рынку “Гарызонт”. Пакрыху адкладвае грошы і ўрэшце можа дазволіць сабе пабачыць свет. Гэта так захапляльна!

І сыночак нарадзіўся

Галоўны інжынер ДЭУ-33 Алег Крукоўскі быў, як кажуць, на сёмым небе ад шчасця: 5 лістапада яго жонка Рая нарадзіла сыночка. Гэта трэцяе дзіцятка ў маладой сям’і. Дачушкам Юлі і Марыі 11 і 4 годзікі адпаведна. Старэйшая — маміна памочніца, вучыцца быць самастойнай малодшая. А найбольш увагі цяпер — Кірылу. Пераступіўшы парог кватэры, усе спяшаюцца да яго.

Крукоўскія пажані­лі­ся, калі Алег вучыўся на трэцім курсе інстытута, на пятым нарадзілася Юля. Па размеркаванні трапілі ў Віцебск (самі родам са Шклова і Наваполацка). Потым Алега накіравалі ў Паставы. Пачынаў майстрам ДЭУ-33, «дарос» да галоўнага інжынера. Рая ехала ў Паставы без асаблівага жадання. Але кіраўніцтва абласнога ўпраўлення дарожнага будаўніцтва выдзеліла маладой сям’і крэдыт на пакупку кватэры. Пакрыху сталі абжывацца. Нарадзілася Марыйка. А з часам і Паставы сталі амаль роднымі. Раіса да дэкрэтнага водпуску працавала ў прадстаўніцтве Белдзяржстраху па Пастаўскім раёне, завочана закончыла Полацкі дзяржуніверсітэт.

У сям’і пануюць лад і згода, узаемаразуменне. А мацуюць усё гэта каханне і цудоўныя дзеткі.

Новы год у новай кватэры

У Луцыі і Валерыя Пупкевічаў сям’я не зусім звычайная, а мнагадзетная і прыёмная. Калі старэйшаму, Косцю, было 13, сярэдняй дачушцы, Анжаліцы, — 10, а малодшаму, Ягору, — 6, Пупкевічы вырашылі стаць прыёмнымі бацькамі. Так паступіць прапанавалі настаўнікі Ясеўскай школы. Доўга абдумвалі гэты адказны крок і ўрэшце ўзялі з прытулку чацвёртакласніцу Яну і трэцякласніка Віталіка.  Жылі ў той час у Вярэньках, працавалі ў адкрытым акцыянерным таварыстве “Вярэнькі-агра”. А нядаўна сям’я дзякуючы льготнаму крэдыту пабудавала трохпакаёвую добраўпарадкаваную кватэру па вуліцы Юбілейнай у Паставах. Летам засялі­ліся. За гэты час паспелі абжыцца і на Новы год запрасілі гасцей.

Адыходзячы год прынёс нямала добрага: Валерый уладкаваўся на льнозавод, Луцыя — у цэнтральны ўніверсам. Дзеці вучацца: Косця набывае спецыяльнасць тэхніка-электрыка ў Вілейскім прафкаледжы, Анжаліка — повара-агародніка ў пастаўскім, малодшыя вучацца ў СШ № 2.

— Да гарадскога жыцця прывыкаем, — расказвалі. — У вёсцы трымалі дзвюх кароў, дзевяць свіней, безліч курэй, качак. Кожны меў свой занятак. Тут больш вольнага часу. Стараемся праводзіць яго з карысцю. Дзецям не хапае вясковай прасторы і ранейшых сяброў, але пакрыху абзаводзяцца новымі. Галоўнае, што ладзяць паміж сабой, малодшыя з нецярпеннем чакаюць выхадных, калі прыязджае Косцік. Вырашаць праблемы імкнёмся самастойна. Дзяцей вучым спагадзе і чуласці, рабіць добрыя ўчынкі. Усе чакаем Новага года і верым, што ён прынясе мір і дабрабыт.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.