Перамаглі міліцыянеры

Образование

У сярэдзіне снежня ў СШ №2 адбыўся сяброўскі турнір па шашках. У ім прынялі ўдзел 15 школьнікаў і тры прадстаўнікі праваахоўных органаў. Вынік сустрэчы — 28:10 на карысць міліцыянераў.

Турнір па шашках — гэта адно з мерапрыемстваў спартыўнага марафона «Дружба», у якім штогод прымаюць удзел пастаўскія праваахоўнікі, навучэнцы і настаўнікі СШ №2. У гэтым навучальным годзе ў яго рамках запланаваны спаборніцтвы ў пяці відах спорту: шашках, валейболе, футболе, дартсе і стральбе. Раней прахо­дзіла яшчэ і лыжная эстафета, але апошнім часам яе правядзенню не спрыяюць умовы надвор’я.

На базе СШ №2 працуюць два гурткі, у якіх школьнікі могуць займацца гульнёй у шашкі. У малодшых класах заняткі вя­дзе настаўнік пачатковых класаў Наталля Мікалаеўна Сіманька, у старэйшых — настаўнік гісторыі Іван Паўлавіч Троцкі. Гэтыя два педагогі і займаліся падборам удзельнікаў і арганізацыяй турніру па шашках.

— Такія сустрэчы карысныя для абодвух бакоў: работнікі міліцыі могуць паспрабаваць свае сілы ў гульні, якой у паўсядзённым жыцці не займаюцца, а для навучэнцаў — гэта бясцэнны вопыт гульні з сапернікам зусім іншага ўзроўню, усведамленне таго, што ў шашках галоўнае не ўзрост іграка, а тактычна верныя хады, лагічнае мысленне, — дзяліўся назіраннямі аб ходзе турніру І. П. Троцкі. — Сустрэча насіла трэніровачны характар, паколькі з нашага боку не было прадстаўлена ігракоў высокага ўзроўню. Супраць супрацоўнікаў РАУС гулялі старша­класнікі, якія прымалі ўдзел у абласных і раённых спаборніцтвах, і навучэнцы пачатковых класаў, якія, відавочна, не маглі скласці годную канкурэнцыю праваахоўнікам.

Сярод школьнікаў лепш за ўсіх у гульні сябе праявілі Міхаіл Пракаповіч, Вікторыя Татарчук, Герман Чалей, Максім Шчыт, Андрэй Собаль, Яўгенія Дзянісава.

Гонар міліцыі ў турніры па шашках адстойвалі намеснік начальніка РАУС па ідэалагічнай рабоце і кадравым забеспячэнні Вячаслаў Людвігавіч Врублеўскі, старшы інспектар па ўлікова-рэгістрацыйнай рабоце групы інфармацыйнага забеспячэння Верані­ка Аляксандраўна Савельева і спецыяліст першай катэгорыі інспекцыі па справах непаўналетніх Ірына Алегаўна Сарычава. Таксама на баку права­ахоўнікаў гуляў сын В. А. Савельевай — перша­класнік Марцін. Гульня так захапіла хлопчыка, што пасля турніру ён запісаўся ў школьны гурток па шашках. А міліцыянеры паабяцалі правесці ў гэтым навучальным годзе яшчэ адно спаборніцтва са школьнікамі.

Вераніка ФІЛАНОВІЧ.

Фота Наталлі СІМАНЬКА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.