Шляхецкі баль (+фота)

Культура

У той суботні вечар Дунілавіцкі сельскі Дом культуры сваім унутраным убранствам і творчай атмасферай нагадваў старадаўні будынак. У ім  сабраліся гледачы і ўдзельнікі конкурснай маладзёжнай праграмы “Шляхецкі баль”, якую падрыхтавалі супрацоўнікі Цэнтра культуры і народнай творчасці раёна.

Юнакі і дзяўчаты, а таксама “шляхцічы” старэйшага ўзросту, ­адзетыя ў вячэрнія касцюмы, на некалькі гадзін ператварыліся ў дам і кавалераў, вялі свецкія размовы і паводзілі сябе так, як патрабуе вытанчаны этыкет. Фае СДК стала літаратурнай гасцёўняй. Прыглушаная музыка, запаленыя свечкі на нізкіх століках, пяро і чарнільніца, атрыбуты свецкай варажбы — усе гэтыя і іншыя элементы афармлення ў гістарычным стылі стваралі атмасферу загадкавасці і незвычайнасці. У такой абстаноўцы і прагучаў цудоўны раманс “Агонь уначы запалі” ў выкананні Кацярыны Турла, які паклаў пачатак паэтычнай частцы балю.

Аляксей Латыш з Варапаева, Наталля Шарынская з Дунілавіч, Лізавета Паташова з Камай, Інга Собалева з Парыжа вельмі душэўна прачыталі вершы Максіма Багдановіча “Зорка Венера”, Петруся Броўкі — “Пахне чабор”, Яўгеніі Янішчыц — “Ты пакліч мяне, пазаві” і іншыя творы вядомых  беларускіх паэтаў, прысвечаныя трапяткому каханню, цудоўнай юнацкай пары.

Пасля такіх кранальных прызнанняў адбылося далейшае знаёмства ўдзельнікаў літаратурнай імпрэзы. Падчас гульняў, конкурсаў, віктарын яны праявілі свае паэтычныя таленты і пазнанні ў розных жыццёвых  сферах.

Затым знаўцы беларускай гісторыі, вядомых айчынных родаў і этыкету ўдзельнічалі ў творчых прадстаўленнях, якія разгортваліся на сцэне Дома культуры. Гаспадары балю шчыра віталі “шляхту” з Варапаева, “дам” і “кавалераў” з Парыжа і Гуты, “знатных” гасцей з Камайшчыны і Лынтупшчыны, “шляхцічаў” з Юнек, Андрон і Кураполля, моладзь з Ляхаўшчыны, Ваўкоў і Дунілавіч. Кожная каманда, выкарыстоўваючы самыя разнастайныя матэрыялы і формы,  прадставіла свае творчыя візіткі. За кароткі адрэзак часу ім удалося расказаць і паказаць многае з таго, чым былі знакамітыя нашы мясціны ў мінулых стагоддзях.  Гэта палацава-сядзібна-паркавыя ансамблі ў Норыцы, Крыкалах, Ясневічах, Лынтупах, Варапаеве і іншых мясцінах Пастаўшчыны. Прагучалі расказы і легенды пра дзейнасць  магнатаў Друцкіх-Любецкіх, Сулістроўскіх,  Пшаздзецкага, Бушынскага, Бішэўскага і іншых прадстаўнікоў старажытных родаў.

Пазнавальнымі былі і адказы на пытанні, якія закраналі ў цэлым гісторыю шляхты Беларусі, найбольш знатных яе прадстаўнікоў. Не менш цікавай атрымалася размова пра этыкет, культуру шляхетных паводзін. А якія цудоўныя, узнёслыя рамансы прагучалі са сцэны Дома культуры ў той суботні вечар!

Завяршылася свята  балем. У танцавальнай зале прысутнічалі толькі “дамы” і “кавалеры”, убраныя ў  бальныя сукенкі і строгія мужчынскія касцюмы. Прайшоўшы напярэдадні  шэраг выпрабаванняў, яны трапілі ў свет музыкі і танцаў. Адно за адным змяняліся мазурка, паланэз, кадрыля, вальс, гучалі расказы пра гісторыю танцаў. Кожны праход дамы і кавалеры выконвалі з захапленнем, адначасова вучыліся майстэрству новых рухаў, актыўна ўдзельнічалі ў бальных гульнях. І столькі радасці атрымлівалі!

Усіх удзельнікаў адзначыла намеснік загадчыка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама І. Ф. Лойка, а камандам былі ўручаны яшчэ і салодкія прызы.

no images were found

 

Тэкст і фота Пятра КУРЫЛОВІЧА.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.