След Першай сусветнай


Першая сусветная вайна пакінула адметны след у жыцці маёй роднай вёскі Міхнічы, у тым ліку і нашай сям’і. Дзед Фелікс Спірыдовіч вярнуўся інвалідам, а яго брат Міхаіл загінуў на фронце. Калі лінія фронту пачала набліжацца, у Міхнічы сталі прыязджаць прадстаўнікі ўлады. Стварылі камісіі, якія ацэньвалі маёмасць сялян. Абяцалі, што за яе страту ад ваенных дзеянняў будуць нейкія грашовыя выплаты. Пра­дзед радаваўся, казаў, што расейцы не дадуць нас у крыўду. Тыя, хто меў залатыя манеты, пачалі мяняць іх на папяровыя купюры, бо чамусьці рашылі, што золата прападзе. Зразумела, што з гэтага атрымалася — потым яшчэ доўга дзеці гулялі з царскімі купюрамі.

На нейкі час вёскі Савічы, Міхнічы занялі немцы, але хутка адступілі. Лінія фронту надоўга ўстанавілася ўздоўж Мядзелкі і шэрага азёр. Памятаю, што вёскі Рубеж, Фалевічы, Барадзіно старэйшыя жыхары доўгі час называлі “зафронтам”. Падчас артылерыйскага абстрэлу ў Міхнічах згарэла некалькі хат. Палі перакапалі траншэямі. Некалькі акопаў было на паўднёвым ускрайку вёскі. У дзяцінстве мы гулялі ў іх. А праз балоцісты лес праходзіць дарога, якую мясцовыя завуць “капанка”. Яе насыпалі рускія салдаты, быццам бы хацелі пракласці чыгунку. Такую ж дарогу праз балота я бачыла каля вёскі Шыль­кі ў Ваўкалацкім сельсавеце, калі ездзіла туды ў журавіны. Там яе завуць “пакат”. Мясцовы жыхар расказваў, што яе насыпалі ў Першую сусветную вайну і таксама планавалі пракласці чыгунку.

Міхнічы каля трох гадоў былі прыфрантавой вёскай. У ёй кватаравала шмат салдат, нават быў штаб палка. У хатах размяшчалі параненых, якіх даглядалі мясцовыя жанчыны. Нягледзячы на ваенныя дзеянні, жыхары спачатку займаліся сваімі звыклымі справамі: аралі, сеялі, касілі, але потым зразумелі, што з гэтага не будзе карысці, бо коні і ваенная тэхніка тапталі пасевы, усё нішчылася.

Жыхароў вёскі ўзяло на ўтрыманне рускае войска. На зямлі ніхто ўжо нічога не рабіў, коней забралі для арміі. Людзі сталаваліся ад салдацкай кухні. Памятаю ўспаміны старэйшых жыхароў вёскі пра смачную салдацкую кашу.

Сярод ваенных было шмат азіятаў, якіх мясцовыя называлі кіргізамі. Яны капалі траншэі, рамантавалі дарогі, займаліся іншымі будаўнічымі работамі. У кожнага гаспадара Міхніч агароды доўгі час былі абнесены калючым дротам, таму што яго пасля вайны засталося шмат.

На гэтым здымку — салдаты расійскай арміі. На заднім плане бачны вугал палаткі. Яна стаяла каля сядзібы Спірыдовічаў, і ў ёй знаходзілася салдацкая сталовая. У Спірыдовічаў быў добры калодзеж, таму там і размясцілі салдацкую кухню. Вясковыя дзеці ўвесь час там “ашываліся” з надзеяй, што іх накормяць.

І на гэтым здымку бачна некалькі дзяцей. Яны з вялікай беднай сям’і Спірыдовічаў. Адной з гэтых дзяўчынак рускі салдат даў фотаздымак на памяць.

У свой час многа пра што магла распытаць пра Першую сусветную вайну ў свайго дзеда і іншых вяскоўцаў. А цяпер ужо позна. Гэта толькі маленькая частачка з тых аповедаў, якія засталіся ў маёй памяці.

С. ЯКАВІЦКАЯ, г. Паставы. 



1 комментарий по теме “След Першай сусветнай

  1. Дзякуй, вельмi цiкавыя успаміны.

    Рейтинг комментария:Vote +10Vote -10

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.