Служаць закону, праўдзе, справядлівасці


Загадчыца юрыдычнай кансультацыі Ядвіга Эдмундаўна Наге-Дуксценіеце і адвакат Ілзэ Наге-Дуксценіеце.

Нярэдка ў жыцці здараюцца сітуацыі, граматнае рашэнне якіх магчымае толькі з дапамогай юрыста. Вельмі няпроста, напрыклад, правільна скласці іскавую заяву, хадайніцтва, аформіць прэтэнзію або скаргу, абараніць свае інтарэсы ў судзе. У нашым раёне такія паслугі аказвае юрыдычная кансультацыя, якая размешчана ў адміністрацыйным будынку жыллёва-эксплуатацыйнага ўпраўлення па вуліцы Ленінскай. Неаднаразова даводзілася чуць пра высокі прафесіяналізм яе загадчыцы Ядвігі Эдмундаўны Наге-Дуксценіеце. З ёй наша сённяшняя размова.

— Як сталі юрыстам?

— Выпадкова. Пасля заканчэння Лукашоўскай сярэдняй школы паехала паступаць у Вільнюскі дзяржаўны ўніверсітэт на гістарычны факультэт. Як аказалася, у той год рускамоўнай групы на гістарычны факультэт не набіралі. І я падала дакументы на юрыдычны. Па размеркаванні трапіла ў следчы аддзел Ліепайскага гарадскога аддзела ўнутраных спраў (Латвія). Там выйшла замуж (адсюль і латышскае прозвішча), нарадзіла дачку.

— Урэшце вярнуліся на ра­дзіму?

— У Паставах я з 1986 года. Працавала юрысконсультам на прадпрыемствах і ў арганізацыях горада. У 1994-ым былы загадчык юрыдычнай кансультацыі Іосіф Маісеевіч Гофман запрасіў сюды.

— З якімі пытаннямі людзі найчасцей звяртаюцца да адваката?

— З самымі рознымі. Але найчасцей наконт падзелу спадчыны, куплі-продажу, абмену, дарэння, шлюбна-сямейнага заканадаўства. Прыходзіцца складаць іскавыя заявы, пісаць скаргі, афармляць іншыя дакументы прававога характару. Акрамя таго, даём кансультацыі і тлумачэнні, прадстаўляем інтарэсы кліентаў у судзе, дзяржаўных органах і іншых арганізацыях, прымаем удзел у дасудовай  вытворчасці і судзе па крымінальных справах у якасці абаронцы, а таксама прадстаўніка пацярпелых, грамадзянскіх істцоў, удзельнічаем у адміністрацыйных працэсах, аказваем іншыя віды юрыдычных паслуг.

— Што самае галоўнае ў вашай прафесіі?

— Забяспечваць надзейную абарону правоў і інтарэсаў грамадзян у рамках закона. А для гэтага трэба граматна падрыхтаваць і скласці прававы дакумент, абараніць кліента ў судзе, які праходзіць па крымінальнай справе. У сваіх падапечных мы бачым чалавека, якому трэба аказаць прафесійную юрыдычную дапамогу.

— Якімі якасцямі павінен валодаць адвакат?

— Найперш займаць прынцыповую грамадзянскую пазіцыю, мець высокую працаздольнасць (часам рабочы дзень доўжыцца намнога больш, чым восем гадзін). Кліент павінен быць упэўнены ў нашай надзейнасці. Існуе такое паняцце, як адвакацкая тайна: атрыманая інфармацыя заўсёды канфідэнцыяльная. Патрэбны лагічнае і аналітычнае мысленне, дакладнасць, уменне кантраляваць эмоцыі.

Адвакат, акрамя таго, што па­вінен мець юрыдычную адукацыю, абавязаны яшчэ прайсці  стажыроўку па спецыяльнасці і здаць экзамен у Міністэрстве юстыцыі Рэспублікі Беларусь на веданне права розных галін дзейнасці.

— Адвакацкая дзейнасць шматгранная і складаная…

— Так. Трэба быць спецыялістам у галіне грамадзянскага, адміністрацыйнага, крымінальнага, працоўнага, жыллёвага права. Прычым за дзень даводзіцца разбірацца ў розных сферах дзейнасці: зямельнай, банкаўскай, падатковай, мытнай, абараняць інтарэсы спажыўцоў.

— Ядвіга Эдмундаўна, якая справа запомнілася Вам найбольш?

— Іх шмат. А назаву толькі адну. На першым годзе работы адвакатам абараняла інтарэсы жыхара райцэнтра, які хадайнічаў аб вяртанні дома, канфіскаванага ў 1939 годзе. Раённы суд прыняў рашэнне на карысць майго кліента.

— Паслугі юрыдычнай кансультацыі запатрабаваныя?

— Спраў хапае. А вось прафесію адваката выбіраюць нямногія. Пэўны час у нас быў зладжаны калектыў прафесіяналаў. Затым пайшоў на заслужаны адпачынак Іосіф Маісеевіч Гофман, дачасна абарвалася жыццё На­дзеі Аляксандраўны Вінаградавай, і доўгі час я працавала адна. Нядаўна паспяхова здала экзамен у Міністэрстве юстыцыі Рэспублікі Беларусь мая дачка Ілзэ. Яна закончыла Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт, працавала інспектарам аддзела кадраў,  на заводзе “Паставымэбля”, юрысконсультам у райаграсэрвісе, потым стажыравалася ў нашай юркансультацыі. Цяпер — мая правая рука. Тэарэтычныя веды глыбокія, а вопыт набудзе.

— Дзякую за размову. Шчыра віншую з прафесійным святам, жадаю поспехаў, удачы.

Гутарыла Анна АНІШКЕВІЧ. Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.