Спартыўны калейдаскоп

Спорт

Заключныя матчы першага круга ХХІV чэмпіянату Беларусі па валейболе ў дывізіёне В вышэйшай лігі пастаўскі “Атлант-Д” згуляў на выездзе ў Жлобіне. У недалёкім мінулым мясцовая каманда металургічнага завода была мацнейшай у краіне, гуляла ў еўракубках і зараз з’яўляецца фаварытам першынства, галоўным прэтэндэнтам на перамогу. Госці, наадварот, перажываюць складаны перыяд змены пакаленняў, і на Гомельшчыну прыехалі ў асноўным у маладзёжным складзе. У першай сустрэчы пастаўчанам было няпроста гуляць супраць каманды, у складзе якой некалькі майстроў спорту, на пляцоўцы вялізнага Палаца спорту, і барацьбы не атрымалася — госці прайгралі з лікам 0:3 (11:25, 18:25, 14:25).

У паўторным паядынку гаспадары лёгка выйгралі стартавую партыю і расслабіліся, а пастаўчане намаганнямі сваіх лідараў Сяргея Плюты, Арцёма Караля і іншых ігракоў ледзь не пераламалі ход барацьбы. Толькі дзякуючы вялікаму вопыту жлобінцы мацней згулялі ў канцоўках, зноў дабіліся перамогі з лікам  3:0 (25:10, 25:22, 25:18) і з 42 ачкамі замацаваліся на пазіцыі лідараў. Наша каманда першую палову чэмпіянату завяршыла на 7-ым месцы з адрывам у 8 ачкоў ад аўтсайдара — гомельскага ГВК.

* * *

Яшчэ адзін выхаванец пастаўскага футбола, нападаючы Ілья Кухарчык, падпісаў прафесійны кантракт і залічаны ў дубліруючы склад мацнейшага айчыннага клуба БАТЭ (Барысаў). Ён правёў увесь дамашні матч у юніёрскім турніры Лігі чэмпіёнаў УЕФА з партугальскім “Порту”, які завяршыўся ўнічыю з лікам 0:0. У адным з эпізодаў таленавіты хуткасны форвард мог вывесці барысаўчан наперад, але крыху няўдала апрацаваў мяч. У складзе БАТЭ, акрамя І. Кухарчыка, таксама паспяхова выступае яшчэ адзін былы пастаўчанін Аляксей Пятрэнка, які з’яўляецца адным з лепшых беларускіх маладых форвардаў і мае шанцы неўзабаве выйсці на поле і ў асноўным складзе гэтай каманды.

* * *

Матчы чарговага тура нацыянальнага першынства пастаўскія валейбалісты правялі  на выездзе ў Магілёве супраць грознага саперніка, які ў мінулым сезоне гуляў у мацнейшым дывізіёне. На гэты раз склад пастаўчан быў амаль што аптымальным, але ігракам вельмі не хапала аднаго з лідараў — шматвопытнага Алега Шылея. Каманды зноў гулялі на сучаснай пляцоўцы спарткомплексу “Алімпіец”, да такой залы пастаўчане ўжо прызвычаіліся і даволі ўпэўнена дзейнічалі ў нападзенні. Аднак у гасцей быў няўпэўнены прыём пасля моцных і складаных падач саперніка, які выйграў першы матч з лікам 3:0 (25:19, 25:14, 25:16).

На наступны дзень пастаўчане спрабавалі адшукаць аптымальныя спалучэнні нумароў на пляцоўцы, стараліся гуляць з натхненнем. Магіляўчанам, якія паставілі перад сабой задачу быць у тройцы прызёраў, спатрэбілася прыкласці шмат намаганняў, каб пераламаць сітуацыю на пляцоўцы на сваю карысць. Дарэчы, летась госці ў Магілёве нават у значна больш моцным, чым цяпер, складзе прайгралі адну сустрэчу. Пастаўчане спынілі супраціўленне толькі ў трэцяй партыі, калі зразумелі, што свайго апанента дагнаць не змогуць. Гаспадары зноў святкавалі перамогу з лікам 3:0 (25:18, 25:19, 25:14).

Уладзімір ШЫК.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.