Тэма тыдня: Сітуацыя ў эканоміцы нармалізуецца


Лукашэнка заяўляе аб нармалізацыі па праблемных пытаннях у развіцці эканомікі Беларусі

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заяўляе аб нармалізацыі па праблемных пытаннях у развіцці эканомікі. «Час, у які мы праводзім гэту нараду, не такі драматычны. Больш таго, можна сказаць, што сітуацыя па тых праблемных пытаннях, якія так востра стаялі яшчэ тыдзень таму, складваецца нармальна», — сказаў кіраўнік дзяржавы 26 снежня на нарадзе, прысвечанай актуальным пытанням эканамічнага развіцця краіны.

Як адзначыў Прэзідэнт, апошнім часам быў прыняты шэраг рашэнняў, якія не вітаюцца асобнымі групамі кіраўнікоў. «Гэта натуральна: некаму не падабаецца падаражэўшая валюта, некаму, што мы ўзялі пад кантроль цэнаўтварэнне, а некаму, што мы падтрымліваем айчыннага вытворцу. Праўда, ён (айчынны вытворца. — Заўвага БЕЛТА) не заўсёды гэта разумее. Але мы разбяромся з кіраўнікамі ў бліжэйшы час. Напэўна, там вельмі многія пераседзелі ў сваіх крэслах. Гэта можна паправіць», — заўважыў беларускі лідар.

«Пры гэтым трэба разумець, што з усіх бед мы выбіралі найменшую. І вырашаючы комплекс пытанняў, мы вызначылі галоўнае, без якога не можа быць вырашэння іншых. Гэта стабільнасць на валютным рынку», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

«Прыняўшы шэраг рашэнняў, мы разумеем, што яны маюць пэўныя вынікі, у тым ліку, акрамя пазітыўных, і негатыўныя», — заявіў Прэзідэнт.

«Галоўнае цяпер — развіццё эканомікі. Эканоміка павінна працаваць. Усё трэба рабіць у імя работы працоўных калектываў, таму што там нашы людзі — беларускі народ, які пасля свят і да іх павінен прыйсці на рабочыя месцы, працаваць і атрымліваць заработную плату. Вось уся логіка», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што на сённяшні дзень самае галоўнае пытанне, якое стаіць на парадку дня, — вынікі прынятых рашэнняў: «Негатыўныя вынікі трэба ўстараняць, пазітыўныя тэндэнцыі — падтрымліваць. На гэта я кожны дзень арыентаваў урад да нашай нарады».

Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў ад кіраўніцтва ўрада далажыць аб тым, што зроблена за мінулы тыдзень па стабілізацыі эканамічнай абстаноўкі ў краіне і вырашэнні пастаўленых задач; ад Нацбанка — праінфармаваць аб умацаванні крэдытна-фінансавай сістэмы ў цяперашніх умовах. Прэзідэнт асабліва адзначыў, што размова ідзе менавіта аб крэдытна-фінансавай сістэме ў цэлым, а не проста аб стабілізацыі сітуацыі ў абменніках і на валютнай біржы.

Старшыні аблвыканкамаў і Мінскага гарвыканкама далажылі аб сітуацыі, што складваецца на месцах з улікам апошніх крокаў, прынятых урадам і Нацыянальным банкам.

Старшыня КДК Леанід Анфімаў далажыў Прэзідэнту Беларусі аб распрацоўцы нарматыўна-прававога акта па спыненні незаконных валютных аперацый.

Кіраўніцтва Камітэта дзяржкантролю прадставіла аналіз эфектыўнасці сістэмы ўзаемаразлікаў з Расіяй і прапановы па іх удасканаленні.

На нарадзе размова ішла і аб сітуацыі з пастаўкамі беларускіх прадуктаў харчавання ў Расію. Як далажыў віцэ-прэм’ер Міхаіл Русы, пытанне паступова ўрэгулюецца і ў бліжэйшы час яшчэ некалькі прадпрыемстваў змогуць аднавіць работу з расійскім рынкам.

Перад вытворцамі і знешнепалітычным ведамствам пастаўлена задача ў наступным годзе актыўна працаваць над прасоўваннем айчыннай прадукцыі на экспарт, што дасць магчымасць стабільна функцыянаваць эканоміцы і прыцягнуць дадатковыя валютныя рэсурсы.

У цэлым кіраўнік дзяржавы падтрымаў меры, што прымаюцца ў краіне па недапушчэнні развіцця негатыўных тэндэнцый у фінансавым сектары і на спажывецкім рынку, даручыўшы і ў далейшым рабіць неабходныя крокі для падтрымання стабільнай работы эканомікі.

Лукашэнка: трэнд на кантроль за цэнамі ў краіне захаваецца назаўсёды

Прэзідэнт абураны тым, што асобныя чыноўнікі арыентуюць бізнес на тое, што кантроль за цэнаўтварэннем у краіне хутка будзе зняты і яны адаб’юць недаатрыманую выгаду.

«Нашы асобныя нягоднікі-чыноўнікі арыентуюць, як мне далажылі, і я пераканаўся ў гэтым, прадпрымальнікаў, камерсантаў і рознае жуллё, што вы, маўляў, пацярпіце, недзе 9-га, 15-га мы тут усё адпусцім, вы потым адаб’яце ўсё, што вы цяпер не атрымалі, — сказаў Прэзідэнт. — Людзі проста просяцца, ведаеце куды. Я хачу заявіць аб тым, што трэнд, як модна сёння гаварыць, на кантроль за цэнамі ў краіне захаваецца назаўсёды».

Кіраўніку дзяржавы дакладваюць, што «гандлёвыя работнікі, пасрэднікі, гандляры і жуллё, якое працуе ў гэтым сектары, сталі самымі багатымі людзьмі ў краіне».

«Мы зрабілі ўсё для станаўлення нармальнага гандлю ў краіне. Нават калі заўтра не будуць больш стварацца гандлёвыя прадпрыемствы, наяўнасць у нас іх і пасрэднікаў неймаверная. Мы абыдземся і без новых. Але тых, што функцыянуюць, прымусім працаваць так, як належыць. Я ўжо сказаў, калі яны не пачулі, або ва ўрадзе не ацанілі, — 2-3 працэнты рэнтабельнасці. Возьмем кожны від тавару на кантроль, асабліва імпартнага», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

«Чакаць, штосьці недзе прыхаваць з разлікам на тое, што пасля 9-га-15-га выкінем і атрымаем неймаверныя цэны і яшчэ кішэнь больш наб’ём, не даводзіцца», — рэзюмаваў кіраўнік дзяржавы.

Перад сферай гандлю Прэзідэнт паставіў тры асноўныя задачы: не дапускаць неабгрунтаванага росту цэн і спынення работы гандлёвых аб’ектаў, забяспечыць прысутнасць на прылаўках максімальна шырокага асартыменту тавараў. Пры гэтым нараўне з імпартам у абавязковым парадку на выбар пакупнікоў павінна быць прадстаўлена айчынная прадукцыя.

Лукашэнка мае намер да Новага года прыняць шэраг важных кадравых рашэнняў

Аб гэтым кіраўнік дзяржавы заявіў 26 снежня на нарадзе, прысвечанай актуальным пытанням эканамічнага развіцця краіны.

«Заўтра мы абмяркуем шэраг кадравых пытанняў і прымем адпаведныя рашэнні. Іх будзе нямала», — заявіў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што да Новага года неабходна прыняць важныя кадравыя рашэнні і паставіць задачы перад новымі кіраўнікамі.

Ермакова не выключае, што 30-працэнтную валютную камісію адменяць да 1 лютага

Камісія на куплю валюты, згодна з прынятымі раней рашэннямі, павінна дзейнічаць да 1 лютага. «Але з улікам сітуацыі не выключана, што гэты збор будзе адменены раней. Можа, ён будзе адмяняцца паступова», — паведаміла 26 снежня журналістам старшыня праўлення Нацыянальнага банка Надзея Ермакова.

Яна адзначыла, што аналіз сітуацыі паказвае, што з 1 лютага збор будзе адменены ў любым выпадку: «Сітуацыя падказвае, што адмена будзе, прадаўжаць спаганяць яго пасля 1 лютага не давядзецца».

Надзея Ермакова звярнула ўвагу, што для дзеяння збору выбраны такі час, калі прадпрыемствы панясуць ад гэтай меры найменшыя страты. У канцы снежня — пачатку студзеня шмат святочных дзён, калі гандлёвыя ўзаемаадносіны не такія актыўныя. Валюта на біржы прадпрыемствам не спатрэбіцца, адпаведна, ім не трэба будзе плаціць 30-працэнтную надбаўку.

У Беларусі няма перадумоў для замарожвання валютных укладаў насельніцтва — Ермакова

Старшыня праўлення Нацбанка Надзея Ермакова адзначыла, што ў банках назіраецца адток валютных укладаў. Людзі апасаюцца, што іх грошы могуць быць замарожаны. Надзея Ермакова не бачыць перадумоў для такіх дзеянняў. «Нават неяк не ўкладваецца ў галаве: як гэта можна замарозіць валютныя ўклады? У нас такой сітуацыі няма. У любы час банкі могуць пазычыць валютныя рэсурсы ў замежных банкаў», — сказала яна.

Паводле слоў кіраўніка Нацбанка, не плануецца і паніжэнне ставак па валютных укладах. «Паніжаць стаўкі па валютных укладах няма куды. Яны ў нас у краіне нізкія. Максімальныя дасягаюць 6-6,5 працэнта», — заўважыла Надзея Ермакова.

Што датычыцца рублёвых укладаў, то іх адток з банкаў практычна спыніўся з-за таго, што стаўкі па дэпазітах у нацыянальнай валюце выраслі да 50 працэнтаў. «Гэта зрабілі практычна ўсе банкі па ўсіх дзеючых укладах», — заўважыла старшыня праўлення Нацбанка. Беларускія банкі рыхтуюць праграмнае забеспячэнне, каб прапанаваць кліентам тэрміновы гарантаваны ашчадны ўклад з механізмам індэксацыі рублёвых зберажэнняў пры змяненні абменнага курса беларускага рубля. Такія ёсць у трох вядучых банкаў краіны. Напрыклад, у Беларусбанку, паводле слоў Надзеі Ермаковай, на такіх укладах сабралася больш як Br1 трлн. Акрамя таго, банкі Беларусі аднавілі выдачу рублёвых крэдытаў зыходзячы з існуючай у іх ліквіднасці.

Па заказе Нацбанка ў Беларусь у бліжэйшыя дні даставяць яшчэ каля $200 млн

Аб гэтым журналістам паведаміла старшыня праўлення Нацбанка Надзея Ермакова.

Праблема дэфіцыту валюты ў абменніках вырашана: 23 снежня ў краіну па заказе Нацбанка была завезена вялікая сума наяўнай валюты. Надзея Ермакова адзначыла: «29-га яшчэ заказалі каля $200 млн. У асноўным попыт на долары, еўра карыстаецца меншым попытам».

Сітуацыя на валютным рынку стабілізуецца. Валюты ў абменніках прадаецца больш, чым купляецца. Гэтаму садзейнічала тое, што курс продажу (плюс 30-працэнтны збор) набыў нармальныя суадносіны адносна курса куплі. Розніца паміж імі цяпер складае каля Br700-800, сказала Надзея Ермакова.

Чысты продаж валюты насельніцтвам Беларусі 23 снежня склаў $8,8 млн у эквіваленце

Аб гэтым паведамілі ў Нацыянальным банку са спасылкай на аператыўную інфармацыю, атрыманую ад банкаў.

Як адзначаюць спецыялісты, калі апошнім часам купля валюты насельніцтвам устойліва перавышала продаж, то 23 снежня сітуацыя істотна змянілася. «23 снежня, паводле аператыўных даных, фізічныя асобы прадалі на чыстай аснове $8,8 млн у эквіваленце. У тым ліку наяўнымі — $7,1 млн, безнаяўным шляхам — $1,7 млн», — праінфармавалі ў Нацбанку.

Станоўчыя тэндэнцыі прадаўжаюць назірацца і на дэпазітным рынку. Тэрміновыя рублёвыя дэпазіты насельніцтва Беларусі за 20-23 снежня выраслі на Br213,4 млрд. На гарантаваных ашчадных укладах з механізмам індэксацыі рублёвых зберажэнняў пры змяненні  абменнага курса беларускага рубля грамадзяне за гэтыя дні размясцілі Br347,3 млрд.

 БЕЛТА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.