У карагодзе… з робатамі


Аляксандр Шкадун, Наталля Анкудовіч, Вікторыя Вартазаран, Яўгеній Дзячэнка, Наталля Плотнікава і Станіслаў Даўгель.

Напрыканцы года на малочнатаварнай ферме “Коўзаны” адкрытага акцыянернага таварыства “Навасёлкі-Лучай”   пабывала кіраўніцтва гаспадаркі, павіншавала жывёлаводаў з каляднымі і навагоднімі святамі, уручыла салодкі падарунак. Летась гэтага зрабіць не паспелі, бо сучасная фабрыка малака пачала дзейнічаць толькі ў студзені 2014 года. Тут  “пасяліліся” 6 галандскіх робатаў “Астранаўт” чацвёртага пакалення.

— На  малочнатаварнай ферме высокі ўзровень аўтаматызацыі  тэхналагічных працэсаў, а яе “мозгам” з’яўляецца цэнтральны камп’ютар, які выдае падрабязную інфармацыю пра стан кожнай жывёлы, якасць прадукцыі і іншыя паказчыкі, — адзначыў загадчык фермы Леанід Дунец. — Цікава назіраць, як робаты рыхтуюць вымя і дояць кароў, у залежнасці ад прадуктыўнасці “частуюць” іх канцэнтратамі. Кожныя дзве гадзіны на кармавым стале сам запускаецца ў работу падсоў­вальнік кормасумесяў.  Спецыяльныя шчоткі пачэшуць жывёлу.  Аўтаматызавана выдаленне гною. Словам, на ферме большасць працэсаў адбываецца без удзелу чалавека.

Таму калі заходзіш у прасторнае памяшканне, дзе ўтрымліваецца ў сярэднім 400 і больш кароў, то не адразу і заўважыш людзей. Непасрэдна з жывёлай днём працуюць усяго 4 чалавекі. Але прысесці ім няма калі, бо даенне праходзіць амаль няспынна. Аператары Таццяна Ландышка, Вікторыя Вартазаран і Алена Хоміч, заступіўшы на сваю змену, большасць рабочага часу праводзяць ля робатаў. Хапае клопатаў і ў загоншчыкаў жывёлы Наталлі Анкудовіч, Наталлі Плотнікавай, Сяргея Мусіенкі, Ганны Янчуковіч, Віктара Іванова і Веранікі Авільцавай. Старанна выконваюць абавязкі  жывёлаводы Аляксандр Шкадун і Валянцін Варашкевіч. У абслугоўванні дойнага статка і цялят дзейсную дапамогу маладому спецыялісту, ветурачу Яўгенію Дзячэнку аказвае больш вопытны Аляксандр Жытковіч. Вельмі адказны ўчастак у механізатара Станіслава Даўгеля, які рыхтуе і раздае кормасумесі.  Максім Цыбульскі і Вацлаў Рамайда забяспечваюць цяплом малочны блок і размешчаныя ў ім бытавы і іншыя пакоі.

З улікам камп’ютарных паказчыкаў будуе сваю работу па абслугоўванні дойнага  статка заатэхнік (яна ж асемянатар) Святлана Салонінка. Дзякуючы яе старанню і прафесійнасці станоўча вырашаюцца многія пытанні. Увогуле, першы год работы паказаў, што на ферме падабраўся добры калектыў. За адзінаццаць месяцаў адсюль  рэалізавана дзяржаве 1251 тона малака, і амаль усё — сортам “экстра”. Сярэдні надой ад каровы склаў 5343 кілаграмы малака. Дзякуючы Таццяне Дунец і яе памочніцы Але Лешчык амаль сто працэнтаў складае захаванасць прыплоду.

Калектыў ужо набыў  пэўны вопыт, які вельмі спатрэбіцца пры здачы ў эксплуатацыю і асваенні другой чаргі малочнатаварнай фермы, будаўніцтва якой вядзецца побач.

Тэкст і фота Пятра КУРЫЛОВІЧА.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.