У руху і пошуку — пастаянна


К фінішу года філіял “Аўтатранспартнае прадпрыемства № 17” ААТ “Віцебскаблаўтатранс” падыходзіць з нядрэннымі вынікамі. Практычна захавана маршрутная сетка (5 міжгародніх, 1 міжнародны, 3 гарадскія і 16 прыгарадных маршрутаў), у калектыве працуюць 210 чалавек, усе вакантныя месцы занятыя. Сацыяльныя стандарты выконваюцца, прадпрыемства працуе стабільна.

— Па папярэдніх падліках, за 11 месяцаў ад перавозкі грузаў і пасажыраў,  іншых відаў дзейнасці атрымана 45965,8 млн рублёў, прадукцыйнасць працы на аднаго сярэднеспісачнага работніка дасягнула 235,7 млн рублёў, што да ўзроўню мінулага года складае 112,2 і 108,2% адпаведна, — адзначыў падчас размовы дырэктар філіяла А. Д. Малахаў. — За гэты перыяд перавезена 477,1 тысячы тон грузаў і 2179,1 тысячы пасажыраў, груза- і пасажыраабарот склалі адпаведна 11901,3 тысячы тона-кіламетраў і 29980 тысяч пасажыра-кіламетраў. Выконваюцца і такія значныя паказчыкі сацыяльна-эканамічнага развіцця, як экспарт паслуг (101,7 тысячы долараў ЗША) і інвестыцыі ў асноўны капітал (2808 млн рублёў асвоеных сродкаў).

За лічбамі — канкрэтная праца кіраў­ніцтва, службаў і калектыву прадпрыемства. Паслугі філіяла запатрабаваныя. Але для таго, каб мець аб’ёмы, сёння прыкладваюцца асабліва вялікія намаганні. Як заўважыў Алег Данілавіч, трэба пастаянна быць у руху і пошуку. З гэтай мэтай актыўна наведваюцца ўсе тэхнічныя выставы, на якіх кіраўнік прыглядаецца і прыслухоўваецца, як можна вырашыць пытанні рамонту, абслугоўвання і іншыя, звязаныя з дзейнасцю прадпрыемства.

Гэтак і з работай: яе аўтатранспартнікі шукаюць самі. У сваім раёне грузавому транспарту разгарнуцца практычна няма дзе, за выключэннем сельскагаспадарчых прадпрыемстваў. Ёсць аб’екты ў Мінску і сталічнай вобласці. Надзейна было працаваць у Светлагорску (кітайцы інвесціравалі праект). А вось на аб’ект па ўзвя­дзенні атамнай станцыі ў Астраўцы пра­біцца не ўдаецца (Гродзенская вобласць імкнецца забяспечыць рабочымі месцамі ў першую чаргу сваіх людзей). Разлічвалі на вялікія аб’ёмы ў Расіі, але ў сувязі з падзеннем курса рубля ў апошні час выгады атрымліваюць менш, чым у пачатку года. Пяць грузавых аўтамабіляў працуюць там пастаянна, і ў 2015 годзе пастаўскія аўтатранспартнікі плануюць  быць задзейнічаны на расійскіх аб’ектах на будаўнічым падрадзе.

Сур’ёзнае пытанне — канкурэнцыя на рынку транспартных паслуг. Невялікія прыватныя прадпрыемствы маюць ільготы на падатак, таму могуць сабе дазволіць прымяняць ніжэйшыя тарыфы. Цяжка становіцца знаходзіць заказчыкаў для заключэння дагавораў на доўгатэрміновае супрацоўніцтва. І тут, безумоўна, спрыяюць шматгадовы вопыт работы ў галіне і якасць аказваемых паслуг, што непасрэдна звязана з пастаянным абнаўленнем тэхнікі. Сёлета, напрыклад, купілі два грузавыя аўтамабілі павышанай грузападымальнасці, аўтабетоназмяшальнік, гусенічны экскаватар, і гэта дазволіць пашырыць спектр паслуг на аб’ектах краіны і за яе межамі. На снежань—пачатак будучага года запланавана набыццё двух аўтамабіляў “МАЗ” грузападымальнасцю звыш 25 тон. Аўтобусны парк абнавіўся двума аўтобусамі “МАЗ”. Магчыма, удасца купіць аўтобус павышанай камфортнасці “Вольва”, што дазволіць аказваць турыстычныя паслугі.

На фінансавую стабільнасць прадпрыемства працуюць і іншыя паслугі з разраду неасноўнай дзейнасці. У іх ліку — перыядычны тэхнічны агляд транспартных сродкаў, станцыя тэхнічнага абслугоўвання, шынамантаж, продаж запчастак і іншае. Працуе шведская стужачная піларама, наладжаны выпуск высакаякасных піламатэрыялаў, такіх, як вагонка, брус, а таксама любыя дошкі, што дазволіла прадпрыемству рабіць альтанкі, лазні. Гэта прадукцыя па даступных цэнах рэа­лізуецца і насельніцтву, і юрыдычным асобам.

— Аснова і сённяшніх, і будучых поспехаў — у кадравым патэнцыяле, — лічыць А. Д. Малахаў. — Добры вадзіцель — гэта той, хто бездакорна выконвае свае службовыя абавязкі ў частцы транспартнага абслугоўвання насельніцтва і на каго няма скаргаў. У гэтай справе чалавечы фактар адыгрывае большую ролю, чым тэхнічны складальнік. 50 працэнтаў вадзі­целяў філіяла (а ўсяго іх больш за сотню) — сапраўдныя прафесіяналы. Іх падборам і расстаноўкай займаемся ўсе — і я сам, і мой намеснік па перавозках і маркетынгу І. І. Чудзікаў, і галоўны інжынер А. Б. Думчаў, і кіраўнікі службаў.

Галіна ПІШЧ.   



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.