У “Хаце пад клёнамі”


Хтосьці марыць пра мора, пальмы, высокія горы, а камусьці хочацца цішыні, спакою, гармоніі з прыродай. У такім выпадку многія замежныя грамадзяне выбіраюць нашу сінявокую краіну. І едуць не толькі ў беларускія здраўніцы, але і ў аграэкасядзібы. Адной з тых, якія карыстаюцца попытам у адпачывальнікаў, з’яўляецца “Хата пад клёнамі” ў вёсцы Навікі Казлоўшчынскага сельсавета. Драўляны дом, у якім прасторна і ўтульна, адасоблена стаіць у маляўнічым месцы на беразе прыгожага ляснога возера. Яго гаспадар Алег Іосі­фавіч Колесень стварыў усе выгоды для таго, каб гасцям было камфортна: на кухні мікрахвалевая печ, халадзільнік, іншая бытавая тэхніка, неабходны посуд, зручная мэбля, спадарожнікавае тэлебачанне. Ёсць душавая кабінка. Па жаданні гасцей арганізуецца лазня. Прырода захапляе маляўнічасцю і некранутасцю. Парыбачыўшы з вудачкай, можна зварыць свежай юшкі, на мангале пасмажыць шашлык. Прадуманы заняткі і для дзяцей: ёсць пясочніца, арэлі, газон з зялёнай траўкай і альтанка.

Аграэкасядзіба размешчана недалёка ад славутага беларускага Версаля — вёскі Мосар, якую вызначаюць выключная добраўпарадкаванасць і рукатворная прыгажосць. Некалькі хвілін дарогі — і вы ў Парыжы, дзе палюбуецеся «Эйфелевай вежай», пачуеце цікавую гісторыю вёскі. А захочацца гаючай вадзіцы з крыніцы, асвечанай у гонар лекара Панцеляімана, — калі ласка, у вёску Сарокі.

Прыгожа ў Навіках і зімой. Таму многія жадаюць святкаваць тут Каляды, сустракаць Новы год. “Хату пад клёнамі” выбіраюць і для правядзення карпаратыўнага адпачынку, тут арганізуюць сямейныя святы, юбілеі. Дом разлічаны для прыёму 20 чалавек. Чатыры чалавекі могуць размясціцца ў гасцявым доміку.

— У мінулым годзе ў Навіках жылі будаўнікі з Наваполацка, — расказваў А. І. Колесень. — Яны ўзводзілі новую жывёлагадоўчую ферму ў вёсцы Ляхаўшчына. Новапалачане былі задаволеныя ўмовамі пражывання, у вольны час яны мелі цудоўную магчымасць падыхаць чыстым паветрам, пачаставацца ягадамі і грыбамі з нашага лесу.

Калі вам надакучылі гарадскія тлум і мітусня, па­кіньце ўсе турботы і клопаты і адпраўляйцеся ў “Хату пад клёнамі”. Там вы зможаце добра адпачыць, набрацца сіл і пазітыву, каб з энтузіязмам прыступіць да ажыццяўлення новых планаў і задум.

Анна АНІШКЕВІЧ.

Фота прадастаўлена А.  Колеснем.

 

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.