“У якасці сваёй прадукцыі ўпэўнены”

Экономика

— сцвярджаюць спецыялісты  ААТ “Пастаўскі малочны завод”. А звярнуцца да іх вымусіла актуальная ў апошні час у грамадстве тэма ўвядзення Расіяй абмежаванняў на пастаўкі мяса-малочнай прадукцыі для шэрага беларускіх прадпрыемстваў па той прычыне, што быццам бы яна не адпавядае патрабаванням Расійскай Федэрацыі і Мытнага саюза. На пытанні карэспандэнта “Пастаўскага краю” адказвае намеснік дырэктара прадпрыемства па вытворчасці Валянціна Мікалаеўна Лапко.

— Валянціна Мікалаеўна, хоць завода і няма ў чорным спісе Рассельгаснагляду, тым не менш хацелася б ведаць, як у вас справы? Ці паўплывала сітуацыя на работу прадпрыемства? Пачніце, калі ласка, з сыравіны: адкуль яна паступае?

— Сыравіна паступае з сельгаспрадпрыемстваў Пастаўскага раёна і з дзвюх гаспадарак Браслаўскага. Малака хапае для поўнай загрузкі прадпрыемства, якое сёння за суткі выпускае больш за 20 тон паўцвёрдых сыроў, у звычайным рэжыме і працуе.

— Як наладжаны кантроль за якасцю сыравіны?

— Кантралюе якасць лабараторыя прадпрыемства, акрэдытаваная Беларускім дзяржаўным цэнтрам акрэдытацыі Рэспублікі Беларусь.  У нас распрацавана праграма кантролю, і, згодна з ёй, малако вельмі сур’ёзна правяраецца на шчыльнасць, чысціню, бялок, тлустасць, кіслотнасць, наяўнасць антыбіётыкаў, мікрабіялагічныя паказчыкі, саматычныя клеткі. Акрамя таго, яго адпраўляем у Белдзяржветцэнтр, а таксама ў Полацкі і Віцебскі цэнтры стандартызацыі (там праводзіцца даследаванне на таксічнасць, цяжкія металы, радыенукліды, утрыманне антыбактэрыяльных рэчываў),. Згодна з праграмай лабараторыі прадпрыемства, імуна-ферментным эскпрэс-метадам праводзіцца глыбокі маніторынг па вызначэнні антыбіётыкаў.

Вынікі на завод паступаюць у выгля­дзе пратаколаў і заключэнняў. На сённяшні дзень не было ніводнага дакумента, які б сведчыў пра тое, што сыравіна няякасная.

Уся сыравіна, якая паступае на прадпрыемства, праходзіць глыбокую перапрацоўку. Малако нармалізуем па тлустасці, робім двухступеньчатую пастэрызацыю. Старанна правяраем на ўсе неабходныя паказчыкі, бо ад гэтага залежыць якасць выпускаемай прадукцыі на ўсіх прамежкавых стадыях тэхналагічнага працэсу вытворчасці.

— А як правяраецца прадукцыя?

— Яе мы таксама адпраўляем у Белдзяржветцэнтр, Полацкі і Віцебскі цэнтры стандартызацыі, карыстаемся паслугамі Глыбоцкай і Віцебскай ветэрынарных лабараторый. Прадукцыя правяраецца на ўсе паказчыкі, якія патрабуюцца ў адпаведнасці з нашымі тэхнічнымі ўмовамі і стандартамі. Ні адна лабараторыя не дала заключэння, якое б сведчыла пра тое, што маюць месца якія-небудзь перавышэнні або адхіленні ад нормы. 27, 29 і 30 лістапада Глыбоцкай рэгіянальнай інспекцыяй ветэрынарнага нагляду і Пастаўскім раённым цэнтрам гігіены і эпідэміялогіі была праверана ўся прадукцыя, якая адгружаецца на экспарт. Заключаны таксама дагавор з Бранскай міжрэгіянальнай абласной ветэрынарнай лабараторыяй на маніторынг нашай прадукцыі. Нядаўна мы завезлі туды ўзоры сыроў “Расійскі”, “Галандскі”, “Сметанковы”, якія ідуць на экспарт.

Вось так актыўна працуем у гэтым кірунку, каб даказаць, што прадукцыя сапраўды якасная, адпавядае ўсім патрабаванням.

— Раскажыце, куды рэалізуецца прадукцыя малаказавода?

— Прадаём як на беларускі, так і на расійскі рынак. Што датычыцца Расіі, то мы актыўна і без пасрэднікаў супрацоўнічаем з федэральнымі гандлёвымі сеткамі (“Магніт”, “Халідэй”, “Манетка”). Адгружаем туды сыры і масла, штомесяц — 450—500 тон. Доля экспарту складае больш за 50 працэнтаў, і з кожным месяцам паказчык павя­лічваецца.

— Пакупнік галасуе рублём. А як спажыўцы ацэньваюць якасць?

— Рэкламацый ад расійскіх партнёраў не паступала, мы атрымліваем толькі станоўчыя водгукі. І гэта невыпадкова. Прадпрыемства ўтрымліваецца ў належным санітарным стане, што адзначаюць усе кантралюючыя органы. Мадэрнізацыя і сучасныя тэхналогіі дазволілі стварыць літаральна стэрыльныя ўмовы і для вытворчасці, і для захоўвання прадукцыі.

У якасці сваёй прадукцыі мы ўпэўнены, а найлепшае сведчанне яе прызнання на айчынным і замежным рынках — шматлікія ўзнагароды. Назаву толькі асноўныя, атрыманыя сёлета. За ўдзел у народным конкурсе-дэгустацыі “Чэмпіён смаку” ў намінацыі “Сыр плаўлены” — дыпломы ІІ і ІІІ ступеняў; на XXIV Міжнароднай спецыялізаванай выставе “Белагра-2014” — дыплом І ступені; у рамках Рэспубліканскага конкурсу спажывецкіх пераваг — дыпломы ІІ і ІІІ ступеняў; прадпрыемства стала лаўрэатам конкурсу “Лепшыя тавары Рэспублікі Беларусь на рынках Ра­сійскай Федэрацыі-2014”; за ўдзел у грамадскім конкурсе “Лепшая прадукцыя года-2014” дыпломы пераможцы атрымалі за тры віды прадукцыі.

Гутарыла Галіна ПІШЧ.  

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.