У згодзе з сумленнем


Доўгімі восеньскімі і зімовымі вечарамі Эма Вікенць­еўна Мацур любіць пагартаць сямейны альбом. Фотаздымкаў у ім шмат. Некаторым больш за сотню гадоў. Бацькі, браты, сёстры, муж. Углядаецца ў дарагія твары — і ўспаміны вяртаюць у мінулае. Здаецца, па-новаму пражываюцца гады.

Эма Вікенцьеўна адмаўлялася ад сустрэчы, наракала на дрэннае самаадчуванне. А калі я пераступіла парог яе ўтульнага дома, размову яна пачала з верша: “На дварэ ў белай  квецені май — прывыкай без мяне, прывыкай. Развітаўся са мной родны край — прывыкай, прывыкай, прывыкай… Адлятаю на неба, у рай, — прывыкай без мяне, прывыкай. Ты даруй мне і не наракай — прывыкай, прывыкай, прывыкай”. Гэта пра мяне, — прадоўжыла. — Год назад пахавала мужа. Мне яго так не хапае”.

Яна выхоўвалася ў вялікай сям’і ў вёсцы Мацуры. Да працы ўсіх прывучалі з дзяцінства, кожнаму давалася пасільная работа. Не песцілі і Эму. Дапамагала бацькам па гаспадарцы. Калі падрасла, выпраўлялі на рынак прадаваць масла, тварог. У школе яна была стараннай вучаніцай, мела здольнасці да дэкламавання вершаў, удзельнічала ў сцэнках, хораша спявала. Асабліва памятаюцца святы, якія ладзіліся пры лучайскім касцёле.

Ёй было толькі васямнаццаць, калі ў сэрцы запалілася іскрынка кахання да вясковага хлопца. Той адказаў узаемнасцю. Але сустрэчы былі нядоўгімі — каханага прызвалі на службу ў армію. Верна чакала. Многія да яе сваталіся, усім адмаўляла. Яны пажаніліся, калі ёй было 27, Францу — 29.

— Наша каханне — глыбокае, светлае, чыстае, — успамінала Эма Вікенцьеўна. — Гэтак жа хораша мы і ўсё жыццё пражылі. Муж — клапатлівы, добры, гаспадарлівы. У любой рабоце імкнуўся быць наперадзе мяне, шанаваў. Напэўна, таму так сумую па ім цяпер.

Дачка жыве ў Баранавічах. Яна хірург. Сын — у Магілёве. Запрашаюць да сябе. Але жанчына не хоча пакідаць дарагі сэрцу дом, дзе кожная рэч напамінае пра шчаслівае сямейнае жыццё. У пасёлку мноства знаёмых, з якімі разам працавала на заводзе жалезабетонных вырабаў, выступала на сцэне мясцовага клуба.

— Здароўе апошнім часам падводзіць, — расказвала Эма Вікенцьеўна. — Хапіла перажыванняў: трагічна загінуў васьмігадовы ўнучак (яму цяпер было б 22), унучка жыве ў Кіеве, а там так неспакойна. Па ўсіх баліць сэрца. Ратуе малітва — яна найлепшы лекар. Колькі ў жыцці было выпадкаў, калі здавалася, што ўсё безнадзейна. З часам, глядзіш, і наладжвалася. Выпрабаванні? Значыць, я іх заслужыла, хаця старалася і стараюся жыць праўдзіва, у згодзе з людзьмі і сумленнем.

Пра дабрыню, шчырасць, адкрытасць Эмы Ві­кенцьеўны Мацур, яе гатоўнасць дапамагчы іншым мне расказвалі яе суседзі з мікрараёна завода жалезабетонных вырабаў, што ў Варапаеве. Да гэтай мудрай жанчыны звяртаюцца па параду ў спрэчнай сітуацыі, шукаюць падтрымкі. Эма Вікенцьеўна заўсёды знойдзе патрэбныя словы, каб суцешыць у горы або раздзяліць радасць.

Тэкст і фота Анны АНІШКЕВІЧ.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.