Узнаўленне статка — аснова асноў

Сельское хозяйство

На нядаўнім пасяджэнні райвыканкама пад старшынствам кіраўніка раёна В. С. Гутарава разгледжана пытанне “Аб стане ўзнаўлення статка за 11 месяцаў 2014 года ў сельгаспрадпрыемствах раёна”. У яго абмеркаванні прынялі ўдзел першы намеснік генеральнага дырэктара па племянной рабоце РУП “Віцебскае племпрадпрыемства” Л. П. Сакалоў, начальнік упраўлення вытворчасці жывёлагадоўчай прадукцыі і галіновага будаўніцтва камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні аблвыканкама В. М. Шабалаў і начальнік упраўлення ветэрынарыі, галоўны дзяржаўны ветэрынарны ўрач — галоўны дзяржаўны інспектар  Ві­цебскай вобласці А. М. Козак, якія да гэтага азнаё­міліся са станам спраў у жывёлагадоўлі раёна, пабываўшы ў многіх гаспадарках, а таксама прааналізаваўшы справаздачнасці. З інфармацыяй па пытанні, вынесеным на абмеркаванне, выступіў дырэктар раённай племстанцыі Э. В. Януковіч. Заслуханы тлумачэнні шэрага кіраўнікоў і зоаветспецыялістаў.

Дык як жа абстаяць у раёне справы з узнаўленнем статка буйной рагатай жывёлы? Крайне нездавальняюча. За 11 месяцаў атрыманы 12954 расцёлы (на 247 менш, чым за адпаведны перыяд мінулага года). У тым ліку ад кароў — 9890 (плюс 316), ад цялушак — 3064 (мінус 563). Толькі ў чатырох гаспадарках — ААТ “Навасёлкі-Лучай”, “Сцяг Перамогі-агра”, “Янавіца-агра”, “Рассвет Пастаўскі” — атрымана расцёлаў больш, чым летась (адпаведна на 240, 190, 67, 27). У той жа час найбольшае зніжэнне дапусцілі “Камайскі-агра” (161), “Блакітныя азёры-агра” (130), “Дунілавічы-агра” (114), райаграсэрвіс (68), “Андроны” (56).

Па стане на 1 снежня ў раёне на 530 цялушак менш, чым на такі ж час летась. Іх непрадукцыйнае выбыццё склала з пачатку года 2262 галавы, або 39 працэнтаў ад агульнай колькасці народжаных, у тым ліку ў ААТ  “Сцяг Перамогі-агра” — 50 працэнтаў, “Блакітныя азёры-агра” — 45, “Хацілы-агра” і “Навасёлкі-Лучай” — 44, СП “Дунілавічы-агра” — 43, “Парыж-агра” і СВК “Андроны” — 42 працэнты. Найменшае выбыццё цялушак у “Рассвеце Пастаўскім” — усяго 25 галоў (14 працэнтаў да народжаных). Нізкая забяспечанасць цялушкамі ў СВК “Андроны”, ААТ “Блакітныя азёры-агра”, райаграсэрвісе, СП “Дунілавічы-агра” (ад 62 да 88 працэнтаў да колькасці кароў).

На 515 менш, чым летась, асемянёна кароў, на 477 — цялушак. Найбольшы мінус у ААТ “Хацілы-агра”, “Камайскі-агра”, “Блакітныя азёры-агра”, СВК “Андроны”, райаграсэрвісе. Не на ўсіх фермах праводзяцца прагулкі кароў. Не створаны групы раздою першацёлак у ААТ “Ярэва-агра” і “Сцяг Перамогі-агра”.

На пасяджэнні прагучала вострая крытыка ў адрас раённых службаў, кіраўнікоў і спецыялістаў сельгаспрадпрыемстваў. Адзначана недастатковая работа па ўзнаўленні статка ААТ “Камайскі-агра”, “Ярэва-агра”, “Блакітныя азёры-агра”, “Парыж-агра”, “Сцяг Перамогі-агра”, “Хацілы-агра”, СВК “Андроны”, СП “Дунілавічы-агра”, райаграсэрвісу. Кіраўнікі названых гаспадарак абавязаны прыцягнуць да дысцыплінарнай адказнасці за дапушчаныя парушэнні галоўных заатэхнікаў і ветэрынарных урачоў. Пастаўлена задача актывізаваць работу па асемяненні кароў і цялушак пад расцёлы 2015 года; у поўным аб’ёме забяспечыць выкананне ўсіх тэхналагічных умоў; скараціць невытворчае выбыццё рамонтных цялушак; забяспечыць атрыманне іх сярэднясутачных прываг не менш за 650—700 грамаў і асемяненне ва ўзросце17-19 месяцаў.

Рашэннем райвыканкама ўпраўленне сельскай гаспадаркі і харчавання сумесна з назіральнымі саветамі адкрытых акцыянерных таварыстваў абавязана прыцягнуць да дысцыплінарнай адказнасці шэраг кіраўнікоў сельгас­прадпрыемстваў, а таксама хадайнічаць перад РУП “Віцебскае племпрадпрыемства” аб аб’яўленні вымовы дырэктару Пастаўскай племстанцыі Э. В. Януко­вічу.

Як гаворыцца, “узнагароды” вызначаны. Але справа не ў самім пакаранні, а ў тым, каб з яго былі зроблены высновы. Па прадуктыўнасці дойнага статка наш раён займае адно з апошніх месцаў у вобласці, і гэта ніяк не адпавядае магчымасцям пастаўчан.

Але для таго, каб рэсурсы, якія ёсць, былі задзейнічаны, найперш патрабуецца персанальная адказнасць, пачынаючы ад спецыялістаў раённага звяна і заканчваючы радавымі жывёлаводамі. На неабходнасць яе павышэння пры абмеркаванні пытання і звярталася асаблівая ўвага. У прынятым рашэнні таксама вызначаны канкрэтныя тэхналагічныя меры. Справа — за ажыццяўленнем намечанага.

Фаіна КАСАТКІНА.  



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.