Высока цэніцца майстэрства


Прызёр рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства Наталля Шухлева.

Першымі, як заўсёды, набліжэнне навагодніх і калядных свят адчулі работнікі гандлю. Дзякуючы акцыям, мінімальным гандлёвым надбаўкам і іншым прыцягальным формам работы з пакупнікамі ўзрос попыт на тавары і ў сістэме райспажыўтаварыства. Пра тое, як   кааператары завяршаюць 2014 год, карэспандэнту “Пастаўскага краю” Пятру Курыловічу расказаў заслужаны работнік сферы абслугоўвання Рэспублікі Беларусь, старшыня праўлення райспажыўтаварыства Рыгор Арсенцьевіч ЛЕЎКАВЕЦ:

— У параўнанні з папярэднім годам сукупны аб’ём дзейнасці райспажыўтаварыства склаў 116,6%. У значнай ступені прырост забяспечаны за кошт хлебапячэння, мясаперапрацоўкі, нарыхтоўкі і перапрацоўкі раслінаводчай прадукцыі, на вытворчасцях якіх былі своечасова праведзены  мадэрнізацыя і тэхнічнае пера­ўзбраенне. Новымі праектамі сёлета сталі супермаркет з гандлёвай плошчай амаль 1000 квадратных метраў  па вуліцы Савецкай, сталовая “СССР” на заводзе “Беліт”, магазін завода “Крышталь” па метадзе франчайзінгу, участак па вытворчасці “Берлінераў”. На базе прадпрыемстваў гандлю, грамадскага харчавання і прамысловай вытворчасці адбыўся рэспубліканскі семінар-нарада. З яго работай знаёмілася таксама прадстаўнічая дэлегацыя Новасібірскага аблспажыўсаюза Расійскай Федэрацыі.

І ўсё ж галоўнымі набыткамі 2014-га, як і папярэдніх гадоў, з’яўляюцца перамогі нашых майстроў на розных выставах, конкурсах і турнірах. Дыплома першай ступені і залатога медаля 10-ай юбілейнай міжнароднай спецыялізаванай выставы “Хлеб і кандытарская справа”, а таксама дыплома і бронзавага медаля міжнароднага чэмпіянату “Кандытарскае мастацтва-2014” удастоены чатыры віды прадукцыі філіяла “Каапгандаль №2” — хлеб “Залаты ключык”, “Царскі з арэхамі”, набор пірожных “Трыо для задавальнення”, торт “Капрыз”.

Уладальніцамі трох бронзавых медалёў міжнароднага чэмпіянату сталі майстры-кандытары Святлана Карандашова і Алена Пузан. Майстар-повар кафэ “Церамок” Галіна Зямчонак за прыгатаваныя стравы з мяса на рэспубліканскім турніры “Залаты кіцель-2014”  заваявала залаты і бронзавы медалі. А затым у Ашхабадзе (Туркменістан) у ліку прадстаўнікоў 20 краін свету ўдзельнічала ў майстар-класе “Кухня Азіды-2017”.

Дыпломаў першай і другой ступеняў, а таксама Падзякі рэспубліканскага экспертнага савета Белкаапсаюза ўдастоены шэраг вырабаў квашэння і салення філіяла “Каапнарыхтпрамгандаль”.

Сапраўды зорным аказаўся фініш года для повара 5 разраду Наталлі Шухлевай і афіцыянта Таццяны Дулінец з рэстарана “Світанак”, якія сталі пераможцамі чарговага абласнога конкурсу прафесійнага майстэрства. А нядаўна Наталля Шухлева заняла другое месца ў аналагічным  рэспубліканскім конкурсе і ў сістэме Белкаапсаюза стала самым маладым  спецыялістам, якому прысвоена званне “Майстар-повар”.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.