Хобі, якое акрыляе


Пад самай столлю Дома культуры, на чатырохметровай вышыні акрабатка выконвае на нацягнутых палотнішчах такія прыгожыя і складаныя элементы, што глядзельная зала ў захапленні замірае, а потым узрываецца апладысментамі. І так кожны раз, калі выступае Вікторыя Захарыч.

Запісвацца ў пастаўскую цыркавую студыю “Каскад” яна прыйшла ў 13 гадоў. І пачула: “Табе ўжо зашмат гадоў. Каб дасягнуць у гэтым відзе высокіх вынікаў, трэба трэніравацца з маленства ”. Але такі “прысуд” дзяўчыну не спыніў. Наадварот, яна з яшчэ большым запалам і натхненнем прыступіла да трэніровак. Дзякуючы амаль штодзённым заняткам, прафесіяналізму і патрабавальнасці кіраўніка студыі Алены Здзіславаўны Дзіль пачалі з’яўляцца першыя поспехі. Кожны, нават самы дробны, акрыляў і натхняў. Сёння юная акрабатка — пастаянная ўдзельніца святочных мерапрыемстваў у раённым Доме культуры і заварожвае гледачоў сваёй пластыкай і смеласцю.

На першым часе здаралася, што хваляванні і эмоцыі падводзілі. У сваім цяперашнім нумары на палотнішчах Вікторыя іх не дапускае. Толькі максімальныя ўважлівасць і сканцэнтраванасць — пад столлю дзяўчына выступае без страхоўкі. Як перажываюць за яе родныя! Але Вікторыя ўпэўнена ў сваіх сілах. У многім дзякуючы таму, што побач — вопытны настаўнік.

— Я сама доўгі час займалася паветранай гімнастыкай, таму добра ведаю яе шматлікія нюансы, — гаварыла кіраўнік студыі Алена Дзіль. — На трэніроўках усе элементы максімальна адпрацоўваюцца, даводзяцца да аўтаматызму. І колькі ў дзяцей і іх бацькоў гонару, радасці, калі ўсё атрымліваецца!

Выступленне на сцэне для адзінаццацікласніцы СШ № 4 Вікторыі Захарыч — любімае хобі. Звязаць з акрабатыкай далейшае жыццё не плануе. З будучай прафесіяй вызначылася — марыць стаць урачом. Займаецца з рэпетытарамі і асабліва шмат часу прысвячае вучобе. Знаходзіць яго і для іншых захапленняў: любіць фатаграфаваць, вандраваць, адпачываць на прыродзе, умее вышываць і плесці з бісеру.

У існаванні ў Паставах яркага калектыву цыркавых артыстаў заслуга Алены Дзіль і яе мужа Валянціна. Яны абое родам з Шаркаўшчыны, дзе працавалі ў дзіцячай цыркавой студыі. Пасля пераезду ў наш райцэнтр вырашылі стварыць яе і тут. Заручыўшыся падтрымкай у Доме культуры, набралі групы дзяцей і распачалі рэпетыцыі. Вучылі іх усяму, што ўмелі самі. Праўда, некаторыя з напружанымі трэніроўкамі не спраўляліся, таму са студыяй развітваліся. Але многія засталіся і змаглі раскрыць свае дагэтуль невядомыя таленты.

 У наступным годзе ўзорнай цыркавой студыі “Каскад” споўніцца 10 гадоў. На жаль, яе ўдзельнікі не змогуць адзначыць юбілей на сцэне — Алена Здзіславаўна Дзіль нядаўна пайшла ў дэкрэтны водпуск, і ў рабоце студыі наступіў перапынак. Але кіраўнік плануе па магчымасці хутка вярнуцца да трэніровак з дзецьмі — без цырка яна свайго жыцця не ўяўляе.

Іна СНЯЖКОВА. Фота Пятра Курыловіча.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.