“Я ў армію пайшоў бы, хай мяне навучаць”

Спорт

Удзельнікі і аргнанізатары спаборніцтваў

Пад такой назвай 3 снежня ў актавай зале СШ № 5 прайшлі традыцыйныя спартыўныя спаборніцтвы сярод старшакласнікаў. Сёлета барацьба за прызавыя месцы аказалася як ніколі захапляльнай і непрадказальнай — у спаборніцтвах удзельнічалі вучні не толькі гарадскіх, але і сельскіх школ Пастаўшчыны.

Будучыя абаронцы Айчыны — вучні СШ №1, №2, №3, №5, Гуты, Варапаева, Камай, Лынтуп, Дуні­лавіч і Навасёлак — прадэманстравалі сілу, вытрымку і спрыт у самых розных конкурсах. Найперш яны паказалі журы і гледачам кароткія візіткі-прывітанні. Пасля гэтага каманды чакаў шэраг эстафет. У іх арганізацыі ўдзельнічалі прадстаўнікі сілавых структур Пастаўшчыны, што дадало конкурсам відовішчнасці, а юнакам — азарту.

Так, раённы аддзел унутраных спраў прадаставіў каскі і бронекамізэлькі для эстафеты “Трывога”. У яе правядзенні дапамаглі выконваючы абавязкі намесніка начальніка РАУС па ідэалагічнай і кадравай рабоце В. Л. Врублеўскі і выконваючы абавязкі начальніка інспекцыі па справах непаўналетніх РАУС В. К. Кішко. Конкурс “Юны пажарны” арганізаваў раённы аддзел па надзвычайных сітуацыях, спаборніцтвы пад назвай “Увага, газы!” — вайсковая часць 2044. Яна забяспечыла камплектамі адзення для хімічнай аховы насельніцтва — іх юныя спартсмены апраналі на хуткасць. Кіравалі правя­дзеннем названых эстафет інспектар групы прапаганды і навучання РАНС А. А. Мухля і намеснік начальніка аддзела пагранічнай службы па ідэалагічнай рабоце І. В. Лушчык.

Самым працяглым і найбольш напружаным па барацьбе атрымаўся конкурс “Сілавая падрыхтоўка салдат”, у якім юнакі прадэманстравалі індывідуальныя фізічныя здольнасці. Высокія вынікі паказалі вучні з Дунілавіч — у практыкаванні “пад’ём сілай” перамогу святкаваў Яўгеній Ермакоў, у адцісканні ва ўпо­ры лежачы не было роўных Ільі Мельнікаву, а Антон Зубрыцкі за адну хвіліну 33 разы здолеў падняць шаснаццацікі­лаграмовую гіру, што стала найлепшым паказчыкам. У лажанні па канаце перамог Аляксандр Петух (СШ №2), у падцягванні на перакладзіне — Аляксандр Баслык (СШ №1). Усім пераможцам у асобных практыкаваннях уручаны каштоўныя падарункі — спартыўны ін­вентар.

Прызы ад РАУС, вайсковай часці 2044 і аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкамаатрымалі і лепшыя каманды. Па выніках сямі конкурсаў першае месца заняла СШ №1, другое — Варапаеўская СШ, трэцяе — СШ №2.

—            Сёлетняе спартыўнае мерапрыемства атрымалася як ніколі масавым, — падвяла вынікі першы сакратар райкама ГА “БРСМ”, адзін з арганізатараў спаборніцтваў Іна Каралёва. — У мінулым годзе каманд было ўдвая менш. Вельмі парадавала, што да конкурсу далучыліся юнакі сельскіх школ. Яны паказалі вельмі дастойныя вынікі, істотна абвастрылі барацьбу. Дзякуй усім, хто знайшоў магчымасць паўдзельнічаць, а таксама падрыхтаваць спартыўнае свята. Гэта найперш адміністрацыя СШ № 5, якая прадаставіла пляцоўку, настаўнік фізічнага выхавання Іван Францавіч Кумішча, намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Аліна Артураўна Семяніхіна. Спадзяюся, што наша плённае супрацоўніцтва будзе працягвацца і далей.

Іна СНЯЖКОВА. Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.