Ёлка завітала раней


Яшчэ больш за два тыдні аддзяляюць нас ад Новага года, але яго набліжэнне адчуваецца паўсюль, у тым ліку і ў Паставах. З кожным днём горад усё больш прыгажэе, апранаючыся ў святочнае ўбранства.  А некалькі дзён назад (раней, чым летась) на плошчы Леніна з’явіўся і асноўны сімвал свята.

—  Выбар галоўнай ёлкі раёна — справа вельмі адказная, — падкрэсліў начальнік аддзела жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама Мікалай Канстанцінавіч Доўмант. —  Заўсёды на прыкмеце маем некалькі “прэтэндэнтак”. Сёлета ў поле зроку трапіла лясная прыгажуня, якая вырасла непадалёк вёскі Гуменнікі Камайскага сельсавета. Елцы не менш за семдзесят гадоў, “рост” — каля 20 метраў, а вага — 3,5 тоны.

Работамі па спілоўванні, транспарціроўцы і ўстаноўцы елкі на плошчы кіраваў майстар участка УП ЖКГ Якаў Сулейманавіч Адамовіч. Ён высока ацаніў прафесіяналізм вальшчыка Віктара Собаля, лесарубаў Дзмітрыя і Івана Мацукоў, машыніста аўтакрана Аляксандра Аляксандрава, вадзіцеля Генадзія Врублевіча, стропальшчыка Віктара Галавіна. А дзякуючы рабочым брыгад будаўнікоў і электрыкаў елка набыла святочны, прывабны выгляд.

На працягу месяца (асабліва ў калядныя і навагоднія дні) яна будзе радаваць дзяцей і дарослых, жыхароў і гасцей горада. Тут пройдуць масавыя  мерапрыемствы.

На здымках: лясная прыгажуня прыбыла ў Паставы.

Тэкст і фота Пятра КУРЫЛОВІЧА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.