З баявым настроем

Местная власть

Навабранец Алег Казаровец з бацькам Фёдарам Сафронавічам і маці Яўгеніяй Геронцьеўнай

Са жніўня па лістапад у Беларусі праходзіла асенняя прызыўная кампанія. Падчас яе на тэрміновую ваенную службу ва Узброеныя Сілы краіны і на службу ў рэзерве з Пастаўскага раёна прызвана больш за 80 чалавек. Апошняя адпраўка маладога папаўнення ў войскі адбылася 26 лістапада. У гэты дзень у райваенкамат у суправаджэнні родных і сяброў з’явіліся 13 прызыўнікоў.

Пакуль мамы, таты, браты, сёстры і каханыя дзяўчаты чакалі ў калідоры, прызыўнікі праходзілі заключны медагляд. 8 урачоў розных спецыяльнасцей з райпаліклінікі выносілі канчатковае рашэнне аб прыгоднасці кожнага да ваеннай службы. Потым быў традыцыйны інструктаж, падчас якога без пяці хвілін салдатам аб’явілі, хто з іх у якія войскі адправіцца, як будзе адбывацца дастаўка да месца службы, што можна браць з сабой, а што не і г.д. Перад прызыўнікамі і іх роднымі выступілі камандзір узвода часці радыёэлектроннай барацьбы з Полацка старшы лейтэнант І. П. Ючко і намеснік начальніка па ідэалагічнай рабоце першага радыётэхнічнага цэнтра войскаў ваенна-паветраных сіл і супрацьпаветранай абароны, які дыслацыруецца ў Паставах, маёр Д. В. Дзевятоўскі. Яны прыбылі ў райваенкамат па маладое папаўненне. Першы забіраў з сабой 6 прызыўнікоў, другі — 7 з 9 адабраных хлопцаў (двое з іх ужо прызваны на службу па кантракце). Па словах Д. В. Дзевятоўскага, спачатку навабранцы пройдуць курс маладога байца ва ўпраўленні брыгады ў Мінску, затым 14 снежня ўрачыста прымуць прысягу, пасля чаго будуць размеркаваны па вайсковых падраздзяленнях.

— Практычна ўсе пастаўчане прыедуць служыць у наш радыётэхнічны цэнтр, — запэўніў кадравы афіцэр. — Думаю, гады службы праляцяць незаўважна, і вы вернецеся дамоў узмужнелымі, годнымі абаронцамі Радзімы.

Гэтага ж пажадаў навабранцам і начальнік групы прызыву на ваенную службу раённага ваеннага ка­місарыята маёр В. І. Баравік. Характарызуючы цяперашнюю прызыўную кампанію, ён адзначыў, што яна прайшла як звычайна, без эксцэсаў. З 80 прызыўнікоў 9 адпраўлены на службу ў рэзерве. Два разы ў год іх будуць выклікаць на месячныя зборы ў свае роды войскаў. Большасць хлопцаў 1995—1996 гадоў нараджэння, да атрымання павесткі паспелі закончыць нейкую навучальную ўстанову і набыць спецыяльнасць. Многія вызначаюцца добрым здароўем, маюць самую высокую, першую, групу прыгоднасці.

Пасля інструктажу мне давялося пагутарыць з самімі прызыўнікамі і іх роднымі. Так, Фёдар Сафронавіч і Яўгенія Геронцьеўна Казароўцы з Гуты ў той дзень праводзілі ў армію сына Алега. Для праходжання службы яго накіравалі ў войскі супрацьпаветранай абароны. Як прызнаўся Алег, дзе менавіта выпадзе служыць — у Паставах ці ў іншым месцы, для яго не мае значэння. У вучэбку ён ехаў з баявым настроем, які падтрымліваў бацька. “Я сам калісьці служыў тэрміновую і лічу, што свой абавязак перад Радзімай трэба выканаць”, — сказаў Фёдар Сафронавіч.

Яшчэ аднаго прызыўніка, Руслана Бразюля, сабралася праводзіць уся сям’я: маці Алена Валер’еўна, якая пражывае ў Мінску, двое братоў, жонка аднаго з іх і пляменнік. Сам Руслан некалькі гадоў назад таксама быў сталічным жыхаром, закончыў там школу. Калі ж прыйшла пара паступаць, змяніў прапіску: па парадзе старэйшага брата, які пераехаў у Паставы, выбраў мясцовы прафтэхкаледж, каб атрымаць адразу некалькі спецыяльнасцей. Пасля выпуску паспеў крыху папрацаваць у ААТ “Кураполле-агра”.

— У армію іду з жаданнем, — сказаў ён. — Што чакае мяне там, ведаю са слоў старэйшых братоў, якія ўжо адслужылі. Калі атрымаецца, хачу застацца служыць па кантракце, звязаць з арміяй сваё жыццё.

Алена ШАПАВАЛАВА. Фота аўтара.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.