“За жыццё трэба трымацца як за саломінку”


Алена Сільвестраўна Літвіновіч доўгі час працавала старшым кантралёрам аўтатранспартнага прадпрыемства № 17. Работа хоць і няпростая, але падабалася. Любіла бываць сярод лю­дзей, выязджаць па розных маршрутах. І ніколі не задумвалася пра тое, што дарога тоіць у сабе небяспеку. Пакуль аднойчы зімой па дарозе на Камаі перад іх аўтобусам не выскачыў насустрач  аўтамабіль, за рулём якога, як высветлілася пазней, быў нецвярозы вадзіцель. Дзякуючы граматным дзеянням вадзіцеля аўтобуса ніхто не загінуў, але некалькі чалавек атрымалі траўмы. У іх ліку аказалася і кантралёр Алена Літвіновіч.

— Паколькі сядзела на першым месцы, мне і дасталася найбольш: атрымала шматлікія ўдары і моцнае страсенне мазгоў, — успамінала жанчына. — На бальнічным ложку правяла чатыры месяцы. Які гэта быў пакутлівы час! Супакойвала сябе тым, што жывая. І калі ўрачы дазволілі прыступіць да работы, з радасцю гэта зрабіла.

Ды не прайшло і паўгода, як другі маршрутны аўтобус, у якім ехала кантралёр, трапіў у аварыю. Зноў пацягнуліся доўгія месяцы лячэння. Алене Сільвестраўне тады было толькі сорак. Ад шматлікіх удараў, стрэсаў, атрыманых падчас аварый, здароўе рэзка пахіснулася. Кожны дзень штосьці балела. Затым пачаліся праблемы з нагамі, у дадатак абвастрыўся набыты яшчэ ў дзя­цінстве поліартрыт. Урэшце без лясачкі хадзіць не змагла. А праз некаторы час медыкі прапанавалі ампутаваць правую нагу. Алена Сільвестраўна адмовілася. Вырашыла: як лёсам наканавана, хай так і будзе. З таго часу стала нястомна працаваць над сабой. Многія знаёмыя раілі: больш ляжы — лягчэй будзе. Яна прытрымлі­валася іншай думкі: калі легчы, то можна і не падняцца — атрафіруюцца ногі і рукі. Таму вось ужо больш за дваццаць гадоў кожны дзень пачынае з фіззарадкі, сама масажыруе балючыя ўчасткі, карыстаецца рэцэптамі народнай медыцыны, стараецца больш рухацца. Ды і жыццё не дае ёй спакою.

— Калі мама перанесла інсульт, яе забрала ў Камаі малодшая дачка, — расказвала Алена Сільвестраўна. — А неўзабаве ўдаўцом застаўся мамін брат. І маці прыйшлося перабрацца да яго ў Рамелькі. Дзядзьку было 90. Ён дрэнна бачыў і самастойна жыць не мог. Я ім ва ўсім дапамагала. А праз некаторы час мама аслепла, і ў хаце стала двое інвалідаў. Цяжкавата было, але іншага выйсця не бачыла. Потым на анкалогію захварэла стрыечная сястра. Яна была псіхічна нездаровая, а ў дадатак яшчэ такі дыягназ. Людзі раілі  аформіць яе ў дом-інтэрнат. Але мне сумленне не дазволіла так паступіць. Пакуты расцягнуліся на чатыры гады.

Нездарма кажуць: бяда адна не прыходзіць. Адзінаццаць гадоў таму машына збіла роднага брата А. С. Літвіновіч. У выніку — пералом шыйкі сцягна. Наведвала яго ў бальніцы, калі выпісаўся, хадзіла дадому. Чалавек перанёс некалькі аперацый, але стаў на ногі. Радавацца б! Ды пачаліся праблемы са страўнікам. Нядаўна паехаў у абласную бальніцу на трэцюю аперацыю. Дома засталася ляжачая жонка. Даглядаюць яе дочкі і сацыяльны работнік, стараецца бываць у братавай і Алена Сільвестраўна. Хтосьці, напэўна, наракаў бы на свае хваробы і чакаў бы спагады да сябе, а яна, нягледзячы на недамаганні, клапо­ціцца пра іншых. А яшчэ не хоча пакідаць без нагляду дом у Рамельках, які дастаўся ад дзядзькі. Таму практычна кожны вечар дабіраецца з райцэнтра ў вёску, а раніцай вяртаецца ў сваю маленькую гарадскую кватэру па вуліцы Ленінскай.

— І гады, і хваробы адольваюць, — расказвала. — Калі раней хадзіла з лясачкай, то цяпер бяру мыліцу. Але не адчайваюся. Здараецца, надыходзіць самота. Ды тут жа сябе супакойваю: колькі адведзена, столькі і пражыву, і, як назначана лёсам, так і будзе. Адзінокай сябе не адчуваю, шмат чытаю, выпісваю перыёдыку, наведваю бібліятэку. Дзякую сястры Ніне і яе сям’і за клопат. Удзячна за падтрымку кіраўніцтву аўтатранспартнага прадпрыемства. У калектыве пра мяне памятаюць, з падарункамі наведваюцца напярэдадні Дня аўтамабіліста, у Дзень пажылых людзей і ў Дзень інвалідаў, цікавяцца маімі патрэбамі. Так было пры дырэктары Ула­дзіміры Уладзіміравічы Стрэчані, так ёсць і пры Алегу Данілавічу Малахаву. Пенсія ў мяне невялікая, таму кожны рубель на ўліку, а лякарствы дарагія, хапае і іншых расходаў. Рук не апускаю. Выпрацавала ў сабе сілу волі, стараюся не падаць духам. За жыццё трэба трымацца як за саломінку і радавацца таму, што бачыш сонца, адчуваеш подых ветру.

Тэкст і фота Анны АНІШКЕВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.