Адбылася прэзентацыя кнігі “Рымкі”


У раённай бібліятэцы адбылася прэзентацыя кнігі вядомых нашых краязнаўцаў Мікалая Арэха і Ігара Пракаповіча “Рымкі. Вёска на краі вечнасці”. Зала бібліятэкі была поўнай: прыйшлі як пастаўчане, якія цікавяцца іх працай, так і тыя, чые лёсы так ці іначай звязаны з вёскай Рымкі, якая раней была багатай на людзей і падзеі, а цяпер стала мёртвай.

Аўтары збіралі матэрыял пра гэту вёску па-асобку, нават не ведаючы пра захапленне адзін аднаго. А калі даведаліся, пачалі працаваць разам: у супольнасці апісанне атрымліваецца больш поўным.

Першым выступіў І. Пракаповіч, аўтар 22 кніг па края­знаўстве. Ён расказаў пра тое, як упершыню зрабіў вандроўку ў гэтую вёску летам 2009 года. Тады яшчэ сустрэўся з яе жыхарамі, мужам і жонкай Яловікамі, якім было за 80. Але і ў такія гады муж працаваў: рабіў вятрак у спадзяванні на тое, што, калі ў іх будзе млын з ветраком, людзі часцей да іх будуць заглядваць.  Цяпер Яло­вікаў там няма…

“Якая сіла прымусіла людзей пакінуць родныя хаты, родную зямлю і з’ехаць у свет? Чаму Падзісеншчына, у мінулым — квітнеючы край, ператвараецца ў беларускую пустыню?..” — разважаюць аўтары над гэтым пытаннем. І даюць адказ: “Калгасна-саўгасны лад. Людзей сілай адарвалі ад уласнай зямлі, пазбавілі самастойнасці, зрабілі залежнікамі “вышэйшых” загадаў, а потым прывучылі да безадказнасці, абыякавасці, халуйства, што, урэшце, прывяло да п’янства, духоўнай і фізічнай дэградацыі”.

І. Пракаповіч з болем апавядаў пра зарослыя быльнягом хаты — хатамі гэта назваць нельга: стрэхі трымаюцца толькі на вуглах, часткі сцен выразаны — для кагосьці дармовыя дровы.  А яшчэ жахлівей знаходзіць фотакарткі ў пакінутых хатах. Няўжо нашчадкі не захацелі захаваць памяць пра сваіх родных?

М. Арэх, аўтар дзвюх кніг па краязнаўстве, асабліва зацікавіўся вёскай Рымкі, калі знайшоў кнігі пратаколаў Тузбіцкага сельскага Савета. Збіраючы матэрыялы пра вёску Рымкі, ён аднойчы нават пераплываў Дзісенку.

Праходзяць слайды прэзентацыі, на якіх мы бачым фатаграфію рымкаўскай царквы пачатку ХХ стагоддзя і вёску Рымкі на розных картах. З дапамогай мясцовай жыхаркі В. К. Павалковіч аўтары склалі схему вёскі, узнавілі, дзе хто пражываў у 60-ыя гады мінулага стагоддзя. Запісалі цікавыя здарэнні, змясцілі фатаграфіі рымкаўцаў. У канцы кніжкі 5 цікавых дадаткаў: табліца зямельных уладанняў, ступень адукаванасці і нацыянальны склад жыхароў вёскі за 1949 год, змены ў колькасці насельніцтва ў ХХІ стагоддзі, удзельнікі Вялікай Айчыннай вайны, загінуўшыя воіны-землякі, спіс пахаваных на рымкаўскіх могілках.

Думаю, прэзентацыя кнігі не пакінула нікога раўнадушным. Да выступленняў краязнаўцаў далучылася музыка: перад слухачамі выступіла Юліяна Янцэвіч, настаўнік па класе скрыпкі школы мастацтваў імя Тызенгаўза. Захапілі аповеды тых людзей, чые лёсы звязаны з памерлай вёскай.

Вялікая, грунтоўная края­знаўчая праца. І не толькі края­знаўчая. Яна закранае наша сумленне: а што я зрабіў, каб захаваць памяць пра сваіх продкаў, што я зрабіў, каб імя маёй вёсачкі або пасёлка не знікла бясследна? Чаму я не маю такой любові да зямлі, якую мелі мае продкі? Аўтары заклікаюць далучацца да такой работы: “Збор як мага больш поўнай інфармацыі пра асобныя населеныя пункты, якім наканавана лёсам у бліжэйшы час сысці ў вечнасць, — актуальнейшая агульнабеларуская задача”. Хто адчуе іх боль і адгукнецца на заклік?

Аліна ЛАТЫШ,  няштатны карэспандэнт.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.