“Банк стаў часткай мяне”


Даната Тадэвушаўна Казлоўская — адна з тых, хто складае касцяк калектыву Цэнтра банкаўскіх паслуг №230 ААБ “Беларусбанк”. У гэтай установе жанчына працуе ўжо больш за тры дзесяцігоддзі. Маючы багаты практычны вопыт, вызначаецца высокай адказнасцю і добрасумленнымі адносінамі да справы.

— У “Беларусбанк” — а тады ён называўся Ашчадбанкам — я прыйшла ў жніўні 1983 года, можна сказаць, выпадкова, — успамінае Д. Т. Казлоўская. — У свой час закончыла Даўгаўпілскі чыгуначны тэхнікум па спецыяльнасці “Эксплуатацыя чыгункі”. Тры гады адпрацавала ў Калі­нінградзе, а выйшаўшы замуж, вярнулася на радзіму, у Паставы. Трэба было шукаць работу. І аднойчы, праходзячы каля ашчаднай касы, убачыла на яе дзвярах аб’яву пра тое, што патрабуюцца кантралёры-касіры. Так аказалася ў аддзяленні №9, якое знахо­дзілася ў будынку пошты. Займалася прыёмам плацяжоў, прыцягненнем і размяшчэннем грашовых сродкаў насельніцтва ва ўклады “Да запатрабавання” і “Ашчадны”, выплатай зарплаты некаторым арганізацыям, продажам латарэйных білетаў.

Праз год Д. Т. Казлоўскую перавялі ў цэнтральную касу, у аперацыйную частку, а з 1988 года Даната Тадэвушаўна ўзначаліла яе. На гэтай пасадзе працуе па сённяшні дзень, з’яўляючыся ўпраўляючай аперацыйнай службы. Менавіта сюды, як правіла, звяртаюцца наведвальнікі, калі прыходзяць у банк, каб ажыццявіць розныя плацяжы, грашовыя пераводы, купіць або здаць валюту і г.д. Як начальнік службы Д. Т. Казлоўская арганізуе і кантралюе работу аперацыяністаў, ажыццяўляе наступныя праверкі, вырашае пытанні з кліентамі, якія не могуць вырашыць спецыялісты па аперацыйна-касавай рабоце.

— Для нас самае галоўнае — кліент, каб ён застаўся задаволены абслугоўваннем у банку, — зазначае мая суразмоўца. — А таму нам трэба быць крыху юрыстам, крыху — псіхолагам. Вельмі многія наведвальнікі проста раяцца, як ім паступіць, што рабіць з тымі ці іншымі дакументамі або грашыма. Некаторыя так і пытаюцца: “Што Вы зрабілі б на маім месцы?” Стараемся ім дапамагчы, расказаць, прапанаваць такое рашэнне, якое прынялі б самі ў дадзеным выпадку. Бываюць і больш складаныя, нестандартныя, сітуацыі.

Па словах Данаты Тадэвушаўны, нягледзячы на вялікі вопыт работы ў банку, ёй даводзіцца ўвесь час чамусьці вучыцца, бо пастаянна з’яўляюцца новыя тэхналогіі і банкаўскія прадукты, мяняюцца ўмовы дзеючых грашовых укладаў. І на ўсе гэтыя змяненні трэба хутка адрэагаваць і данесці іх да кліентаў. Неабходныя веды жанчына чэрпае на розных семінарах і курсах павышэння кваліфікацыі, якія праводзяцца ў “Беларусбанку”. Прызнаецца таксама, што з-за вялікай занятасці практычна жыве на рабоце. Але пра тое, што калісьці звязала сваё жыццё з банкаўскай дзейнасцю, зусім не шкадуе.

— Я не ўяўляю сябе без банка, — кажа яна. — Напэўна, гэта ўжо ў крыві. За столькі гадоў работы “Беларусбанк” стаў часткай мяне.

Алена ШАПАВАЛАВА.

Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.