Ці рэальна дом узвесці?


Для будаўнічай індустрыі Беларусі мінулы год стаў часам значных перамен, шмат у чым абумоўленых прыняццем Прэзідэнтам і Урадам нарматыўных прававых актаў, накіраваных на ўдасканаленне будаўнічай дзейнасці. Разам са станоўчымі зменамі новыя правілы работы на рынку праектна-будаўнічых паслуг сталі для многіх яго ўдзельнікаў крыніцай дадатковых складанасцей і праблем. Пра тое, як новаўвядзенні адбіліся на будаўнічай галі­не раёна, вынікі работы, планы і перспектывы карэспандэнту «ПК» расказаў намеснік старшыні райвыканкама Павел Радзівонавіч СТАНЮШ.

— У мінулым годзе галоўнымі нова­ўвядзеннямі сталі ўступленне ў сілу Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 14 студзеня № 26 «Аб мерах па ўдасканаленні будаўнічай дзейнасці»  і новыя Правілы крэдытавання на будаўнічым рынку. У чым прынцыповае адрозненне ад раней дзеючых правіл?

— Сэнс новай схемы будаўніцтва, так званага дзяржзаказу, у тым, што ўзвядзенне жылля ажыццяўляецца за кошт ільготных крэдытаў, прадастаўляемых упраўленню капітальнага будаўніцтва, якое да завяршэння ўсіх работ і выплачвае па іх працэнты банку. Пасля сфарміравання спісу забудоўшчыкаў банк разлічвае для кожнай канкрэтнай сям’і суму ўласных сродкаў, якую трэба ўнесці, каб атрымаць ільготны крэдыт на астатнюю суму. Як толькі гэта працэдура будзе выканана, банк, у адпаведнасці з крэдытнай дамовай, гасіць крэдыт упраўленню капітальнага будаўніцтва. Шматкватэрны дом па вуліцы Касманаўтаў, 29 «А», стаў першым аб’ектам у раёне, пабудаваным па сістэме дзяржзаказу.

— Хто, на якіх умовах і як хутка стане ўладальнікамі кватэр у новым доме?

— Дом уведзены ў эксплуатацыю ў снежні мінулага года. Прыкладна за 3-4 месяцы да завяршэння будаўніцтва з ліку тых, хто стаіць на ўліку ў чарзе на паляпшэнне жыллёвых умоў, быў сфарміраваны спіс будучых уладальнікаў кватэр. Зарэгістравана таварыства ўласнікаў, старшыня якога ў ролі юрыдычнай асобы бу­дзе заключаць дагаворы з УП ЖКГ на цепла- і водазабеспячэнне, з Энергазбытам — на энергазабеспячэнне, займацца іншымі пытаннямі. Абсалютная большасць тых, хто заселіць новы дом, — шматдзетныя сем’і (30 кватэр з сарака). Выкупіць кватэры новыя ўладальнікі па­вінны да 28 красавіка. Пакуль што ў свае маёмасныя правы не ўступіла ні адна сям’я. Але, як толькі гэта здарыцца, упраўленне капітальнага будаўніцтва выдасць законным уладальнікам ключы ад жылля, і яны змогуць рыхтаваць кватэру да засялення. Чаму рыхтаваць, а не засяляцца? Каб квадратны метр каштаваў танней, частка аддзелачных работ у новабудоўлі была выключана з праектна-каштарыснай дакументацыі. Уласнікі жылля павінны іх выканаць уласнымі сіламі: паклеіць  шпалеры, выканаць чыставую афарбоўку столі, уставіць дзверы ў жылыя пакоі, паслаць падлогу (лінолеум ёсць толькі на кухні, у іншых пакоях зроблены толькі сцяжкі).

— Колькі за мінулы год у раёне ўве­дзена квадратных метраў жылля? Ці выкананы план?

— Пры заданні 11600 квадратных метраў за мінулы год у раёне пабудавана 11623 кв. м жылля. Гэта два дамы па вулі­цы Касманаўтаў у райцэнтры (32 «А» і 29 «А»), два двухкватэрныя дамы ў Навасёлках і два аднакватэрныя ў Груздаве. 6300 квадратных метраў (з іх у сельскай мясцовасці 2500) узведзена індывідуальнымі забудоўшчыкамі.

—            Якія аб’ёмы плануецца выканаць у 2015 годзе?

— Дакладныя лічбы пакуль невядомыя, але папярэдне чакаецца, што гэта будзе дзесяць тысяч метраў квадратных. У тым ліку і дом па Зялёнай, 22. Будзе гэта ў апошнім выпадку будаўніцтва па сістэме дзяржзаказу, долевая або іншая форма будаўніцтва — таксама пакуль казаць рана. У 6 гарадку трэба выканаць немалыя аб’ёмы па будаўніцтве інжынерных сетак для новага мікрараёна забудовы, які будзе складацца з васьмі дамоў: з’я­віцца новы напорны каналізацыйны калектар для падачы сцёкаў на гарадскія ачышчальныя збудаванні, што дазволіць разгрузіць існуючыя сеткі, будзе выканана закальцоўка сетак водазабеспячэння з гарадскім водазаборам, і гэта палепшыць якасць вады, пракладзены сеткі электразабеспячэння. Да будаўніцтва першага 60-кватэрнага дома па вуліцы Зялёнай, 22, прыступім у бліжыйшыя дні.

— Летась наш горад перасягнуў 20-тысячны рубеж па колькасці насельніцтва і па гэтай прычыне выпаў з разраду малых гарадоў. Як гэта адбілася на будаўнічай галіне?

— На 1 студзеня 2014 года ў Паставах налічвалася 20067 чалавек, па аператыўнай інфармацыі бягучага года — 20130. Усім вядома, што самыя льготныя ўмовы крэдытавання, у адпаведнасці з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 06.01.2012 № 13 «Аб некаторых пытаннях прадастаўлення грамадзянам дзяржаўнай падтрымкі пры будаўніцтве (рэканструкцыі) або набыцці жылых памяшканняў», існуюць для жыхароў населеных пунктаў з колькасцю насельніцтва да дваццаці тысяч. Як толькі Паставы перасягнулі гэты рубеж, да мінімуму скарацілася катэгорыя грамадзян, якая мае права на атрыманне крэдыту пад 5 працэнтаў гадавых. На льготны крэдыт могуць разлічваць толькі тыя, хто пражыў 10 і больш гадоў у інтэрнаце, і пэўная катэгорыя супрацоўнікаў сілавых структур. Таксама з 1 студзеня ўнесены змены ва Указ Прэзідэнта № 13, якія дазволяць маладым сем’ям з дваімі дзецьмі афармляць крэдыт на льготных умовах пад 5 працэнтаў гадавых.

Не памяняліся ўмовы для шматдзетных сем’яў: ранейшымі засталіся крэдытуемая плошча, выплаты і кампенсацыі. Як і раней, крэдыт выдаецца на 40 гадоў пад 1%. Астатнім катэгорыям грамадзян крэдыт выдаецца на агульных умовах. Працэнты па ім складаюць ад 12,5 да 35% гадавых. Каб атрымаць такі крэдыт, трэба мець вялікія даходы. Зарплаты ў пастаўчан невысокія, таму ў нашым раёне ніхто нават і не спрабаваў аформіць крэдыт пад такія працэнты.

Узніклі складанасці і з рэканструкцыяй жылля. Калі раней на гэтыя мэты, у адпаведнасці з Указам № 75, пастаўчане маглі ўзяць крэдыт да 30 мільёнаў рублёў, то зараз такой магчымасці няма. Паколькі колькасць насельніцтва нашага горада толькі нязначна перавышае дваццаць тысяч, кіраўніцтва раёна звярталася ў Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва, абл­выканкам і іншыя інстанцыі, каб у прыватным парадку нам пайшлі насустрач і захавалі ранейшую сістэму крэдытавання, але, на жаль, усюды атрымала адмову.

— Дык ці магчыма ўсё ж такі каму-небудзь разлічваць на новую кватэру?

—            Сёлета чакаецца ўдасканаленне будаўніцтва па сістэме дзяржзаказу, актыўна абмяркоўваюцца выкарыстанне грашовых укладаў па сістэме будаўнічых зберажэнняў, набыццё жылля ў лізінг, што, безумоўна, створыць спрыяльныя ўмовы для грамадзян.

Гутарыла Вераніка ФІЛАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.