“Галоўнае — каб у людзей была матывацыя да аздараўлення”


2 студзеня ў Пастаўскай цэнтральнай раённай бальніцы адкрылася наркалагічнае аддзяленне.

Зрэшты, тут і дагэтуль лячылі пацыентаў з алкагольнай залежнасцю. Урач-нарколаг на прыёме вызначаў яе ступень і назначаў лячэнне, якое праводзілася ў адным з аддзяленняў ЦРБ. Напачатку паслугай ананімнага лячэння за год скарыстоўвалася да 90 чалавек. Але паступова лічба змяншалася, і хутчэй за ўсё, з-за адсутнасці той самай ананімнасці, калі побач у палаце ляжаў ці сусед па доме, ці калега, ці іншы знаёмы.

Са з’яўленнем новага аддзялення, якое, дарэчы, знаходзіцца ў адасобленым ад самой бальніцы будынку і ў зручным месцы ў плане транспартнай даступнасці (побач з аўтавакзалам), сітуацыя павінна змяніцца.

— Арганізацыя такога аддзялення важная ў плане ўдасканалення падыходаў у аказанні медыцынскай дапамогі, — заўважае галоўны ўрач УАЗ “Пастаўская ЦРБ” Уладзімір Мікалаевіч Чакавы. — Ініцыятыва належыць райвыканкаму, і мы ўдзячны за дапамогу і падтрымку. Пасля таго, як памяшканне былога медвыцвярэзніка было перададзена на баланс ЦРБ, мы ўзяліся за яго бягучы рамонт. Генпадрадчыкам на аб’екце выступала АБП “Рассвет Пастаўскі”, да выканання работ прыцягваліся і іншыя прадпрыемствы. Удзячны Варапаеўскаму дрэваапрацоўчаму камбі­нату за пастаўленую мэблю. Аказвалася і спонсарская дапамога. Многія віды работ выконвалі сваімі сіламі, і гэта патанніла рамонт. Аб’ект каштаваў бы намнога даражэй, калі б гэта было новае будаўніцтва або рэканструкцыя ці мадэрнізацыя.

Умоўна памяшканне можна раздзяліць на два блокі — медыка-сацыяльны (сюды змогуць паступаць пацыенты, якія патрабуюць сацыяльнай абароны, і ў перспектыве ён можа быць разлічаны на 10 месцаў) і наркалагічны. У штатным раскла­дзе — стаўка ўрача-псіхіятра-нарколага, 4 паставыя медсястры, старшая медсястра (яна ж і псіхолаг), 5 санітарак, сястра-гаспадыня. Канчаткова неабходнасць колькасці штатных адзінак будзе вызначана аб’ёмам аказаных паслуг па выніках за першы квартал. Акцэнт у аддзяленні ўжо зараз скіраваны на тое, каб яго работнікі мелі другасную спецыялізацыю, таму што аддзяленне не заўсёды можа быць запоўнена наркалагічна хворымі. У такіх выпадках аб’ёмы работы закрываюцца за кошт экспертызы перадрэйсавых аглядаў вадзіцеляў, і гэта ўжо мае месца.

— Такіх аддзяленняў пры цэнтральных раённых бальніцах у вобласці няма, — працягваў У. М. Чакавы. — Мы працуем у рамках пілотнага праекта. За кароткі тэрмін практычна ўсё адладжана, праблем пакуль  няма. Будзем працягваць закупліваць абсталяванне і рацыянальна фарміраваць штатны расклад, і ўсё гэта ў тым ліку і за кошт прыцягнення пазабюджэтных сродкаў. Цяпер галоўная задача — забяспечваць міжведамаснае ўзаемадзеянне, пераемнасць у аказанні дапамогі, маніторынг залежных паводзін і сучасныя падыходы ў лячэнні і рэабілітацыі алкагольнай залежнасці.

У аддзяленні 15 ложкаў. Пяць з іх — кругласутачнага знаходжання, яшчэ пяць — дзённага стацыянара і апошнія пяць — рэабілітацыйныя і медыка-сацыяльныя. На кругласутачных пацыенты атрымліваюць дапамогу па вывядзенні з запою. Дзённы стацыянар разлічаны на пацыентаў з наркалагічнымі праблемамі, але яны могуць хадзіць на работу і прыходзіць у аддзяленне ў любы час, атрымліваць таблеціраваныя формы лячэння. Лячэнне платнае, у тым ліку і для тых, на каго распаўсюджваецца прыгавор суда Пастаўскага раёна аб прымусовым лячэнні ад алкагалізму. На рэабілітацыйных ложках будуць праходзіць рэабілітацыю асобы без пэўнага месца жыхарства з наркалагічнай залежнасцю.

— Вельмі важны момант — дыспансерызацыя, — уключаецца ў размову загадчыца аддзялення Жанна Пятроўна Папова. — У адным з кабінетаў устаноўлены апарат для кадзіравання. Будзем прымяняць новыя тэхналогіі, усе намаганні скіроў­ваць на тое, каб чалавека вырваць з алкагольнай залежнасці. Разлічваем, што тыя 50 працэнтаў, якія раней адмаўляліся ад лячэння з-за адсутнасці ананімнасці, вернуцца. Прымусіць чалавека не магу, назначэнне і лячэнне праводзяцца з яго згоды. Але я абавязкова папярэджваю аб тым, як ацэньваю сітуацыю з яго наркалагічнай праблемай і які можа быць фінал, калі не прыняць кардынальных мер. Пацыент дае згоду — ставім кропельніцу. Затым прапаную амбулаторна-ананімнае лячэнне: выпісваю рэцэпты, даю кантактны тэлефон і папярэджваю: “Пажадаеце — прыходзьце”. Галоўнае, каб у саміх людзей была матывацыя да аздараўлення.

Дапамога ў наркалагічным аддзяленні шматгранная, магчыма, для многіх яна пакуль незразумелая. З часам, як запэўніў У. М. Чакавы, аддзяленне можа стаць функцыянальным цэнтрам псіхічнага здароўя.

Галіна ПІШЧ.

Падказка першая

Каб атрымаць неабходную медыцынскую дапамогу ў наркалагічным аддзяленні, неабходна прыйсці ў Пастаўскую райпаліклініку на прыём да ўрача-псіхіятра-нарколага і расказаць пра свае праблемы. Далейшы шлях такі: у прыёмным пакоі праводзіцца агляд, заводзіцца гісторыя хваробы пацыента, назначаецца абследаванне, эканамісты налічаць неабходную для платы суму (у сярэднім 183 тысячы рублёў за дзень). Пасля гэтага пацыента накіроўваюць у аддзяленне.

Падказка другая

Наркалагічнае аддзяленне Пастаўскай ЦРБ знаходзіцца ў Паставах, па вуліцы Вакзальнай, 31 “В”. Больш поўную інфармацыю можна атрымаць па тэлефоне аддзялення 4-11-80 або пазваніўшы ў кабінет нарколага па нумары 4-11-49.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.