Калядныя падарункі

Духовность Местная власть

Удзельнічаючы ў рэспубліканскай акцыі “Нашы дзеці”, прадстаўнікі дзяржаўных структур, грамадскіх арганізацый і іншых фарміраванняў дайшлі практычна да кожнага хлопчыка і дзяўчынкі, таму калядныя і навагодняе святы прынеслі дзецям шмат задавальнення, радасці і падарункаў.

Не адчувалі сябе абдзеленымі на Новы год і Каляды дзеткі і мамы, якія  па волі лёсу аказалі­ся ў дзіцячым аддзяленні цэнтральнай раённай бальніцы. Адміністрацыя лячэбнай установы ўручыла маленькім пацыентам салодкія падарункі, а адразу пасля Каляд сюды завіталі выхаванцы нядзельнай школы пры храме Свяціцеля Мікалая Цудатворца ў Паставах.

З верасня мінулага года пад кіраўніцтвам дырэктара Дома рамёстваў Таццяны Петух тут працуе дзіцячы лялечны тэатр — батлейка.  Яго артысты паказалі сваім аднагодкам і медыцынскім работнікам прадстаўленне па матывах п’есы “Нябесны госць”, аўтарам якой з’яўляецца вядомы дзіцячы беларускі праваслаўны пісьменнік Барыс Ганага. Больш за 20 гадоў сваімі творамі ён вучыць юных грама­дзян дабру і высокай маралі, прымушае  людзей розных узростаў задумацца пра важнейшыя духоўныя праблемы сучаснасці. Вось і героі п’есы “Нябесны госць”  сцвярджалі, што сапраўдная сіла чалавека не ў моцным здароўі, заможнасці і сацыяльным статусе, а ў яго любові да Бога, духоўным багацці, пастаянным імкненні дапамагаць тым, хто мае ў гэтым патрэбу. Павучальная калядная гісторыя выклікала ў дзяцей і дарослых самыя лепшыя пачуцці.

Радасць і святло Божага Нараджэння музыкай і песнямі прымножылі дзеці-калядоўшчыкі, Дзед Мароз і Снягурка, святочныя віншаванні з Раством Хрыстовым настаяцеля храма Свяціцеля Мікалая Цудатворца ў г. Паставы протаіерэя Валерыя Пашкевіча, намесніка старшыні райвыканкама Ю. М. Кісялёва, галоўнага ўрача цэнтральнай райбальніцы У. М. Чакавага. Яны пажадалі дзецям і іх маці хутчэйшага выздараўлення, дабрабыту, шчасця ў кожным дні і ўручылі ім і медыцынскаму персаналу салодкія падарункі, цацкі.

Кранальнай атрымалася і сустрэча ў радзільным аддзяленні. Шчаслівымі маладымі мамамі тут адчувалі сябе Кацярына Бальшакова, у якой на самым зыходзе 2014 года нарадзіўся хлопчык, і Юлія Волк, сынок якой стаў першым нованароджаным на Пастаўшчыне ў 2015 годзе. Госці пажадалі ім сямейнага цяпла і ўтульнасці, шчасця і радасці, уручылі пачастункі.   Атрымалі яны і калядныя падарункі ад раённай арганізацыі Беларускага таварыства Чырвонага крыжа, якія ўручыла яе старшыня Я. В. Савіцкая.

Тэкст і фота

Пятра КУРЫЛОВІЧА.

Пасткрыптум: у 2014 годзе на Пастаўшчыне нарадзілася 429 хлопчыкаў і дзяўчынак, у тым ліку ў радзільным аддзяленні ЦРБ — больш за 200. З пачатку новага года тут з’явілася на свет 7 дзяцей.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.