Камерная, цёплая і шчырая


У чытальнай зале Пастаўскай цэнтральнай раённай бібліятэкі адбылася сустрэча з папулярнай тэле- і радыёвядучай, пісьменніцай Тамарай Лісіцкай і пачынаючым беларускім пісьменнікам і рэжысёрам Ігарам Паляковым.

У Паставы Т. Лісіцкая і І. Палякоў прыехалі разам з супрацоўнікамі сталічнага выдавецтва “Рэгістр”, дзе ўбачылі свет іх кнігі. Калі ў Тамары іх выйшла ўжо чатыры: раманы “Идиотки”, “Тихий центр” і “Поцелуй аиста”, а таксама зборнік вершаў “Богиня, или Плач домохозяйки”, дык Ігар, матэматык па адукацыі, дэбютаваў там са сваёй аповесцю “Пространства”, якую пісаў на працягу 12 гадоў. У 2012-ым ён адправіў невялікі ўрывак з яе на літаратурны конкурс для пачынаючых аўтараў “Першая глава”, які выдавецтва праводзіла сумесна з праграмай “Культурная сфера” на радыё “Сталіца”, перамог у ім і адразу стаў пісьменнікам, які падае надзеі.

Нагодай для візіту літаратараў у наш горад стала прэзентацыя мясцовым чытачам аповесці “Пространства” і зборніка вершаў “Богиня, или Плач домохозяйки”, які быў выда­дзены 8 снежня мінулага года. Улічваючы неардынарныя асобы аўтараў і шырокае кола іх інтарэсаў, можна было меркаваць, што сустрэча атрымаецца нясумнай. Але такога крэатыву не чакаў, напэўна, ніхто з прысутных у бібліятэцы. Як рэжысёр І. Палякоў вырашыў сумясціць літаратуру і кіно і прапанаваў удзельнікам сустрэчы стаць героямі фільма, перанёсшыся ў маленькае кафэ ў Фларэнцыі. Падчас “здымкаў” з дапамогай Т. Лісіцкай ён інсцэніраваў дыялог са сваёй аповесці, чым абудзіў чытацкі інтарэс да яе.

Затым з тэмы кіно госці перайшлі на лірычную. І тут ужо на авансцэну выйшла Тамара Лісіцкая. Яна прачытала некалькі вершаў з новага зборніка, расказала, як яны нарадзіліся, а таксама што паслужыла асновай для сюжэтаў раманаў, чаму дала ім такія назвы. Пасля чаго прапанавала слухачам задаваць пытанні. І тыя літаральна засыпалі імі пісьменнікаў. Пастаўскіх аматараў мастацкага слова цікавіла абсалютна ўсё: прыдуманы або маюць прататыпаў гераіні рамана “Идиотки”, як называецца фільм, зняты па кнізе “Тихий центр”, чым, акрамя вучобы, займаюцца дзеці Тамары (а іх у жанчыны трое), што натхняе аўтараў на творчасць, якую музыку яны слухаюць, ці неабходна творчаму чалавеку адзінота, што з’яўляецца спачатку: сам твор, а пасля яго назва або наадварот і г.д.

Адказваючы на пытанні, госці прыадкрылі завесу асабістага жыцця, падзялі­ліся з прысутнымі творчымі планамі. Так, Т. Лі­сіцкая выношвае ідэю напісання дэтэктыва, а зараз працуе над аўдыёварыянтам “Богини”, куды ўвойдуць агучаныя вершы з музыкай. Да гэтага зборніка рыхтуецца яшчэ і альбом песень. Аўтарам лепшых пытанняў пісьменнікі падарылі свае кнігі з аўтографамі. Астатнія ўдзельнікі сустрэчы змаглі купіць іх па спецыяльнай выдавецкай цане, а таксама атрымаць аўтограф і сфатаграфавацца з Тамарай і Ігарам.

Сустрэча атрымалася камернай, цёплай і       шчырай. Ад імя чытачоў дырэктар цэнтральнай раённай бібліятэкі Л. Г. Касцень падзякавала за яе гасцям, уручыла кветкі і запрасіла прыехаць у Паставы яшчэ, з новымі кнігамі. Што і было паабяцана.

Алена ШАПАВАЛАВА.

Фота аўтара.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.