“Махаю рукой паравозіку геніяў…”


Выхавальнік вышэйшай катэгорыі І. М. Грык’ян з дзецьмі сваёй групы.

“Няма настрою? Хоць аднойчы загляні ў садок раніцай і паназірай, як дзятва ў групах збіраецца, — тваю дэпрэсію як рукой здыме”, — раіла адна маладзіца іншай. Выпадкова падслуханы “рэцэпт” прыхавала для сваіх мэт. А тут гарадская “Крынічка” толькі што адзначыла 25-годдзе. Чым не нагода завітаць у дашкольную ўстанову і высветліць, ці праўду казала маладая мама?

— Я і сама не перастаю радавацца гэтаму дзівоснаму свету, які дорыць суцэльны пазітыў, — адказала на маё пытанне загадчыца ясляў-сада №1 Лада Яўгенаўна Канчаніна. — Нягледзячы на тое, што за дзень можна вельмі стаміцца. Перад тым, як узначаліць установу, чатыры гады адпрацавала выхавальнікам. Таму добра ведаю, колькі ўвагі патрабуюць малыя. З адным трэба проста пагаварыць, другога ўзяць на рукі, трэцяму пачытаць казачку, чацвёртаму паправіць кашульку. І для ўсіх быць мамай. Пасля змены (яна доўжыцца 10,5 гадзіны) ні пра што не хочацца думаць, проста пераасэнсоўваеш пражытае за дзень. Але наступае заўтра, і з новымі сіламі, цудоўна выглядаючы, работнікі прыходзяць у садок, натхняюцца, адкрываюць свае сэрцы, каб аддаць малечам цяпло і ласку.

І так штодзень. У кожнага свае клопаты і абавязкі. Загадчыца звычайна пачынае са своеасаблівага абходу — на кухню, у пральню. А палове дзявятай у групах адзначаюць прысутных дзетак — і там яна павінна быць: зрабіць аб’явы, высветліць усе пытанні. Затым пачынаецца зарадка. У загадчыцы выпрацаваўся спецыяльны рытуал — з хлопчыкамі вітацца за руку… “А як жа, гэта ж будучыя мужчыны”, — тлумачыць.

Маладыя выхавальнікі Н. Д. Казаровец, К. П. Мурзёнак і настаўнік-дэфектолаг В. М. Талайка з загадчыцай сада Л. Я. Канчанінай.

За дзень літаральна з усімі выхаванцамі сустрэнецца. Пераканана: іх вачаняты выпраменьваюць дабро. Бывае, расчыніць дзверы ў пакой, яны тут жа падбягаюць, расказваюць, распытваюць. Лада Яўгенаўна прысядзе, дзеці вакол абступяць. Дзяўчынкам хочацца дакрануцца да яе біжутэрыі. “Што гэта ў цябе?” — цікавяцца. А загадчыца не крыўдуе, тлумачыць потым выхавальнікам, маўляў, падрастуць, тады і зразумеюць, што да дарослых трэба на вы звяртацца.

Дзеткі — народ асаблівы, а садок для іх — маленькая краіна са сваімі законамі. Іх яны выконваюць, ім падпарадкоўваюцца. З дапамогай дарослых вучацца, развіваюцца, ідуць наперад, крок за крокам падымаюцца ўверх па лесвіцы жыцця. Усяго ў “Крынічцы” 267 хлопчыкаў і дзяўчынак, 42 з іх — самыя маленькія, астатнія — ад трох гадоў да выпускнікоў, якім ад шасці да сямі гадоў і хто па нейкіх прычынах не пайшоў у школу.

— Галоўнае ў нашай рабоце — любіць дзяцей, умець пражыць з імі кожную хвіліну, — працягвае Л. Я. Канчаніна. — Яны ж такія непасрэдныя. Часам стаю, а яны пад руку ціснуцца. Ну як тут не прылашчыш! Або, скажам, сяджу ў кабінеце, дзверы прыадчынены, а група праходзіць міма. Махаю рукой паравозіку геніяў, а яны мне таксама, і сэрца замірае ад радасці.  Дзеці не церпяць фальшу, гаварыць з імі трэба як з дарослымі, на пытанні адказваць сур’ёзна, не робячы скідкі на ўзрост і не пакідаючы адкрытым ніводнага “чаму?” Таму што адказ хлопчык ці дзяўчынка атрымае ўсё роўна, магчыма, і на вуліцы. І не факт, што правільны. Успамінаю, як мой сын у свой час праходзіў так званыя ўніверсітэты ў свайго дзядулі — майго таты. Я вельмі задаволена, што на такіх уроках і была закладзена грунтоўная аснова для далейшага развіцця.

За 25 гадоў існавання ясляў-сада склалася цэлая сістэма ў рабоце. Тут вучаць быць патрыётамі, ганарыцца гісторыяй сваёй Радзімы, захоўваць традыцыі. І пра ўсё гэта апавядалася на мерапрыемстве, прысвечаным юбілею ўстановы. Шчырыя словы былі сказаны ў адрас ветэранаў, па-за ўвагай не застаўся ніводны работнік. Пра іх стыль і метады Лада Яўгенаўна гаварыла з асаблівай цеплынёй. Алену Іванаўну Малько, Ію Мілецьеўну Грык’ян, Рыму Генадзьеўну Лаўнікоўскую называла мэтрамі. Хваліла і маладых — за крэатыўнасць у рабоце, ініцыятыўнасць: Карыну Паўлаўну Мурзёнак, Наталлю Дзмітрыеўну Казаровец, Ілону Аляксандраўну Урандайкіну. Удзячна бацькам, якія актыўна ўдзельнічаюць у выхаваўчым працэсе, зацікаўлена сочаць за развіццём сваіх дзетак. У іх ліку ёсць і былыя выхаванцы цяперашніх выхавальнікаў. Марыць загадчыца правесці ва ўстанове дзень самакіравання — запрасіць на ўсе пасады татаў і мам. Лада Яўгенаўна Канчаніна лічыць, што гэта яшчэ больш з’яднае дарослых у справе выхавання. Калі такое ажыццявіцца, абавязкова раскажам пра праект на старонках газеты.

Галіна ПІШЧ.

Фота Алены Шапавалавай.     



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.