Найлепшае — класічнае


За мінулы год на ААТ “Паставымэбля” было распрацавана звыш 20 відаў новай прадукцыі, у тым ліку парта Эрысмана. Удакладнім: руска-швейцарскі ўрач-гігіеніст Ф. Ф. Эрысман у свой час (у ХІХ ст.) вынайшаў парту, якая дазваляла дзіцяці захаваць зрок, паставу. Такую памятаюць і педагогі, і бацькі: крышка ў ёй адкрывалася, была падстаўка для ног.

— Да гэтай парты мы ішлі паэтапна, — расказвае дырэктар прадпрыемства С. Р. Зямчонак. — Прамежкавы варыянт запатэнтавалі яшчэ ў 2012 годзе. А напрыканцы мінулага, узяўшы ўсё лепшае з той даўняй парты, а тэхналогію, матэрыялы і выраб дадаўшы сучасныя, свае, прадукцыю прадставілі на VI Міжнароднай спецыялізаванай выставе “Адукацыйнае асяроддзе і навучальныя тэхналогіі”, якая праходзіла ў Мінску 12—14 лістапада. Поспех быў ашаламляльны. На парце спецыяльна прымацавалі таблічку з надпісам “Няма нічога лепшага за класіку”.

Дамоў пастаўчане вярнуліся з дыпломам. Першыя заказы на парту-пераможцу паступілі з Мінска, і яны ўжо адпраўлены туды. Завадчане спадзяюцца, што прадукцыя пойдзе і на экспарт — яе ўзоры высланы ў Казахстан. Адначасова на прадпрыемстве працуюць і над тым, каб на парту Эрысмана атрымаць патэнт.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.