Пад яе апекай больш за 700 дзетак


Варачка! Прыгажуня! Малайчына! — прыгаворвала медыцынская сястра Варапаеўскай паліклінікі Ганна Юльянаўна Траяноўская, аглядаючы шасцімесячную дзяўчынку і ласкава ёй усміхаючыся. — Радуйцеся, тата і мама, усё ў норме, развіваецца адпаведна ўзросту.

Вара  — першынец у сям’і Ігара і Юлі Гваздзеўскіх. Як толькі яны прывезлі дачушку з раддома, да іх наведалася патранажная медсястра. У яе абавязкі ўваходзіць дапамагчы маці і дзіцяці адаптавацца дома, навучыць правільна купаць, карміць, загартоўваць, рабіць гімнастыку і масаж, сачыць за развіццём немаўляткі і бытавымі ўмовамі. Чаму дзіця плача і неспакойна спіць? З якога часу яго можна выносіць на вуліцу? Ці не баліць у яго жывоцік?  На ўсе гэтыя і многія іншыя пытанні Г. Ю. Траяноўская дае маладым мамам кампетэнтныя адказы і канкрэтныя парады.

Да Ганны Юльянаўны маладыя бацькі звяртаюцца пры любой неабходнасці. Самі выпеставаныя яе рукамі, ведаюць, што медыцынскай сястры ва ўсім давяралі іх мамы, і яны цяпер давяраюць, кансультуюцца з ёй. Ганна Юльянаўна ведае іх імёны, успамінае, як яны самі раслі. Час бяжыць імкліва, і яе малышы ўжо самі сталі бацькамі.

У жніўні споўніцца сорак гадоў, як маладзенькая Аня прыехала ў Варапаева пасля заканчэння Полацкага медыцынскага вучылішча. Трапіла ў дзіцячую паліклініку. Дзетак на той час у гарпасёлку было больш за тысячу, да аднаго года — больш за сотню. Але вялікі аб’ём работы яе не палохаў. Абраную справу любіла. Веды ў вучылішчы атрымала трывалыя, заставалася набірацца вопыту. Яна працавала разам з педыятрам ад Бога — Алай Іванаўнай Жагула. Спрактыкаваны ўрач вучыла маладзенькую медсястру тонкасцям справы. А тая запамінала кожнае слова і параду аўтарытэтнага доктара. І цяпер з удзячнасцю ўспамінае сумесныя гады работы з А. І. Жагула.

— Работа мне вельмі падабаецца, — расказвала Ганна Юльянаўна. — Яшчэ ў дзяцінстве я ведала, што буду медыкам. Калі мае равеснікі вагаліся з выбарам прафесіі, марылі быць то прадаўцамі, то настаўнікамі, я рашэння не мяняла. Канчаткова жаданне замацавалася пасля таго, як у чацвёртым класе трапіла на лячэнне ў Дунілавіцкую ўчастковую бальніцу. Назірала за медсёстрамі і ўяўляла сябе на іх месцы. У маёй працоўнай кніжцы адзін запіс, і я ніколі не пашкадавала пра тое, што выбрала такую дарогу.

Патранажную медсястру асабліва чакаюць у тых сем’ях, дзе падрастаюць дзеткі. Усяго на ўчастку Г. Ю. Траяноўскай іх больш за 700. Медсястру можна бачыць не толькі ў Варапаеве, але і ў навакольных вёсках. Разам з педыятрам Алай Мацвееўнай Бяззубенка яны частыя госці ў дзіцячых садках і школах Варапаева, Гуты, Старога Двара. Раз у месяц выязджаюць на фельчарска-акушэрскія пункты ў Полава, Белькі, Гуту, Стары Двор, каб зрабіць прышчэпкі дзеткам.

Работа з дзецьмі мае сваю спецыфіку. Тут падыход патрэбны не толькі да дзяцей, але і да іх бацькоў, асабліва мам. Ганну Юльянаўну непакояць нядобранадзейныя сем’і, якіх з кожным годам менш не становіцца. Да іх наведваецца не толькі ў вызначаныя дні, але і ў свой вольны час, каб пракантраляваць, паўшчуваць. Просіць суседзяў трымаць у полі зроку маму, якая можа адразу пасля адыходу медсястры адправіцца ў магазін па спіртное, забыцца пра немаўлятка.

— Душа баліць за такіх гора-мам і іх дзетак, — з трывогай гаварыла медсястра. — Якія толькі меры ні прымаем: падключаем мясцовую ўладу, органы апекі. Каб прадухіліць трагедыю, даво­дзіцца адпраўляць малых у прытулак, а маме даём тэрмін падумаць і выправіцца. На жаль, не ўсім гэта ўдаецца.

Рабочы дзень Ганны Юльянаўны не заканчваецца ў 17 гадзін. Нярэдка здараецца, што выклікаюць і сярод ночы, маладыя мамы часта тэлефануюць, каб параіцца па тым ці іншым пытанні. І вопытная медсястра, сціп­лая, чулая, добрая жанчына, ніколі не адмовіць у дапамозе.

Анна АНІШКЕВІЧ. Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.