Пастаўчане — прызёры абласнога этапа рэспубліканскай прадметнай алімпіяды для школьнікаў

Образование

З 12 па 16 студзеня ў Віцебску, Оршы і Полацку праходзіў трэці (абласны) этап рэспубліканскай прадметнай алімпіяды для школьнікаў. Свае веды на ім па 13 вучэбных прадметах адстойвала каманда з 24 прадстаўнікоў Пастаўскага раёна, якая прывезла 10 дыпломаў.

Па словах намесніка начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Т. У. Русалоўскай, такі вынік выступлення пастаўчан вельмі радуе (летась у нас было 5 дыпломаў). Як заўсёды, асабліва вызначыліся гімназісты. На іх рахунку 4 прызавыя месцы, 3 з якіх — па грамадазнаўстве. Так, дыплома ІІ ступені па гэтым прадмеце ўдастоена 11-класніца Кацярына Парангоўская, ІІІ ступені — сёлетняя выпускніца Таццяна Борыс і навучэнка 10 класа Анастасія Клянцэвіч. Падрыхтавала ўсіх дзяўчынак настаўніца Т. П. Галаўко. Яшчэ ў адной прадстаўніцы гімназіі, 11-класніцы Лады Шайтар, дыплом ІІІ ступені па геаграфіі (настаўнік — І. М. Пракаповіч). Аналагічная ўзнагарода ў спаборніцтвах па геаграфіі ў 8-класніка СШ №1 Мікіты Шастакова (настаўніца — І. М. Козіч), які выступаў за 9 клас.

Гонар раёна па гісторыі паспяхова адстаялі 11-класнікі Аляксей Латыш з Варапаеўскай СШ (настаўніца — Л. А. Брэская) і Дзяніс Арэх з Гуцкай СШ (настаўнік — М. У. Арэх). У абодвух дыпломы ІІІ ступені. Такой жа вартасці яны ў навучэнкі 9 класа першай гарадской школы Яны Шаламіцкай, якая ўдзельнічала ў алімпіядзе па рускай мове і літаратуры (настаўніца — І. С. Андрэева), і 10-класніцы Камайскай СШ Юліі Канаш (беларуская мова і літаратура, настаўніца — Л. М. Рамбальская). Акрамя таго, дыпломам ІІ ступені па працоўным навучанні ўзнагароджана 9-класніца СШ №5 Ірына Паўлава, настаўніцай якой з’яўляецца І. І. Турла.

Наперадзе ў школьнікаў заключны этап рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах, які адбудзецца з 23 па 27 сакавіка. Спадзяёмся, што і на ім пастаўчане здабудуць узнагароды.

Алена ШАПАВАЛАВА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.