Лепшыя — Дунілавічы


21 студзеня падведзены вынікі раённага агляду-конкурсу супрацьпажарнага стану жылых дамоў у населеных пунктах Пастаўшчыны, які праходзіў на працягу 2014 года. Пераможцам прызнаны Дунілавіцкі сельскі Савет.

Названы вышэй конкурс ладзіцца не першы год. З мэтай рэалізацыі Закона Рэспублікі Беларусь “Аб пажарнай бяспецы” ўсе органы мясцовага сама­кіравання, якімі з’яўляюцца сельскія Саветы, праводзяць на сваіх тэрыторыях агляды супрацьпажарнага стану жылых дамоў у населеных пунктах. Да гэтага шырока прыцягваецца грамадскасць: медыкі, работнікі адукацыі, жыллёва-камунальнай гаспадаркі, участковыя інспектары мі­ліцыі, паштальёны, прадстаўнікі сацабслугоўвання, якія пражываюць і працуюць на тэрыторыі сельсавета. У склад аглядавай камісіі ўключаецца таксама група пазаштатных пажарных інспектараў, куды ўваходзяць у тым ліку работнікі інспекцыі нагляду і прафілактыкі райаддзела па надзвычайных сітуацыях.

Галоўная мэта агляду — прывесці ў пажарабяспечны стан жылыя дамы і навучыць насельніцтва правілам пажарнай бяспекі. Для яе дасягнення распрацоўваецца цэлы комплекс мерапрыемстваў. Сярод іх не толькі абследаванне жылога сектара, якое праводзіцца некалькі разоў у год і падчас якога члены камісій наведваюць практычна ўсе домаўладанні, але і абсталяванне вадаёмаў пірсамі для забору вады, знос трухлявых збудаванняў, правядзенне сельскіх сходаў, пасяджэнняў грамадскіх пунктаў аховы правапарадку, работа з пажылымі людзьмі і моладдзю.

На падставе ўсебаковага аналізу пажарнай абстаноўкі ў сельсаветах, эфектыўнасці праводзімых прафілактычных мерапрыемстваў і ўдзелу ў іх пазаштатных пажарных фарміраванняў выбіраецца лепшы сельскі Савет. Ім стаў Дунілавіцкі, на тэрыторыі якога ў 2014 годзе не адбылося пажараў. Падрыхтаваны альбом-прэзентацыя сельскага Савета, які разам з агульнымі вынікамі раённага агляду-конкурсу на днях будзе адпраўлены ў Віцебск для падвядзення вынікаў у вобласці. А ў канцы лютага стане вядомы пераможца рэспубліканскага агляду-конкурсу. Нагадаем, што ў 2005 годзе такім быў прызнаны Ваўкоўскі сельскі Савет, які атрымаў у падарунак легкавы аўтамабіль.

Алена ШАПАВАЛАВА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.