Перамагло… сяброўства

Образование Спорт

У суботу, 17 студзеня, у СШ № 4 адбылося спартыўнае свята “Тата, мама, я — спартыўная сям’я”. Яно аб’яднала вучняў пачатковых класаў і іх бацькоў, настаўнікаў, шматлікіх гледачоў. І як каманды ні стараліся пераўзысці адна адну ў фізічнай падрыхтоўцы, усё роўна перамагло… сяброўства!

Як добра, што ў нашай школе працягваюцца традыцыі правядзення такіх спаборніцтваў, — адзначыў перад іх пачаткам старшыня журы дырэктар навучальнай установы Вячаслаў Часлававіч Пякарскі. — Яны падабаюцца і дзецям, і дарослым: усе аднолькава зараджаюцца станоўчымі эмоцыямі, добрым настроем, не кажучы пра карысць спорту для здароўя. А яно пачынаецца з сям’і. І так важна, што сёння бацькі падаюць  дзецям прыклад, прывіваюць любоў да актыўнага адпачынку.

У спартыўным мерапрыемстве памераліся сіламі дзве каманды — “Сямейны экстрым” і “Тата, мама, дзеці”. У склад кожнай увайшло па 12 чалавек. Іх чакала 8 конкурсаў, сярод якіх — “Эстафетны бег”, “Пераадоленне бар’ераў”, “Хакей”, “Скачкі на мячах”, “Сняданак” (патрабавалася перанесці на хуткасць посуд і сталовыя прыборы), “Бег у мяхах”, “Перацягванне каната”, “Сямейная садружнасць”.

У перапынках паміж конкурсамі музычныя падарункі паднеслі прысутным юныя Маша Шаура, Ліза Загурская і Вікторыя Януш, другакласнікі чацвёртай школы паказалі сцэнку пра здаровы лад жыцця. І выступоўцаў, і ўдзельнікаў спаборніцтва шчыра падтрымлівалі гледачы. Яны, дарэчы, таксама праявілі сябе з творчага боку — у іх было столькі яркіх і арыгінальных плакатаў!

У выніку кожная з каманд па чатыры разы святкавала перамогу ў асобных конкурсах. А значыць  лепшымі сталі абсалютна ўсе ўдзельнікі спартыўнага мерапрыемства.

—            Асобны дзякуй бацькам, якія адгукнуліся на прапанову паспаборнічаць у эстафетах, — адзначыла галоўны арганізатар свята намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Алена Вітальеўна Сцяпанава. — Гэта Аляксандр Бахаўцаў, Марыя Пісарчык, Раман Сарокін, Вольга Далінкевіч, Іван Курыловіч, Наталля Мішута, Іна Курцэвіч, Алена Шалесная. А ўвогуле, жадаючых прадэманстраваць сваю фізічную падрыхтоўку было нямала, і гэта парадавала. Абавязкова будзем ладзіць такія мерапрыемствы і надалей, падключаючы ў іх сярэдняе звяно і старэйшыя класы.

Прывычнай справай у СШ № 4 з’яўляецца правядзенне не толькі спартыўных, але і творчых свят. Напрыклад, не так даўно была арганізавана “Эстафета мастацтваў”, падчас якой вучні 5-11 класаў прадэманстравалі свае вакальныя здольнасці. Адбыўся конкурс дэкламатараў — школьнікі выразна чыталі вершы, у тым ліку і ўласнага сачынення. Шмат планаў у “штабе” арганізацыйна-масавай работы на трэцюю і чацвёртую чвэрці навучальнага года.

Іна СНЯЖКОВА. Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.