Бацькавы пісьмы — навука


пісьмы-трохкутнікі

Ішоў 1940 год. Юльян Дэгіс, як і большасць старчунцаў, жыў і працаваў на ўласнай гаспадарцы. Меў пяць гектараў зямлі. Быў працавітым і руплівым. Таму і атрымліваў нядрэнныя ўраджаі. Вернай спадарожніцай і памочніцай была жонка Антаніна, дапамагаў таксама родны брат Віктар. Хлопцы рана засталіся сіротамі, рана навучыліся даваць сабе рады. Віктар з дзяцінства быў сляпым. Але прызвычаіўся да жыцця, добра арыентаваўся па мясцовасці, пілаваў і шчапаў дровы. Юльян не пакінуў калеку аднаго і, калі ажаніўся, забраў яго ў сваю сям’ю. Браты будавалі планы на будучае.

Ю. А. Дэгіс з жонкай і дачкой (здымак 1940 г.)

— У канцы 40-га тату прызвалі на зборы ў Гродна, — успамінала Рэгіна Юльянаўна Барэйка (дачка Юльяна Антонавіча Дэгі­са). — Мне ішоў шосты год. І цяпер выразна бачу, з якім сумам ён з намі развітваўся, напэўна, прадчуваў, што больш не прытуліць да сябе маму, не папесціць мяне. Адыходзіў на некалькі месяцаў, а аказалася — назаўсёды. Як самае дарагое захоў­ваю фотакартку, на якой  тата, мама і я, а таксама яго пісьмы-трохкутнікі. Апошняе прыйшло ў сярэ­дзіне чэрвеня 1941 года. Часта іх перачытваю.

Р. Ю. Барэйка

Лісткі са школьнага сшытка з-за даўнасці пажаўцелі, у некаторых месцах нават працерліся, выцвілі чарнілы. Большасць пісем напісаны простым алоўкам на польскай мове. І толькі адрас — чарнілам па-руску. У кожным чалавек з любоўю звяртаецца да жонкі і дачкі. Просіць іх берагчы сябе. Дачцэ наказвае, каб слухала маці і па магчымасці дапамагала ёй. Жонцы — каб даглядала гаспадарку, клапацілася пра дачку. Бліжэй да вясны раіць свое­часова пасеяць зерневыя, пасадзіць бульбу. У радках кожнага ліста адчуваюцца настальгія па родных, чаканне вяртання дадому. У апошнім напісаў, што зборы прадоўжылі яшчэ на тры месяцы, але ён спадзяецца на хуткую сустрэчу.

— На гэтым сувязь абарвалася, — працягвала Рэгі­на Юльянаўна са слязамі на вачах. — Мама верыла, што ён жывы, і чакала. Як цяжка нам прыйшлося без бацькі. Самі аралі, касілі. У многім дапамагаў дзядзька. На той час ён быў даволі прадпрымальным чалавекам. Нярэдка ездзіў у Вільнюс, купляў там цукеркі, а потым прадаваў іх у Гадуцішках ля касцёла. Быў мудрым, з любой сітуацыі знаходзіў выйсце, умеў супакоіць, даць слушную параду. Ужо пасля заканчэння Вялікай Айчыннай чалавек з Мір­клішак, які разам з татам быў прызваны на зборы, расказаў дзядзьку, што, калі гіт­лераўскія войскі напалі на Савецкі Саюз, яны  трапілі ў палон, і праз пэўны час немцы майго тату расстралялі. У пачутае не хацелася верыць. Я пісала ў розныя інстанцыі, каб даведацца пра лёс дарагога чалавека, і нідзе не атрымлівала адказу.

У 2007 годзе Р. Ю. Барэйка звярнулася ў праграму “Помні імя сваё”. І адтуль прыйшло пісьмо: “Паведамляем Вам, што Дэгіс Юльян Антонавіч, 1907 года нараджэння, ура­джэнец горада Ры­га, воінскае званне — радавы, загінуў у палоне 29.10.1941 года. Месца выбыцця — Торун. Першапачатковае месца пахавання — Торун. Крыніца інфармацыі — Цэнтральны архіў Міністэрства абароны”.

— Памятаю, як спяшалася раскрыць канверт,  — расказвала Р. Ю. Барэйка. — Не цярпелася ўбачыць адказ. А прачытала напісанае — і слёзы пакаціліся па твары: лёс таты вядомы. Крыўдна, што вайна пазбавіла мяне бацькоўскага клопату, цяжарам лягла на плечы мамы. А вось радкі з татавых пісем былі і застаюцца для мяне яго жыццёвымі ўрокамі.

Анна АНІШКЕВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.