Спартыўны калейдаскоп

Спорт

У перапынку паміж гульнямі чэмпіянату краіны  на пляцоўцы ФАКа ў райцэнтры адбыўся мужчынскі калядны валейбольны турнір з удзелам чатырох каманд. Праўда, у апошні момант па розных прычынах адмовіліся ад удзелу ў ім валейбалісты з Віцебска і Астраўца. У першым паўфінальным матчы пераможца раённай спартакіяды — каманда г. п. Варапаева — з лікам 3:1 перамагла маладых рэзервістаў пастаўскага “Атланта-Д”. Упрыгажэннем турніру стала сустрэча каманд “Паставы-1” і Глыбокага. Госці далі бой камандзе-ўдзельніцы чэмпіянату Беларусі і ў роўнай барацьбе прайгралі пастаўчанам у канцоўках партый з лікам 0:3. Затым глыбачане ў матчы за 3-яе месца не пакінулі шанцаў камандзе “Паставы-2”, а рашаючы паядынак з лікам 3:0 выйграў і стаў пераможцам турніру пастаўскі “Атлант-Д”.

* * *

На базе СШ № 2  прайшоў 4-ты чарговы адборачны турнір за пападанне ў фінал чэмпіянату раёна па хуткіх шахматах. Яго пераканаўча выйграў банкаўскі спецыяліст Аляксандр Сямёнаў, другім фінішаваў галоўны дзяржаўны інспектар Глыбоцкай міжраённай інспекцыі працы Уладзімір Пляшак, а 3-яе месца дасталася настаўніку Андронаўскай базавай школы Юрыю Катовічу. Для выяўлення васьмі ўдзельнікаў фінальнага турніру запланаваны яшчэ чатыры такія адборачныя спаборніцтвы шахматыстаў.

* * *

На працягу 9 дзён у Санкт-Пецярбургу праходзіў ХХVІІ Міжнародны турнір па футболе памяці першага віцэ-прэзідэнта ФІФА В. А. Гранаткіна з удзелам 18 зборных з Еўропы, Японіі і Карэі. У склад маладзёжнай зборнай Беларусі (U-18) упершыню ўключылі адразу чатырох леташніх выпускнікоў футбольнай акадэміі ПМЦ: варатара наваполацкага “Нафтана” М. Рабцэвіча, атакуючага паўабаронцу БАТЭ (Барысаў) І. Кухарчыка і яго калег па амплуа А. Александровіча і І. Беразуна, — якія юрыдычна яшчэ належаць пастаўчанам, але знаходзяцца ў сферы інтарэсаў ФК “Віцебск”. Выхаванцы пастаўскага футбола нядрэнна сябе праявілі, а Аляксандр Александровіч правёў рашаючы гол у матчы са зборнай Латвіі, які беларусы выйгралі з лікам 2:1. У наступным пераможным матчы з эстонцамі (2:0) вызначыўся Ілья Кухарчык. З першага месца ў групе зборная Беларусі выйшла ў фінал, дзе саступіла зборным Славеніі — 1:2, Расіі — 0:6 і Азербайджана — 4:5 (у серыі пасляматчавых пенальці) і ў выніку фінішавала на 6-ым выніковым месцы.

* * *

ХХІV чэмпіянат Беларусі па валейболе ў дывізіёне В вышэйшай лігі выйшаў на фінішную прамую (яго папярэдні этап завершыцца ў сярэдзіне лютага). У 10-ым туры пастаўчанам дома дастаўся моцны сапернік — “Лакаматыў” (Баранавічы), укамплектаваны вопытнымі легіянерамі, адзін з якіх, расіянін, мае рост 205 см. Пастаўчане ж недалічыліся з-за траўм трох сваіх лідараў, але ў першай сустрэчы на роўных змагаліся з “чыгуначнікамі”. Адно ачко заставалася набраць гаспадарам для перамогі ў трэцяй партыі, але госці не паддаліся і выйгралі гэту сустрэчу з лікам 0:3 (21:25, 15:25, 24:26). У паўторным матчы “Лакаматыў” адразу завалодаў гульнявой ініцыятывай, а пастаўчанам толькі ­эпізадычна ўдаваліся выніковыя атакі ў выкананні капітана Сяргея Плюты і першым тэмпам дыяганальнага Віталя Варанца. Госці ўпэўнена выйгралі з лікам 0:3 (19:25, 10:25, 13:25) паўторны паядынак і ідуць другімі ў першынстве ўслед за камандай Жлобіна з адставаннем у 1 ачко. Пастаўчане з 10 набранымі ачкамі па-ранейшаму знаходзяцца ў турнірнай табліцы на перадапошнім, 7-ым месцы.

Уладзімір ШЫК.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.