Святло Божага Нараджэння (+фота)

Духовность Культура

28 снежня ў Доме культуры адбыўся другі конкурс каляднай песні пад назвай “Святло Божага Нараджэння”. У параўнанні з мінулагоднім ён сабраў нашмат больш удзельнікаў і гледачоў. У ім прыняло ўдзел 40 дзяцей у трох узроставых групах: 7—10, 11—13 і 16—17 гадоў.

Адкрываючы конкурс, ксёндз-пробашч Анджэй Возьняк сказаў: “Нас сёння больш, больш дзяцей і моладзі, якія хочуць пашыраць святло і радасць Божага Нара­джэння, несці ў свет радасную навіну пра нараджэнне Дзіцяткі. Мы, усе гледачы, паўдзельнічаем у іх радасці. Праз гэту радасць і зычлівасць будзем будаваць лепшыя адносіны паміж сабой, панясём гэту радасць у свае сем’і, у сваё асяроддзе…”

І паліліся песні… Конкурс вырас не толькі колькасна, але і якасна: узрасло майстэрства выканання, некалькі песень было выканана пад гітару (што значна цяжэй, чым пад фанаграму), было і акапэльнае выкананне, выступіла таксама 7-гадовая баяністка Яна Татарчук. Песні гучалі пераважна на беларускай мове, але былі і на польскай, англійскай, рускай. А сёстры Ірына і Кацярына Трыфанавы выканалі песню “Ціхая ноч” на чатырох мовах: нямецкай, польскай, беларускай і рускай. Прагучалі сольныя, дуэты і трыа…

Удзельнікі вельмі хваляваліся, але ўсіх дружна падтрымлівала зала: кожнага слухачы сустракалі і праводзілі радаснымі вопліскамі. Атмасфера ў зале была настолькі зычлівай, адухоўленай і цёплай, што тры гадзіны мерапрыемства праляцелі незаўважна.

У конкурсе ўдзельнічалі не толькі прадстаўнікі пастаўскай парафіі — з законнымі сёстрамі прыехала моладзь з Лынтуп і Варапаева. Выступіла таксама госця ад пратэстанцкай царквы Ірына Лашук.

Першае месца ў малодшай групе занялі Марыя Шаура і Уладыслава Шаклюцкая, у сярэдняй групе — Івар Гінько і Ірына Іршонак. У старэйшай перамагла Марта Шуцілава (у мінулым го­дзе яна таксама была першай). Ёй жа дастаўся і прыз глядацкіх сімпатый — гітара.

Конкурс закончыўся, але радасць і святло яго надоўга застануцца ў сэрцах гледачоў і саміх удзельнікаў.

no images were found

Аліна ЛАТЫШ,

 няштатны карэспандэнт. Фота Пятра КУРЫЛОВІЧА.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.