Тэлебачанне пераходзіць на «лічбу»


Адна з актуальных тэм, якая на працягу апошніх гадоў актыўна асвятляецца ва ўсіх сродках масавай інфармацыі нашай краіны, — гэта ўкараненне лічбавага эфірнага тэлевяшчання і адключэнне аналагавых тэлевізійных перадатчыкаў. Канчатковы пераход на лічбавае тэлебачанне запланаваны на бягучы, 2015-ы, год. На пытанні пра тое, калі ў нашым раёне перастане існаваць аналагавае вяшчанне, што рабіць тым, хто яшчэ не падключыўся да «лічбы», і іншыя карэспандэнту «Пастаўскага краю» адказвае начальнік раённага вузла электрасувязі Іосіф Вікенцьевіч ТАМАШЭВІЧ.

Іосіф Вікенцьевіч, калі ласка, нагадайце яшчэ раз, чаму наша і іншыя краіны адмаўляюцца ад аналагавага тэлебачання на карысць лічбавага?

— У рамках міжнароднага супрацоўніцтва на Рэгіянальнай канферэнцыі радыёсувязі па планаванні лічбавай наземнай радыёвяшчальнай службы ў палосах частот 174-230 МГц і 470-862 МГц (РКР-06), якая прайшла ў Жэневе ў 2006 годзе, прынята рашэнне аб поўным пераходзе на эфірнае лічбавае тэлевізійнае вяшчанне. На аснове міжнароднага пагаднення пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 08.12.2005 № 1406 зацверджана Дзяржаўная праграма ўкаранення лічбавага тэлевізійнага і радыёвяшчання ў Рэспубліцы Беларусь да 2015 года. Яна накіравана на паляпшэнне якасці прадастаўлення паслуг па трансляцыі тэлевізійных праграм, павышэнне эфектыўнасці выкарыстання радыёчастотнага рэсурсу, а таксама на асваенне вытворчасці новых відаў прыёмнага і перадаючага тэлевізійнага абсталявання. Вызваленыя частоты, на якіх цяпер трансліруецца аналагавае тэлебачанне, дзяржава будзе выкарыстоўваць у іншых мэтах.

Калі жыхары нашага раёна не змогуць карыстацца паслугамі аналагавага вяшчання?

— Гэта адбудзецца зусім хутка. Ужо з 15 студзеня спыняецца вяшчанне дзяржаўных праграм аналагавага вяшчання: «СТБ», «НТБ-Беларусь», «Беларусь-2» і «АНТ» з радыётэлеві­зійнай перадаючай станцыі ў горадзе Мядзел. Адключэнне вяшчання з названай РТПС закране наш, Глыбоцкі і Докшыцкі раёны і будзе мець дачыненне толькі да тых, хто мае старэнькі тэлевізар без прыстаўкі і глядзіць вышэйпералічаныя чатыры каналы ў аналагавым рэжыме. Тым жа, хто мае тэлевізар з убудаванай лічбавай прыстаўкай, з’яўляецца абанентам кабельных аператараў, падключаны да ZALA альбо ўжо глядзіць 8 каналаў у лічбавым вяшчанні, турбавацца няма пра што — адключэнне аналагавага вяшчання іх ніяк не закране.

А што рабіць тым, хто ўсё яшчэ глядзіць аналагавае тэлебачанне?

— Існуюць два спосабы падключэння да лічбавага вяшчання. Першы, без абаненцкай платы, падыдзе тым, хто згодны гля­дзець толькі агульнадаступны лічбавы пакет, які складаецца з васьмі тэлевізійных праграм: «Беларусь-1», «Беларусь-2», «Беларусь-3», «АНТ», «СТБ», «РТР-Беларусь»,«НТБ-Беларусь» і «Мір». Для прыёму сігналаў эфірнага лічбавага тэлевізійнага вяшчання неабходныя: тэлевізар з падтрымкай стандарту DVB-T і фармату кадзіравання (сціску) MPEG-4 альбо лічбавая тэлевізійная прыстаўка з аналагічнымі параметрамі, якая падключаецца да звычайнага тэлевізара, а таксама індывідуальная прыёмная тэлевізійная антэна дэцыметровага дыяпазону хваль (470-862 МГц) з гарызантальнай палярызацыяй.

Другі спосаб — падключыць тэлебачанне ZALA. Скарыстацца паслугай па доступе да сеткі эфір­нага лічбавага тэлевізійнага вяшчання можна, падключыўшы пакет тэлеканалаў «Стандарт ТБ», які ўключае 18 камерцыйных тэлевізійных каналаў з абмежаваннем часу вяшчання да 20 гадзін у суткі (з шасці раніцы да двух ночы) плюс сацыяльны пакет (8 праграм). Паслуга прадастаўляецца толькі на абаненцкім абсталяванні РУП «Белтэлекам», якое выдаецца бясплатна на час дзеяння дагавора.

А ці ёсць якія скідкі для тых, хто хоча падключыцца да лічбавага тэлебачання?

— Спецыяльна для абанентаў, якія не маюць тэхнічнай магчымасці прагляду 2-га мультыплекса эфірнай трансляцыі (18 камерцыйных праграм) стандарту DVB-T2, у перыяд з 12 снежня па 10 лютага РУП «Белтэлекам» праводзіць акцыю «Эфірнае тэлебачанне стала больш даступным». У гэты перыяд усе, хто падключыўся, атрымаюць магчымасць прагляду васьмі сацыяльных каналаў без абаненцкай і ўстановачнай платы. З 10 лютага гэтыя абаненты аўтаматычна пераключаюцца на пакет тэлеканалаў «Стандарт ТБ» (штомесячная плата — 34050 рублёў). Акрамя гэтага, усе жадаючыя за пэўную плату могуць падключыцца да дадатковых пакетаў тэлеканалаў: «Дзіцячы» — 5400 рублёў за месяц, «Для душы» — 2400, «Пазнавальна-забаўляльны» і «Фільмавы» — 7800 беларускіх рублёў. Дадатковую інфармацыю можна атрымаць па тэлефонах: 2-02-00, 2-04-00, 2-05-00.

Гутарыла Вераніка  ФІЛАНОВІЧ.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.