“У аснове любога поспеху — ініцыятыва”


17-18 снежня ў Мінску прайшоў ІІІ форум маладых журналістаў “Общий взгляд в будущее”. Ён сабраў каля сотні пачынаючых майстроў пяра з усіх рэгіёнаў рэспублікі. Сярод удзельнікаў мерапрыемства была і аўтар матэрыялу карэспандэнт “Пастаўскага краю” Іна СНЯЖКОВА.

Першы дзень форуму пачаўся з наведвання му       зея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Яго новы   будынак на праспекце Пераможцаў адкрыты адносна нядаўна — 2 ліпеня 2014 года, таму многія ведалі пра гэты ўнікальны аб’ект толькі са сродкаў масавай інфармацыі. Але тым цікавейшай атрымалася экскурсія.

У музеі ёсць з чаго падзівіцца. На экспазіцыйнай плошчы больш за 3 тысячы квадратных метраў размяшчаюцца 10 залаў, якія расказваюць пра падзеі напярэдадні страшэннага ліхалецця, ваенных гадоў і пасля Перамогі. Сярод экспанатаў (а іх тут налічваецца больш за 8 тысяч) можна ўбачыць не толькі архіўныя дакументы, асабістыя рэчы змагароў за незалежнасць, але і шматлікія інсталяцыі, скульптуры і нават буйнагабарытную тэхніку ваенных часоў.

Побач з матэрыяламі, узрост якіх вымяраецца дзясяткамі гадоў, суседнічаюць сучасныя тэхналогіі. Напрыклад, наведвальнікі могуць “пагартаць” электронныя альбомы, прачытаць вершы, атрымаць інфармацыю пра спаленыя вёскі, вядомых і невядомых герояў, паглядзець фільмы пра Вялікую Айчынную вайну.

Пасля экскурсіі па музеі форум “пераехаў” у мінскую гарадскую ратушу. Тут адбылася сустрэча са старшынёй Мінскага гарвыканкама Андрэем Віктаравічам Шорцам, які адказаў на пытанні маладых журналістаў. Яны закранулі тэмы будаўніцтва жылля ў Мінску і яго гарадах-спадарожніках, магчымасці зносу гістарычна значымых будынкаў, спыталі пра мерапрыемствы будучага Года моладзі, пацікавіліся планамі па правядзенні ў сталіцы буйных міжнародных спаборніцтваў…

Урачыстае адкрыццё мерапрыемства адбылося 18 снежня ў Інстытуце журналістыкі Белдзярж   універсітэта. Першай перад маладымі журналістамі, студэнтамі, а таксама масцітымі беларускімі журналістамі, якія былі запрошаны ў якасці гасцей, выступіла міністр інфармацыі Рэспублікі Беларусь Лілія Станіславаўна Ананіч.

—   Радуе, што ў маладых журналістаў ужо трэці год запар ёсць магчымасць збірацца на такім маштабным форуме, — адзначыла міністр. — Ён дае магчымасць абмяняцца вопытам, пазнаёміцца адно з адным і галоўнае — абмеркаваць найважнейшыя праблемы і задачы развіцця нацыянальнай інфармацыйнай прасторы. Відавочна: у сучасным свеце роля сродкаў масавай інфармацыі ўзрасла ў шмат разоў, менавіта яны сёння вызначаюць міжнародны парадак дня, з’яўляюцца пляцоўкай для інфармацыйных войнаў. Вельмі важна, каб кожны журналіст, асабліва малады, адчуваў адказнасць сваёй прафесіі.

Л. С. Ананіч таксама адказала на пытанні ўдзельнікаў форуму. Найбольшы інтарэс выклікалі змены і дапаўненні ў Закон Рэспублікі Беларусь “Аб сродках масавай інфармацыі”. Згодна з імі, Закон аб СМІ распаўсюджваецца і на інфармацыйныя рэсурсы, размешчаныя ў інтэрнэце. “Робіцца гэта з мэтай абароны дзяржаўных і грамадскіх інтарэсаў, а таксама з мэтай забеспячэння нацыянальнай бяспекі ў інфармацыйнай сферы”, — падкрэс­ліла міністр.

Як і ў папярэднія гады, форум “Общий взгляд в будущее” праводзіўся     пры падтрымцы Адмі  ністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Гэту дзяржаўную структуру прадстаўляў намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Аляксандр Міхайлавіч Радзькоў (днямі ён назначаны памочнікам Прэзідэнта).

Слова на пасяджэнні форуму ўзяў і першы сакратар ГА “БРСМ” Ігар Бузоўскі (27 снежня 2014 года ён назначаны намеснікам кіраўніка Адміністрацыі Прэ­зідэнта Рэспублікі Беларусь).

—   У 2014 годзе наша грамадская арганізацыя правяла шэраг маладзёжных мерапрыемстваў, у тым ліку сумесна з Міністэрствам інфармацыі, — адзначыў ён. — Самым маштабным з іх стаў “Адкрыты дыялог”. Гэты праект дае маладым людзям выдатную магчымасць рэалізаваць уласныя ідэі, вынесці на абмеркаванне хвалюючыя пытанні. Лепшыя з прапаноў, што ўжо атрыманы, напрыканцы студзеня будуць агучаны на выніковым з’ездзе БРСМ і даведзены Прэзідэнту краіны.

Магчымасці быць пачутымі ў моладзі вельмі вялікія. З боку юнакоў і дзяўчат патрабуецца толькі ініцыятыва, якая, на мой погляд, з’яўляецца асновай любога поспеху. Таму будзьце настойлівымі і нераўнадушнымі да падзей, якія адбываюцца вакол, спрабуйце, дзейнічайце, і вы абавязкова дасягнеце задуманага, — заклікаў маладых іх лідар.

Пасля заканчэння пася­джэння ўдзельнікі мерапрыемства наведалі майстар-класы “Прафесія — рэпарцёр”, “Як стаць вядучым”, “СМІ ў інтэрнэце і сацыяльных сетках”, “Няпросты жанр інтэрв’ю”, якія правялі выкладчыкі БДУ і вядучыя журналісты краіны.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.