У другі раз нарадзіліся


26 снежня ўрач 1-га ваеннага шпіталя органаў пагранічнай службы Рэспублікі Беларусь Рэнат Анвіравіч Рахмятулаў з жонкай, чатырохгадовым сынам і шасцімесячнай дачушкай вырашылі з’ездзіць у госці да родных у Нясвіж і Мар’іну Горку. Але не паспелі даехаць да Манькавіч, як аўтамабіль закруціла, вынесла на сустрэчную паласу руху і выкінула ў штучны вадаём. Машына перавярнулася ўверх коламі, вада запаўняла салон. Паспрабавалі выбрацца самі, але зразумелі — не ў сілах: складана было ад­шпіліць рамяні бяспекі. Апанаваў жах!

У гэты момант па дарозе праязджаў пастаўчанін Алег Леанідавіч Лосік. Ён, не раздумваючы, спыніўся, скінуў куртку і скочыў у ледзяную ваду (у той дзень быў дзесяціградусны мароз). Найперш удалося выцягнуць з салона машыны жанчыну, затым чатырохгадовае дзіця і ва­дзіцеля. Немаўляці дасталася больш за іншых. Дзяўчынка была прышпілена ў дзіцячым крэсле. Каб дастаць адтуль, прыйшлося прыкласці нямала намаганняў, а потым аказваць першую дапамогу і літаральна вяртаць з таго свету. Дзіця наглыталася вады, і надзея на выратаванне была мінімальнай. Дзякуючы граматным дзеянням выпадковага спадарожніка, а потым самога бацькі пасля пятай спробы штучнага дыхання дзяўчынка заплакала.

Калі я размаўляла з Алегам Лосікам, каб напісаць пра яго гераічны ўчынак, ён запратэставаў, маўляў, нічога звышнатуральнага не зрабіў. “Ратаваў я не адзін, — гаварыў чалавек. — За мной пад’ехаў вадзіцель МАЗа з “Рассвета Пастаўскага”, які вёз пясок, і тут жа паспяшаўся на дапамогу. Быў яшчэ вадзі­цель аўтамабіля, які аказваў першую дапамогу дзіцяці. Жанчына, якая таксама не праехала міма, выклікала хуткую дапамогу і, не чакаючы яе прыезду, павезла дзіцятка ў прыёмны пакой бальніцы. Пазней туды былі дастаўлены і іншыя пацярпелыя”.

Воляй лёсу ўсе засталіся жывыя. Пасля агляду пацярпелых кіраўніцтвам Пастаўскай цэнтральнай раённай бальніцы было прынята рашэнне тэрмінова выклікаць рэанімацыйную брыгаду з абласной бальніцы. Медыкі з Віцебска прыехалі неадкладна і на рэанімабілі павезлі дзяўчынку ў абласную бальніцу. Пагроза яе жыццю мінавала, працягваецца лячэнне пнеўманіі. Бацькі і старэйшае дзіця выпісаны з бальніцы на другі дзень. А якой трагедыяй усё магло б закончыцца! 

— Кожны, хто аказаўся ў той час на месцы аварыі (спынілася каля дзясятка машын), штосьці рабіў для нашага выратавання, — гаварыў пазней Рэнат Анвіравіч. — Дзякуючы рашучым дзеянням Алега Лосіка і іншых яго памочнікаў мы выбраліся з вады. Людзі давалі нам сваю вопратку, запрашалі ў аўтамашыны пагрэцца, супакойвалі. У нас і цяпер знаходзяцца дзве мужчынскія курткі. Я не ведаю прозвішчаў нашых выратавальнікаў, але ўдзячны ўсім. Прашу патэлефанаваць мне па нумары 8(29)6633096: хачу па­д­зякаваць і больш падрабязна даведацца пра другое нараджэнне нашай сям’і.

Анна АНІШКЕВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.