На працягу трох дзён у Віцебску праводзіліся абласныя спаборніцтвы па валейболе сярод выхаванцаў спецыялізаваных вучэбна-спартыўных устаноў 2002-2003 гадоў нараджэння. Нашу ДЮСШ на іх прадстаўлялі Раман Дзеўгуць, Юрый Малец, Даніла Анкіп, Сяргей Амбразевіч, Дзмітрый Грыневіч, Раман Цыунель, Ягор Артамонаў (на фота) і Дзяніс Вырвіч. Яны спаборнічалі з камандамі з Оршы, Віцебска, Бешанковіч, Верхнядзвінска і Шуміліна.
З пяці гульняў пастаўчане не прайгралі ніводнай партыі і перамаглі ўсе каманды з лікам 3:0. Гэта дазволіла нашай камандзе за дзень да заканчэння спаборніцтваў датэрмінова стаць пераможцай турніру.
Не менш удала нашы валейбалісты выступілі на першынстве вобласці сярод юнакоў 2001-2002 гадоў нараджэння, якое праходзіла пад эгідай абласнога цэнтра фізічнага выхавання навучэнцаў у лістападзе. Удзел у ім прынялі шэсць каманд. Гонар пастаўскай ДЮСШ абаранялі Герман Вайцякян, Ілья Шырневіч, Ілья Сініца, Ягор Артамонаў, Даніла Анкіп, Сяргей Амбразевіч, Андрэй Юргелявічус, Дзяніс Вырвіч, Раман Дзеўгуць, Арцём Танана і Юрый Малец. Для многіх з іх гэта былі першыя сур’ёзныя спаборніцтвы. Дарэчы, галоўная мэта першынства — ацаніць узровень падрыхтоўкі валейбалістаў, каб вясной сфарміраваць зборную вобласці, якая будзе ўдзельнічаць у рэспубліканскіх спаборніцтвах.
У выніку чатырох гульнявых дзён наша каманда не пацярпела ніводнага паражэння. Каманды наваполацкай, глыбоцкай, верхнядзвінскай ДЮСШ і віцебскай спецыялізаванай дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы алімпійскага рэзерву № 4 пастаўчане абыгралі з лікам 3:0, шумілінскай ДЮСШ — 2:1 і занялі першае месца. Пераможцы ўзнагароджаны дыпломамі.
Тэкст і фота
Веранікі ФІЛАНОВІЧ.