Упадабалі гродзенцы турнір


Пераможцы турніру Эма Макарэвіч і Аляксандр Барташ.

Напрыканцы мінулага года ў Паставах праходзіў ХI рэспубліканскі турнір па шашках-64 “Пастаўская зіма-2014”. У ім удзельнічала 28 ігракоў (5 майстроў, 18 кандыдатаў у майстры спорту і 5 першаразраднікаў) з Мінска, Гродна, Маладзечна, Баранавічаў, Мядзела, Свіслачы, Стоўбцаў, Слоніма, Глыбокага, Шаркаўшчыны і Пастаў.

Усе яны былі моцна ўражаны вынікамі чарговага чэмпіянату Еўропы, які ў  канцы кастрычніка адбыўся ў Санкт-Пецярбургу. На гэты раз чэмпіёнам кантынента 2014 года па шашках стаў беларус Ігар Міхальчанка. Наша зямлячка Дар’я Федаровіч заняла другое месца сярод жанчын. Дарэчы, некалькі гадоў назад Дар’я ўдзельнічала ў пастаўскім турніры і ўжо тады сваёй моцнай гульнёй прыцягнула ўвагу спецыялістаў і спартсменаў.

— У папярэдніх турнірах у Паставах неаднаразова бралі ўдзел міжнародныя гросмайстры, пераможцы і прызёры еўрапейскіх і сусветных чэмпіянатаў, — адзначыў галоўны суддзя “Пастаўскай зімы”, суддзя вышэйшай нацыянальнай катэгорыі Беларускай федэрацыі шашак, міжнародны арбітр Аляксандр Аніська. — На гэты турнір па розных прычынах яны не змаглі прыехаць, таму склад ігракоў быў не самы моцны. Аднак  гэта акалічнасць ніколькі не паўплывала на прэстыжнасць спаборніцтваў. Наадварот, у пераважнай большасці ўдзельнікаў з’явілася магчымасць на роўных пазмагацца за перамогу, на справе праявіць сябе.

Турнір праводзіўся па швейцарскай сістэме ў 9 тураў. Акрамя пастаянных удзельнікаў, было 5 навічкоў. Асаблівую актыўнасць і рэзультатыўнасць паказалі дэбютанты —  гродзенцы. А найбольшую колькасць ачкоў — 16 з 18 магчымых — набраў Аляксандр Барташ з Маладзечна. На другім і трэцім месцах з 13 і 12 ачкамі адпаведна — прадстаўнікі гродзенскай і сталічнай шашачных школ Вітольд Цыдзік і Вячаслаў Палянскі. У дзясятку мацнейшых увай­шлі таксама Сяргей Сяргейчык (Гродна), Ва­сіль Мар­цін­кевіч (Глыбокае), Іван Троц­кі (Паставы), Эма Макарэвіч (Гродна), Мар’ян Пякарскі (Мінск), Мікалай Салейка (Баранавічы) і Вольга Сідлярэвіч (Гродна). Сярод жанчын мацнейшымі сталі Эма Макарэвіч, Вольга Сідлярэвіч і Леанарда Пашкевіч з Мядзела.

Імкненне да перамогі, нястомнасць, адданасць любімай гульні паказалі пастаўчане Уладзімір Халдзей, Валерый Зубараў, Анатолій Сапрончык, Іван Працук, Вайцех Сямашка, Пётр Жук, ­удзельнікі з іншых гарадоў краіны.

Нязменны ідэйны натхняльнік і арганізатар спаборніцтваў, настаўнік СШ №2 Іван Троцкі таксама застаўся задаволены вынікамі турніру. За аказаную падтрымку  ў яго арганізацыі і спонсарскую дапамогу ён шчыра падзякаваў кіраўніцтву аддзела адукацыі, фізкультуры, спорту і турызму райвыканкама і дзяржаўнага аб’яднання “Фізічная культура, спорт і турызм Пастаўскага раёна”.

Тэкст і фота

Пятра КУРЫЛОВІЧА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.