Успаміны дзяцінства


Гэты здымак зроблены ў 1948 годзе. На ім — мае любыя яшчэ маладыя мама і тата, якія трымаюць на руках маю малодшую сястрычку. Я, маленькая і худзенькая, стаю каля іх ног. Першы злева ў першым радзе хлопчык — наш Валодзька-першынец, адзіны сынок у бацькоў і наш брацік сярод пецярых сясцёр. На жаль, лёсам яму было адмерана ўсяго 12 гадоў.

Здымак зроблены на вяселлі Васіля і Ніны Рубель з Варапаева. Мы стаім каля малітоўнага дома Кейзікаўскай абшчыны хрысціян веры евангельскай. На вяселле былі запрошаны не толькі родныя і блізкія маладых, але і ўсе веруючыя абшчыны. Дзякуючы маладым, якім мы не былі раднёй, у нашай сям’і застаўся вельмі дарагі здымак.

Многія ўжо даўно адышлі ў іншы свет. 25 гадоў няма з намі таты, 18 — мамы. Можа, ёсць яшчэ жывыя з тых, хто на гэтым здымку? Ці дзеці, унукі, праўнукі? Адгукніцеся! Рада была б пагаварыць. Мой тэлефон 5-64-87.

Беражыце здымкі сваёй сям’і, бо вельмі радасна і шчымліва ўбачыць сваіх родных маладымі. І дасылайце ў “Сямейны альбом”. Вельмі цікава паглядзець і пачытаць пра людскія лёсы.

Л. ЗАРЭЦКАЯ, в. Навасёлкі-І.

Ад рэдакцыі: Па шматлікіх просьбах чытачоў “Пастаўскага краю” рубрыка “Сямейны альбом” застаецца ў газеце і сёлета. А гэта значыць, што ў вас ёсць магчымасць дасылаць або прыносіць у рэдакцыю дарагія для вас фотаздымкі (усе яны ўносяцца ў камп’ютарную базу газеты і адразу ж вяртаюцца ўладальнікам). Прымаюцца таксама на электронныя адрасы рэдакцыі: е-mail: postkr@mail.ru, postkr@tut.by.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.