Варапаеўскай дыстанцыі пуці — 75


Кожная сустрэча радасная для былых работнікаў дыстанцыі Эдуарда Мікалаевіча Аліхвера, Таццяны Анатольеўны Калугінай, Лідзіі Уладзіміраўны Сарокінай і Івана Пятровіча Курыловіча.

Варапаеўская дыстанцыя пуці адзначыла 75-гадовы юбілей. Уша­ноўванне ветэранаў і лепшых работнікаў, святочны канцэрт праходзілі ў перапоўненай зале гарпасялковага Дома культуры.

А  чыгунцы — амаль 120

Будаўніцтва і рэканструкцыя чыгункі на цяперашняй тэрыторыі маюць багатую і слаўную гісторыю, вяртаюць у ХІХ стагоддзе. Менавіта ў 1895—1897 гадах была пачата і закончана ўкладка пуцей на ўчастку Свянцяны—Паставы—Варапаева—Глыбокае. Будаўніцтва вузкакалейкі стала для жыхароў тутэйшых мясцін сапраўднай падзеяй, садзейнічала развіццю тэрыторый, пашырэнню гандлю і іншых зносін.

Наступны этап звязаны з Першай сусветнай вайной, бо тагачасная тэрыторыя стала арэнай баявых дзеянняў і патрэбы ў транспарце намнога ўзраслі. У 1915 годзе рускімі войскамі на ўчастку Глыбокае—Паставы чыгунка была пераведзена на шырокую каляіну, а затым прадоўжана да станцыі Крулеўшчына. Быў узведзены пуць і па другі бок лініі фронту. Тут чыгунка пачыналася ад станцыі Дукштас, праходзіла праз Браслаў, Друю, дзе былі пабудаваны паравознае дэпо і драўляны мост праз Заходнюю Дзвіну. Аднак пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі, калі Латвія набыла самастойнасць і граніца паміж ёй і Польшчай праходзіла па Заходняй Дзвіне, чыгунка страціла сваё значэнне, мост разабралі.

Пасля заканчэння ў 1921 годзе баявых дзеянняў быў заключаны Рыжскі дагавор, у адпаведнасці з якім заходнія землі Беларусі перайшлі да Польшчы. Асваенне новых тэрыторый патрабавала новых шляхоў зносін. У гэтым годзе было завершана будаўніцтва ўчастка шырокай каляіны Крулеўшчына—Пабрадзе.

Але гэтага было недастаткова. Чарговым этапам развіцця чыгуначнай сеткі стала пракладка пуці на ўчастку Варапаева—Друя, якая пачалася ў 1930 годзе. Работы вяліся ўручную, было шмат праблем. Але, нягледзячы на гэта, участак даўжынёй 90 кіламетраў быў пабудаваны за тры гады. Такім чынам была сфарміравана сетка чыгункі шырокай каляіны, якая існуе да сённяшняга дня.

Пасля ўз’яднання ў верасні 1939 года Заходняй Беларусі з БССР разам з іншымі дзяржаўнымі структурамі і ведамствамі пачала дзейнічаць і дыстанцыя пуці, адміністрацыйным цэнтрам якой стала Варапаева. Для арганізацыі яе работы прыбыла група чыгуначнікаў з усходу. Асаблівая ўвага была звернута на паляпшэнне стану пуці і ў цэлым пуцявой гаспадаркі, якія не адпавядалі патрабаванням эксплуатацыі. Масты ў асноўным былі драўляныя, часовыя, рэйкі — лёгкіх тыпаў, у значнай ступені зношаныя. Быў выкананы немалы аб’ём работы па іх замене і ўмацаванні, падрыхтоўцы і павышэнні кваліфікацыі работнікаў.

Мікалай Яфімавіч Субач і Віктар Мацвеевіч Красоўскі ўсё жыццё адпрацавалі ў дыстанцыі пуці. Ветэранаў памятаюць і цэняць у калектыве.

Але мірная, стваральная праца была перапынена вераломным нападам на нашу краіну фашысцкай Германіі. На занятай ворагам тэрыторыі вялася “рэйкавая” вайна, даводзілася разбураць тое, што будавалася многія гады. Пасля вызвалення Пастаўскага і суседніх раёнаў ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў мясцовыя жыхары актыўна прыступілі да аднаўлення пуцявой гаспадаркі, працавалі днём і ноччу. Спатрэбілася ўсяго каля трох месяцаў, каб работа дыстанцыі была наладжана.

Застаецца нязменнай

Сёння, як і некалькі дзесяцігоддзяў назад, галоўнай задачай кожнага работніка чыгуначнага транспарту з’яўляецца забеспячэнне бяспекі руху паяздоў, перавозкі пасажыраў і грузаў. Калектыў дыстанцыі абслугоўвае 304 кіламетры галоўнага пуці, 250 стрэлачных пераводаў, 95 пераездаў, шэраг іншых збудаванняў. Сталёвыя магістралі пралягаюць па тэрыторыі Пастаўскага, Шаркаўшчынскага, Браслаўскага, Міёрскага, Глыбоцкага, Докшыцкага і Полацкага раёнаў (іх разгорнутая даўжыня ў трох кірунках складае амаль 400 кіламетраў).

 

Здавалася б, што пры такой раскіданасці чыгуначнай гаспадаркі павінны ўзнікаць пэўныя цяжкасці. Але на дыстанцыі даўно склалася адпрацаваная сістэма работы, якая трымаецца на высокай выканаўчай і працоўнай дысцыпліне, прафесіяналізме і майстэрстве работнікаў усіх падраздзяленняў. Асноўнымі з’яўляюцца 11 акалодкаў, рабочыя якіх і забяспечваюць рамонт і бягучае ўтрыманне чыгуначнага пуці і штучных збудаванняў, тэхнічных сродкаў і будынкаў. Менавіта ад іх залежыць асноўны паказчык работы дыстанцыі — бальная ацэнка бягучага ўтрымання пуці, якая даецца па выніках прахо­джання вагона-пуцевымя­раль­ніка. На абслугоўваемых пуцейцамі дыстанцыі ўчастках кожны кіламетр атрымлівае толь­кі станоўчыя ацэнкі.

Гэта дасягаецца дзякуючы пастаяннай і пільнай рабоце па ўтрыманні пуці. Як адзначыў на ўрачыстасці начальнік дыстанцыі А. Ю. Кандыбін, у апошнія гады многае зроблена па ўмацаванні яе верхняй будовы.

Старшыня раённай прафарганізацыі чыгуначнікаў і транспартных будаўнікоў Віцебскага аддзялення Іван Ільіч Піцерскі ўручае Ганаровую грамату начальніку дыстанцыі Аляксандру Юр’евічу Кандыбіну.

Практычна завершана работа па замене драўляных шпал на жалезабетонныя. Многае зроблена па забеспячэнні работнікаў сродкамі малой механізацыі, абноўлены аўтамабільны парк, праведзена рэканструкцыя кацельні і майстэрань, наладжаны выраб са спісаных драўляных шпал новага віду паліва — пялет.

Шмат увагі надаецца пытанням аховы працы і працоўнай дысцыпліны, тэхнічнай вучобе, выкананню мерапрыемстваў па забеспячэнні ўстойлівай і бесперабойнай работы ў любую пару года, захаванні правіл эксплуатацыі машын і механізмаў, транспартных сродкаў.

Вялікі ўклад у зладжаную работу калектыву, у якім налічваецца больш за 340 чалавек, уносяць спецыялісты іншых падраздзяленняў: майстэрань, маставой брыгады, цэха спецыяльнага самаходнага рухомага саставу, пуцявой калоны, цэха дэфектаскапіі, канторы. У цесным кантакце пуцейцы працуюць з работнікамі чыгуначных станцый, сувязі, энергазабеспячэння. Ды інакш і не можа быць, бо ўсе яны нясуць аднолькавую адказнасць за надзейны стан пуці, бяспечны рух паяздоў.

 Дарога сталёвая, людзі — залатыя

Такую ацэнку работнікам дыстанцыі даў намеснік начальніка Віцебскага аддзялення Беларускай чыгункі С. А. Навадворскі. Ён зачытаў прывітальныя адрасы начальніка Віцебскага аддзялення і начальніка службы пуці Беларускай чыгункі, падкрэсліў, што на працягу многіх дзесяцігоддзяў у дыстанцыі паспяхова спраўляюцца з пастаўленымі задачамі, удала спалучаюць вопыт ветэранаў і сучасныя веды маладых работнікаў, смела ўкараняюць перадавыя спосабы і тэхналогіі рамонту пуці. Адметным з’яўляецца тое, што ў век механізацыі, аўтаматызацыі і камп’ютарызацыі многіх працэсаў кіраўніцтва і грамадскія арганізацыі дыстанцыі па-ранейшаму галоўным лічаць чалавека на рабочым месцы і робяць усё для таго, каб людзі ганарыліся прафесіяй.

За час работы ў Варапаеўскай дыстанцыі пуці аператар дэфектаскопнай цялежкі Віктар Яўгеньевіч Зубік стаў сапраўдным прафесіяналам, мае нямала розных узнагарод. У іх ліку — нагрудны знак “Выдатнік Беларускай чыгункі”.
Вадзіцель дрызіны Генадзій Віктаравіч Пяткевіч і манцёр пуці Алег Міхайлавіч Махроў узнагароджаны Ганаровымі граматамі начальніка дыстанцыі пуці.

— Дзякуючы вопыту, сумленным адносінам да сваіх працоўных і службовых абавязкаў, ініцыятыве пуцейцы дыстанцыі служаць прыкладам для іншых калектываў, маюць шмат узнагарод розных узроўняў, — адзначыў старшыня раённай прафсаюзнай арганізацыі чыгуначнікаў і транспартных будаўнікоў Віцебскага аддзялення І. І. Піцерскі. — Тут пастаянна выдзяляюць сродкі для матэрыяльнай падтрымкі работнікаў, ветэранаў. Добра наладжана работа па санаторным аздараўленні, паляпшэнні ўмоў працы і быту, павышэнні ўзроўню прафесійнай падрыхтоўкі.

— Гарпасёлак Варапаева заслужана называюць раённай сталіцай чыгуначнікаў, — падкрэсліў, вітаючы прысутных, намеснік старшыні райвыканкама Ю. М. Кісялёў. — Калектыў дыстанцыі мае багатую гісторыю, добрыя традыцыі, славіцца сваімі ветэранамі, сямейнымі дынастыямі. Дзякуючы сувязі пакаленняў, прафесійнай падрыхтоўцы на ўсіх участках забяспечваюцца зладжаная работа, высокі ўзровень адказнасці. Кіраўніцтва і спецыялісты актыўна ўдзельнічаюць у грамадска-палітычным жыцці раёна. Добра развіты мастацкая самадзейнасць, спартыўнае жыццё.

Варапаеўская дыстанцыя пуці на працягу многіх дзесяцігоддзяў перш за ўсё вызначаецца сваім высокакваліфікаваным стабільным кадравым патэнцыялам. Тут вельмі паважліва ставяцца да былых кіраўнікоў, цэняць тых спецыялістаў, чые заслугі перад чыгункай неаспрэчныя. Вось і на ўрачыстым сходзе было ўручана шмат узнагарод ветэранам, а таксама тым, хто годна прадаўжае іх справу. Каля 40 чалавек атрымалі Ганаровыя граматы і Падзякі Віцебскага аддзялення Беларускай чыгункі і раённай прафсаюзнай арганізацыі чыгуначнікаў, раённага выканаўчага камітэта, адміністрацыі дыстанцыі пуці. Ад самадзейных артыстаў ГПДК удзельнікі сходу атрымалі музычныя падарункі.

Тэкст і фота Пятра КУРЫЛОВІЧА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.