Выстаяць. Выжыць. Перамагчы…


“Загадана выжыць і перамагчы!” — такімі словамі пачаў свае ўспаміны аб Вялікай Айчыннай вайне, гераізме і мужнасці савецкага народа салдат Вялікай Перамогі артылерыст Анатоль Фёдаравіч Харко. І прыгадаў, што на адной з сустрэч з ветэранамі Прэзідэнт краіны Аляксандр Лукашэнка таксама сказаў: “Загадваю — жыць!”

Вось мы і жывём, хоць засталося нас нямнога, — працягвае Анатоль Фёдаравіч. — І сняцца мне па начах аглушальныя залпы “Кацюш”, лязгат гусеніц танкаў і артылерыйскіх цягачоў, гул бамбардзіроўшчыкаў, шчыльная дымавая заслона над пазіцыямі ад разрываў тысяч бомб і снарадаў, і здаецца, зямля і неба не вытрымаюць гэтага пекла. Затое з якім захапленнем і гордасцю слухалі загад Вярхоўнага галоўнакамандуючага І. В. Сталі­на, які пасля баёў зачытваў наш камісар: “Войскі ІІ Беларускага фронту фарсіравалі раку Вісла, прарвалі моцную абарону немцаў і з баямі прасунуліся на 20-25 кіламетраў…” Гэта ж пра нас гаварыла Масква! Пазней у кінахроніцы давялося пачуць голас самога Левітана, убачыць пераможны салют.

18-гадовага варапаеўскага хлопца Анатоля Харко прызвалі ў Чырвоную Армію ў ліпені 44-га. Разам з аднагодкамі трапіў на зборны пункт у вёсцы Сяргеевічы. Адтуль у суправаджэнні партызан з атрада імя Шчорса пехатой рушылі на станцыю Краснае, што пад Мінскам. Там іх размясцілі па вагонах і адправілі ў запасны полк у Дарагабуж пад Смаленскам. Пачаўся паскораны курс маладога байца. Праз месяц прывялі да прысягі, сфарміравалі маршавыя роты і адправілі на фронт. Праехалі амаль усю Польшчу, пад Варшаву. Рота, у якой служыў радавы Анатоль Харко, папоўніла 118-ы артылерыйскі полк. Як успамінае сам Анатоль Фёдаравіч, пасля наступальных баёў полк меў сур’ёзныя страты: у батарэях засталося па 20-25 байцоў. Іх размеркавалі па розных дывізі­ёнах, батарэях і разліках. Частка 69-ай стралковай дывізіі, у склад якой уваходзіў і 118-ы артылерыйскі полк, займала абарону пад Варшавай амаль 3 месяцы. Рыхтаваліся да наступлення, але ўмацоўвалі свае абарончыя пазіцыі, бо за імі за два-тры кіламетры шырокай стужкай ляжаў прыток Віслы — Нараф. Немцы неаднаразова атакавалі, але безвынікова, бо ўсе іх спробы разбіваліся аб стойкасць і мужнасць савецкіх воінаў.

— 17 студзеня нашы пайшлі ў наступленне, яму папярэднічала 40-мі­нут­ная артпадрыхтоўка, якую вёў і наш полк, — працягвае свой расказ ветэран. — Снарадаў не шкадавалі. Немцы, адступаючы, прымалі захады, каб знішчыць Варшаву, сцерці яе з твару зямлі. Заклалі для гэтага фугасы. Але нашы войскі наступалі так імкліва, што немцы ўзарваць нічога не паспелі, і горад быў выратаваны. Многа нашых байцоў палегла пад Варшавай… І калі я цяпер па тэлевізары бачу сюжэты пра знявагу помнікаў савецкім воінам, якія вызвалялі Польшчу, то сэрца крывёй абліваецца. Толькі і пытаюся ціха: што ж вы робіце?

Былы франтавік сціплы і стрыманы ў словах, калі ўспамінае свой баявы шлях. Але пра франтавых таварышаў гаворыць з асаблівай цеплынёй. Найперш карэкціроўшчыкаў і сувязістаў. Сувязь паміж камандным пунктам і агнявымі пазіцыямі была правадная. Калі грымеў бой, яна вельмі часта парушалася. Пад абстрэлам яе абнаўлялі байцы. Бывала і так, што немцы ў перыяд зацішша пераразалі провад наўмысна і чакалі “языка”, а то і снайпер падпільноўваў. А кулям і асколкам салдаты не кланяліся.

— Потым наша дывізія прымала ўдзел у вызваленні Гданьска, затым выйшлі на Одэр, — успамінаў Анатоль Фёдаравіч. — Да Берліна заставалася 65 кіламетраў. Але немцы ўзарвалі шлюзы на рацэ, і яна месцамі разлілася на чатыры кіламетры. А на тым беразе — некалькі ліній абароны, прычым, па ўсіх ваенных законах, непрыступныя. Немцы ў гэтым толк ведалі. Нашы сапёры пад няспынным абстрэлам наводзілі пераправу. На месца забітага ці параненага адразу ж станавіўся новы баец, і работа не спынялася. Адзін пантонны мост ужо амаль навялі, а тут наляцелі нямецкія самалёты і разбамбілі, хоць і іх самалётаў зенітчыкі збілі нямала. Фарсіравалі раку хто на чым мог, нават уплаў. І гэта ў пачатку красавіка. Вада ў рацэ літаральна “кіпела” ад асколкаў і была афарбавана ў чырвоны колер. Наступленне было настолькі магутным, што спыніць яго праціўнік не змог. А сапёры працягвалі аднаўляць пераправы, каб прапусціць новыя эшалоны наступаючых. Два з паловай мільёны савецкіх салдат і афіцэраў фарсіравалі раку, пераадолелі ўсе абарончыя лініі немцаў і пайшлі дабіваць ненавіснага ворага ў яго ўласным логаве.

2 мая байцы і камандзіры 118-га артылерыйскага палка пачулі аглушальную кананаду, убачылі шмат сігнальных асвятляльных ракет. Праз якую гадзіну на пастраенні камандзір палка аб’явіў, што гэта быў салют у гонар Перамогі. Радасці не было межаў…

Потым частку франтавікоў у эшалонах павезлі на Далёкі Усход. Полк, у якім служыў Анатоль Фёдаравіч, перакінулі на поў­дзень Германіі, у Сілезію. Там знаходзіўся да канца 1945-га: не ўсе варожыя часці здаліся, былі і такія, хто працягваў супраціўленне і пасля Перамогі. Затым воінскім эшалонам праз Ковель А. Харко прыбыў на станцыю Волагда. Скончыў шасцімесячныя курсы малодшых камандзіраў. Служыў да 1950 года, камандаваў узводам. Прапаноў­валі застацца ў кадрах Савецкай Арміі, аднак сяржант Харко вырашыў дэмабілізавацца і вярнуцца на сваю малую радзіму — у Варапаева.

Наконт працаўладкавання не вагаўся — прыйшоў у аддзел кадраў Варапаеўскай дыстанцыі пуці. Прынялі ў майстэрні. Нешматлікая тэхніка, якая мелася на той час у дыстанцыі, патрабавала рамонту. Тады і стаў А. Харко да такарнага станка. У яго працоўнай кніжцы ўсяго адзін запіс аб тым, што ў 1950-ым прыняты на работу ў дыстанцыю, а ў1980-ым адтуль жа звольнены ў сувязі з выхадам на заслужаны адпачынак. Тут ён стаў прафесіяналам, адным з лепшых рацыяналізатараў, на рахунку якога больш за 90 прапаноў, у тым ліку і з унушальным эканамічным эфектам. А колькім машынам і  механізмам ён вярнуў сваёй работай новае жыццё!

За баявыя заслугі і высокапрадукцыйную працу А. Ф. Харко адзначаны 13-цю ўрадавымі ўзнагародамі, рознымі прызамі, граматамі і каштоўнымі падарункамі. Яго жонка Алена Канстанцінаўна таксама працавала ў дыстанцыі 25 гадоў. Старэйшая дачка Дар’я скончыла Ленін­градскі тэхнікум чыгуначнага транспарту, працавала ў бухгалтэрыі дыстанцыі. Так склалася працоўная дынастыя Харко, агульны працоўны стаж якой амаль 100 гадоў.

Нягледзячы на паважаны ўзрост (ветэрану ідзе 89-ы год), Анатоль Фёдаравіч добра выглядае і захоўвае бадзёрасць. Частымі гасцямі ў яго бываюць старшыня савета ветэранаў дыстанцыі В. А. Трафімава, прадстаўнікі кіраўніцтва і прафкама дыстанцыі, вучні Варапаеўскай школы.

А завяршыў свае ўспаміны ветэран радкамі паэта-франтавіка Эдуарда Асадава: “Запоминайте нас, пока мы есть!/ Ведь мы ещё на многое сгодимся./ Никто не знает, сколько мы продлимся,/ А вот сейчас мы с вами, рядом, здесь./ Мы вечно с вами толковать бы рады,/ Но всех ветра когда-то унесут…/ Запоминайте ж нас, пока мы тут,/ Тогда архивов и листать не надо!”

Моцнага Вам здароўя, паважаны Анатоль Фёдаравіч, доўгіх гадоў жыцця, дабрабыту і цеплыні!

Л. СЕМЯНАС, ветэран Беларускай чыгункі,

былы начальнік 2-га участка Варапаеўскай дыстанцыі пуці.

Фота Пятра КУРЫЛОВІЧА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.