З важкім “багажом” узнагарод


15 снежня ў Віцебску падвялі вынікі “Працоўнага семестра-2014”. Узнагароджванне лепшых арганізатараў часовай занятасці моладзі, камандзіраў і актывістаў студатрадаўскага руху адбылося ў Нацыянальным драматычным тэатры. Як і ў мінулыя гады, пастаўчане вярнуліся з урачыстасці з важкім “багажом” узнагарод.

У мерапрыемстве ўдзельнічалі прадстаўнікі абласной і мясцовых органаў улады, устаноў адукацыі, тэрытарыяльных камітэтаў ГА “БРСМ”, члены студэнцкіх атрадаў з усіх рэгіёнаў Віцебшчыны. Пастаўскую дэлегацыю ўзначаліў намеснік старшыні райвыканкама Юрый Мікалаевіч Кісялёў. Ён адным з першых падняўся на сцэну, каб атрымаць узнагароду ў намінацыі “Лепшы раённы, гарадскі штаб (раённых і гарадскіх выканаўчых камітэтаў) па каардынацыі дзейнасці студэнцкіх атрадаў”.

Апладысменты ў гонар нашых землякоў гучалі яшчэ неаднойчы. Пастаўская раённая арганізацыя ГА “Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі” адзначана як лепшая раённая, гарадская арганізацыя БРСМ у галіне другаснай занятасці моладзі. Трэці год запар узнагароду атрымала першы сакратар райкама БРСМ Іна Каралёва. Лепшым наймальнікам студэнцкага атрада прызнана ААТ “Хацілы-агра” (гаспадарку прадстаўляла інспектар па кадрах Лілія Запрамётава). У намінацыі “Лепшы штаб працоўных спраў устаноў адукацыі, якія забяспечваюць атрыманне прафесійна-тэхнічнай адукацыі” граматай адзначаны штаб працоўных спраў Пастаўскага прафесійна-тэхнічнага каледжа.  Атрад “За­дзеўе” з гэтай жа навучальнай установы адзначаны як лепшы сельскагаспадарчы атрад. Грамата і Падзяка былі перада­дзены намесніку дырэктара па вучэбнай рабоце прафтэхкаледжа Алене Канстанцінаўне Дубовік і навучэнцу групы № 207 Аляксандру Грузду.

Як адзначыла на ўрачыстасці першы сакратар Віцебскага абласнога камітэта БРСМ Юлія Новікава, арганізацыя часовай працоўнай занятасці моладзі ў 2014-ым мела шэраг адрозненняў. У сувязі са змяненнямі ў заканадаўстве працаўладкаванне школьнікаў, навучэнцаў і студэнтаў цяпер магчыма на працягу ўсяго года. Таксама адноўлена цудоўная камсамольская традыцыя арганізацыі маладзёжных будоўляў. Маладыя жыхары Віцебшчыны прынялі ўдзел як ва ўсебеларускай будоўлі (ёй была аб’яўлена Беларуская АЭС), так і ў абласной — на добраўпарадкаванні Гарадка да “Дажынак”. Напрыканцы мінулага года таксама ўпершыню прайшоў фестываль творчасці студэнцкіх атрадаў, у якім, дарэчы, прынялі ўдзел і навучэнцы Пастаўскага прафтэхкаледжа.

Падчас падвядзення вынікаў “Працоўнага семестра-2014” былі ўручаны дзясяткі ўзнагарод, ад высокіх чыноўнікаў гучалі шматлікія словы падзякі маладым людзям за іх актыўнасць, ініцыятыўнасць, плённую працу на карысць Віцебшчыны. У падарунак прысутныя атрымалі выступленні творчых калектываў з абласнога цэнтра.

Чыя заслуга ў атрыманні традыцыйна высокіх вы­нікаў працы маладых пастаўчан? Гэта пытанне я адрасавала намесніку старшыні райвыканкама Юрыю Мікалаевічу Кісялёву.

— У сістэме адукацыі Пастаўскага раёна захаваны найлепшыя традыцыі занятасці моладзі, якія існавалі яшчэ ў часы камсамола, — адказаў ён. — Дзякуючы зладжанай і аператыўнай рабоце ўсіх зацікаўленых структур нам і сёння ўдаецца дабівацца ў гэтым пытанні высокіх вынікаў. Ключавую ролю ў арганізацыі занятасці моладзі адыгрывае раённы камітэт ГА “БРСМ”. Высокія вынікі дасягнуты ў многім дзякуючы стараннай працы яго першага і другога сакратароў — Іны Каралёвай і Веранікі Руткоўскай, а таксама падтрымцы іх ініцыятыў з боку раённых улад. Вялікі ўклад у агульны поспех унеслі педагогі і навучэнцы прафтэхкаледжа — сёлета яны зноў праявілі сябе з найлепшага боку. Таксама дзякуй наймальнікам, кіраўнікам устаноў адукацыі і іх намеснікам, настаўнікам — усім, хто прымаў ­удзел у арганізацыі часовай працоўнай занятасці моладзі, — рэзюмаваў Юрый Мікалаевіч.

Усяго ў атрадах Пастаўшчыны ў мінулым годзе шчыравала амаль тысяча маладых людзей. Яны былі працаўладкаваны ў лясгас, філіял ДРБУ-132, аграбудпрадпрыемства “Рассвет Пастаўскі”, філіял “Каапнарыхтпрамгандаль райспажыўтаварыства”, у ААТ “Навасёлкі-Лучай”, “Кураполле-агра”, “Сцяг Перамогі-агра”, “Камайскі-агра”, “Хацілы-агра”, іншыя сельскія гаспадаркі раёна.

Іна СНЯЖКОВА. Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.