Задача — расшыраць спектр паслуг


Напярэдадні Новага года насельнікі Пастаўскага аддзялення кругласутачнага знаходжання атрымалі ў падарунак радыёпрыёмнікі. Загадчыцы аддзялення Ю. С. Чалей іх уручыў начальнік раённага вузла электрасувязі І. В. Тамашэвіч.

Новы год наступіў, і свой адлік ужо распачаў каляндар прафесійных свят. У ліку першых яго адзначаюць і работнікі сацыяльнай абароны. З гэтай нагоды карэспандэнт “Пастаўскага краю” гутарыць з начальнікам упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Пятром Леанідавічам Курто.

— Пётр Леанідавіч, ваша служба адна з самых шматлікіх. Відавочна: працаваць ёсць для каго…

— Так. Паслугамі службы сацыяльнай абароны карыстаецца вялікая колькасць людзей. Атрымальнікамі пенсій і дапамог з’яўляюцца 11888 чалавек. Сярэдні памер пенсіі па стане на 1 снежня 2014 года складаў 2631304 рублі, а за 11 месяцаў папярэдняга года выплачана 300554672084 рублі. Гэта не проста лічбы, за імі — вялікая работа канкрэтных людзей — работнікаў упраўлення. Яны займаюцца налічэннем пенсій і дапамог, іх выплатай і кантролем за выкарыстаннем сродкаў, якія выдзяляюцца на такія мэты. Гэта начальнік аддзела пенсій і дапамог М. М. Міхасёнак, галоўны спецыяліст Л. М. Бяленка, галоўны спецыяліст, адміністратар базы даных С. А. Севярын, вядучы спецыяліст А. І. Северына, намеснік начальніка ўпраўлення Т. А. Варабей, галоўны бухгалтар Л. С. Мушчыцкая.

— Пяройдзем да дзейнасці тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва.

— Цэнтр з’яўляецца дзяржаўнай установай сацыяльнага абслугоўвання. Яго ўзначальвае Д. І. Пякарская. Дзейнасць ТЦСАН накіравана на арганізацыю і аказанне паслуг грамадзянам, якія знаходзяцца ў цяжкай жыццёвай сітуацыі. Сваю работу ўстанова ажыццяўляе ў адпаведнасці з дзяржаўнымі праграмамі — “Комплекснай праграмай сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва на 2011—2015 гады”, “Праграмай па стварэнні безбар’ернага асяроддзя для фізічна аслабленых асоб на 2011—2015 гады”. У штаце — 172 чалавекі, з іх 115 — сацыяльныя работнікі.

Структурнымі падраздзяленнямі з’яўляюцца 7 аддзяленняў, адзін філіял  (адкрыты ў 2014 годзе), дзейнічаюць 10 сацыяльных пунктаў пры сельвыканкамах (два на пастаяннай аснове, 8 — з выязной формай работы).

Загадчыца аддзялення сацыяльнай дапамогі Т. В. Андрон.

— Калі ласка, коратка спыніцеся на рабоце аддзяленняў ТЦСАН.

— Аддзяленне першаснага прыёму, інфармацыі, аналізу і прагназавання ажыццяўляе ўлік сацыяльнага пашпарта раёна ў цэлым, дзесяці сельсаветаў. Штогод яго работнікі праводзяць абследаванне ўмоў пражывання адзінокіх пажылых грамадзян, ветэранаў вайны, інвалідаў. Усе заяўкі і просьбы, якія паступаюць падчас такіх абследаванняў, вырашаюцца ў поўным аб’ёме. За 11 месяцаў 2014 года са сродкаў Фонду сацыяльнай абароны матэрыяльную дапамогу атрымалі 506 непрацуючых пенсіянераў і інвалідаў на агульную суму 121 млн 780 тыс. рублёў. Наладжана сістэма работы па вывядзенні пажылых грамадзян і інвалідаў са складанай жыццёвай сітуацыі. Летась дапамога аказана 72 чалавекам (рамонт печаў, электраправодкі, домаўладанняў, выдача ­адзення, абутку, прамысловых тавараў і г. д.). Дапамогу аказваюць два салоны “Міласэрнасць” і два пункты пракату.

Аддзяленнем дзяржаўнай адраснай сацыяльнай дапамогі за 11 месяцаў 2014 года аказана дапамога 473 сем’ям.

Тры гаспадарчыя брыгады аддзялення тэрміновага сацыяльнага абслугоўвання аказваюць больш за 200 відаў паслуг гаспадарча-бытавога прызначэння.

У Пастаўскім і Лынтупскім аддзяленнях кругласутачнага знаходжання пражываюць 50 пажылых грамадзян.

Запатрабавана аддзяленне сацыяльнай адаптацыі, рэабілітацыі і дзённага знаходжання інвалідаў. Тут арганізавана работа 10 гурткоў і 9 клубаў, праводзяцца карэкцыйна-развіваючыя заняткі, працуе “тэлефон даверу”. Аддзяленне на пастаяннай аснове наведваюць 66 чалавек (інваліды, дзеці з няпоўных, праблемных, апякунскіх і прыёмных сем’яў, людзі пажылога ўзросту). Ажыццяўляецца патранат 30 інвалідаў і дзяцей-сірот. У аддзяленні працуе камп’ютарны клас, адкрыты сацыяльная пральня і дзве вытворчыя працоўныя майстэрні.

Аддзяленнем сацыяльнай дапамогі ў 152 населеных пунктах, у тым ліку ў 43 аддаленых і маланаселеных, абслугоўваюцца 852 чалавекі. Насельніцтву аказана 4520 разавых сацыяльных паслуг на 24 млн рублёў.

— Раскажыце пра новыя формы абслугоўвання і планы на 2015-ы.

— У мінулым годзе 10 сацыяльных работнікаў прайшлі навучанне майстэрству цырульніка ў Полацкім прафе­сійна-тэхнічным каледжы. У маі была адкрыта выязная сацыяльная цырульня — аказана 71 паслуга на суму 495,6 тыс. рублёў.

Укаранёны новыя формы жыццеўладкавання пажылых грамадзян: прыёмныя сем’і, дамы зімоўкі, патранатныя сем’і, санаторый на даму, гасцявая сям’я, паслугі памочніка па суправаджэнні інваліда першай групы з абмежаванай здольнасцю да перамяшчэння, паслугі асістэнта інваліда першай групы з асаблівасцямі псіха­фізічнага развіцця, паслуга нянькі для сям’і, якая вы­хоўвае двайнят. Усё гэта ў нас ёсць.

У планах на 2015-ы стварэнне вытворчай працоўнай майстэрні па выпуску сувенірнай брэндавай прадукцыі, адкрыццё аддзялення дзённага знаходжання для пажылых грамадзян з двума гасцявымі нумарамі па суправаджальным пражыванні, расшырэнне спектра разавых сацыяльных паслуг, укараненне ў практыку інфармацыйных тэхналогій, адкрыццё новых форм сацыяльнага абслугоўвання і іншае.

Галоўны спецыяліст, адміністратар базы даных С. А. Севярын.

— Што можаце сказаць пра кадры, якія ўсё гэта будуць ажыццяўляць?

— Работа тэрытарыяльнага цэнтра максімальна арыентавана на канкрэтных грамадзян, якім патрэбна сацыяльная падтрымка. А гэта азначае, што выконваць свае абавязкі работнікам трэба адказна. Усе 172 чалавекі працуюць сумленна. Фотаздымкі найлепшых занесены на Дошку гонару ўпраўлення. Гэта інспектар па асноўнай дзейнасці В. І. Сеніна, справавод Г. В. Цымбалюк, загадчык аддзялення тэрміновага сацыяльнага абслугоўвання Г. Б. Каравацкі, сацыяльныя работнікі І. М. Лапушынская, Ж. У. Руткоўская, Г. В. Урбан, І. Л. Куцуха, І. П. Катэйка, А. М. Юхновіч. На Дошку гонару ДУ “Пастаўскі ТЦСАН” занесены фотаздымкі спецыялістаў па сацыяльнай рабоце В. В. Тараскевіч, А. Г. Емяльяненка і Н. І. Койра, вадзіцеля Ю. В. Каравацкага, сацыяльных работнікаў С. І. Станюленіс, Н. С. Бервячонак, М. І. Шчэрба, Т. М. Кухарэўскай, Р. У. Якубоўскай, В. У. Івашчанка.

— Паслязаўтра — свята. Як плануеце адзначаць?

— У раённым Доме культуры адбудзецца ўрачысты сход. На яго запрошаны работнікі ўпраўлення і тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання, а таксама Дунілавіцкага псіханеўралагічнага дома-інтэрната, з якім мы цесна супрацоўнічаем, ветэраны сацыяльнай абароны. Па традыцыі раскажам пра набыткі, прыгадаем гісторыю, пагаворым пра планы на перспектыву. Лепшым работнікам будуць уручаны Ганаровыя граматы і Падзякі камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне аблвыканкама, раённага выканаўчага камітэта і раённага Савета дэпутатаў, а таксама нашага ўпраўлення. Адбудзецца святочны канцэрт.

А сёння, карыстаючыся выпадкам, праз газету віншую работнікаў сацыяльнай абароны з прафесійным святам і жадаю здароўя, поспехаў ва ўсіх справах, ажыццяўлення задуманага. Найлепшыя віншаванні і пажаданні ветэранам, тым, хто ў свой час працаваў у нашай службе, а таксама спонсарам і партнёрам, якія дапамагаюць вырашаць надзённыя пытанні. Усіх — з Калядамі і Новым годам!

Галіна ПІШЧ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.