Зрабіць пакупкі ды палюбавацца

Общество

Напярэдадні Новага года ў рэдакцыю райгазеты патэлефанаваў жыхар вёскі Шыркі Іван Сямёнавіч Мацвееў і з захапленнем расказаў пра казачную прыгажосць, якую стварыла ў мясцовым магазіне яго загадчыца Ала Пятроўна Зелянкевіч. Маўляў, такое не ў кожным гарадскім магазіне ўбачыш — усім наведвальнікам прыемна зайсці. Запрашаў заглянуць таксама нас, журналістаў. Што мы і зрабілі.

Яшчэ на вуліцы магазін сустрэў вясёлымі Дзедамі Марозамі і Снягуркамі на вокнах у акружэнні рознакаляровых сняжынак і віншаваннем “З Новым годам!” Уваходжу ў памяшканне — і вочы разбягаюцца ад стракацення навагодняй мішуры, вялізных сняжынак і зорачак, якія ўпрыгожваюць прылаўкі і тавары, звісаюць са столі. І зноў з усіх куткоў магазіна, нават са сцяны печы, на мяне весела пазіраюць усемагчымыя Дзеды Марозы і Снягуркі. Яны ж у кампаніі розных звяроў выглядваюць з-пад упрыгожанай дожджыкам, цацкамі і цукеркамі жывой сасны. Насупраць на прылаўку ўбраная штучная ёлачка.

— Магазін упрыгожваю штогод, — расказвала Ала Пятроўна. — Ёлку купіла за свае грошы некалькі гадоў назад, а вось сасонку прынеслі мясцовыя жыхары. У пачатку снежня прывезла з дома ёлачныя ўпрыгажэнні, мяккія цацкі і навагоднія плакаты, якіх за 10 гадоў работы тут накупляла шмат. Большасць развесіла і прыклеіла сама, а пад столлю — дапамаглі знаёмыя.

А. П. Зелянкевіч — пастаўчанка. На працягу 9 гадоў на работу ў Шыркі і дамоў яна дабіралася пешшу і на спадарожных машынах. А летась кіраў­ніцтва райспажыўтаварыства прадаставіла для падвозу прадаўцоў з Шырак, Дварчан і Ярэва службовы транспарт. Гэта акалічнасць у пэўнай ступені паўплывала на рашэнне загадчыцы гандлёвай крамы, якая ўжо даўно мае права на заслужаны адпачынак, застацца папрацаваць у магазіне яшчэ.

— Сваю работу я вельмі люблю, — гаварыла жанчына. — За прылаўкам забываю пра ўсе жыццёвыя цяжкасці і праблемы. Добра ведаю мясцовых жыхароў і да кожнага з іх даўно знайшла падыход. Стараюся задаволіць густы вяскоўцаў, каб у магазіне было шмат рознага тавару.

Сапраўды, чаго толькі я ні ўбачыла ў краме! Разнастайныя каўбасы і мясныя паўфабрыкаты, свежая і салёная рыба, арэхі, усемагчымая садавіна: мандарыны, апельсіны, вінаград, ананасы, лімоны, ківі, памэла, дзясяткі відаў цукерак і пячэння, вялікі выбар спіртнога… Спецыяльна да навагодніх свят загадчыца па ўласнай ініцыятыве арганізавала выставу-продаж пастаўскіх тартоў (штогод ладзіць яе і да Вялікадня). Таксама самастойна прыняла рашэнне на працягу снежня працаваць без выхадных, каб падцягнуць план, бо людзям можа спатрэбіцца і ў нядзелю зрабіць нейкія пакупкі.

Але, па словах Алы Пятроўны, купляюць цяпер не так шмат усяго, як раней. Прычына — адсутнасць у вяскоўцаў грошай. Тым не менш у магазін яны захо­дзяць часта. Не толькі каб набыць нешта да святочнага стала, але і палюбавацца на навагодняе афармленне. Асабліва шмат дзяцей. Менавіта для іх загадчыца павесіла на ёлку цукеркі і пасадзіла вакол мяккія цацкі. Многія з тых цацак сталі навагоднімі падарункамі маленькім жыхарам Шырак, пасяліўшыся ў іх дамах.

Алена ШАПАВАЛАВА.

Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.