Адзін з лепшых

Личности

У сярэдзіне студзеня ва УП “Віцебскаблгаз” адбыўся ўрачысты сход, на якім генеральны дырэктар прадпрыемства П. П. Шэршань уручыў Ганаровыя граматы і грашовыя прэміі работнікам, удастоеным звання “Чалавек года газавай гаспадаркі Віцебшчыны”. У лік узнагароджаных трапіў і слесар аварыйна-аднаўленчых работ філіяла “РВУ “Паставырайгаз” Часлаў Яўгеньевіч Бялабка.

У калектыў “Паставырайгазу” Ч. Я. Бялабка прыйшоў 20 гадоў назад з завода “Беліт”, куды пасля тэрміновай службы ў арміі ўладкаваўся наладчыкам тэхналагічнага абсталявання. Вырашыў прадоўжыць сямейную дынастыю: ва ўпраўленні не адно дзесяцігоддзе працаваў бацька Яўгеній Адамавіч. 17 гадоў Часлаў аддаў службе дастаўкі газу — развозіў газавыя балоны абанентам горада і раёна. А ў 2011-ым перайшоў у аварыйную службу, дзе займаецца ліквідацыяй аварыйных сітуацый на газаправодах, абслугоўваннем газавых прыбораў насельніцтва.

— Цяперашняя работа мяне цалкам задавальняе, — кажа ён. — Прывык да новага графіка з 12-га­дзіннымі працоўнымі зменамі. Падчас іх выконваю заяўкі пастаўчан на рамонт газавых пліт і катлоў, выязджаю на аварыйныя выклікі. На шчасце, сур’ёзных аварый, звязаных з уцечкай газу, у маёй практыцы пакуль не было. Але здараліся сітуацыі, калі даводзілася імгненна рэагаваць, каб не дапусціць трагедыі.

Часлаў Яўгеньевіч мае найвышэйшы, 5-ты, кваліфікацыйны разрад. Свае веды рэгулярна абнаўляе на курсах у Дзяржаўным інстытуце павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў у галіне газазабеспячэння “Газінстытут”, дзе праходзіў першаснае навучанне. Кіраўніцтва прадпрыемства характарызуе яго выключна са станоўчага боку: добрасумленны, адказны, працавіты, дасканала ведае сваю справу, ніколі не меў ніякіх нараканняў. Наадварот, не раз адзначаўся граматамі і Падзякамі райвыканкама, раённага вытворчага ўпраўлення і абласнога прадпрыемства газавай гаспадаркі. Словам, адзін з лепшых работнікаў. Нездарма менавіта яго рэкамендавалі да прысваення звання “Чалавек года газавай гаспадаркі Віцебшчыны”.

Алена ШАПАВАЛАВА.

Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.